Выйшаў альбом пра БНР-100.
У выдавецтве «Інбелкульт» выйшаў альбом «БНР-100. Сьвяткаваньне 100-гадовага юбілею ў Беларусі і ў замежжы», перадае «Радыё Свабода».
У альбоме адлюстравана сьвяткаваньне 100-годзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, якое адбывалася леташняй вясной у Беларусі, Канадзе, ЗША, Чэхіі, Польшчы, Літве, Украіне, Расеі, Швэйцарыі, Бэльгіі, Ізраілю, Латвіі, Нігерыі.
«25 сакавіка 2018 у гонар 100-годзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі Бел-Чырвона-Белы сьцяг лунаў над Эльбрусам і пад воблакамі ў Нью-Джэрзі, яго разгортвалі на старажытным мосьце ў Празе і ля хмарачосаў Нью-Ёрку, — гаворыцца ў прадмове выданьня. — У дзясятках краінах сьвету прадстаўнікі беларускай дыяспары ўшаноўвалі памяць заснавальнікаў БНР сьвяточнымі імпрэзамі — з удзелам мясцовых мэраў ды дэпутатаў парлямэнтаў.
Але галоўныя падзеі адбываліся на Бацькаўшчыне: тысячы людзей выйшлі на вуліцы Менску ды іншых гарадоў, каб ня толькі аддаць даніну павагі героям нацыянальнай гісторыі, але і заявіць пра сваю рашучасьць абараніць нацыянальную будучыню, абараніць Незалежнасьць.
... У дэмакратычнай краіне падобнае выданьне мела б спрыяньне ўладных структураў, — гаворыцца ў прадмове, —- бо абраная народам улада дбае пра сапраўдную гісторыю свайго народа, пра зьберажэньне нацыянальнай памяці. У сёньняшняй Беларусі — іншая ўлада, і таму рэпартаж пра шматтысячнае сьвяткаваньне 100-й гадавіны незалежнасьці БНР у Менску па дзяржаўным тэлебачаньні заняў толькі 29 сэкундаў.
Але Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі ды тысячы прыхільнікаў Незалежнасьці на вуліцах сталіцы ды іншых гарадоў Бацькаўшчыны даюць спадзеў, што калі — небудзь улада ў Беларусі будзе вартая свайго народа».
У выданьні падаюцца тэксты некаторых публікацый Радыё Свабода і Радыё Рацыя, газэты «Беларус» (Нью-Ёрк), выступы на ўрачыстасьцях, прымеркаваных да юбілею, а таксама стэнаграма мітынгу, які адбыўся ля Опэрага тэатру ў Менску ў сакавіку 2018 і сабраў дзясяткі тысяч удзельнікаў.
Выданьне зробленае пры падтрымцы Рады БНР, а таксама Фундацыі культуры і адукацыі Орса-Рамана (Нью-Ёрк) і Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага (Нью-Ёрк), з дапамогай МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»).