Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

На малой радзіме Алеся Адамовіча ўсталявалі першы ў Беларусі помнік клясыку

09.11.2019 культура
На малой радзіме Алеся Адамовіча ўсталявалі першы ў Беларусі помнік клясыку

Грошы на яго ахвяравала грамадзкасьць.

Бюст Алеся Адамовіча (1927–1994) паставілі ля глушанскага Дому культуры на вуліцы Кастрычніцкай, якую ў 1996 годзе пасялковы савет і мясцовыя жыхары хацелі перайменаваць у вуліцу Алеся Адамовіча. Улады тады ініцыятыву не ўхвалілі, перадае «Радыё Свабода».

Праз 22 гады паставіць бюст пісьменьніка пагадзіліся, але грошы на яго ахвяравала грамадзкасьць. Выраб і ўстаноўка абышліся ў 6,5 тысяч даляраў, якія былі сабраныя ў 2018 і 2019 гадах. Аўтары бюста скульптары Гэнік Лойка і Яўген Білей. Ініцыяваў зьбіраньне грошай жыхар Бабруйску Андрусь Архіпенка.

Дачка Алеся Адамовіча: У зьяўленьні бюста таты заслуга моладзі

9 лістапада ў Глушу, якая за 20 кілямэтраў ад Бабруйску, на адкрыцьцё першага ў Беларусі помніка аўтару несавецкай «Вайны пад стрэхамі» сабралася землякі Адамовіча, грамадзкія актывісты з Бабруйску, Магілёва, Менску, а таксама кіраўнікі Бабруйскага райвыканкаму. На ўрачыстасьці была і дачка пісьменьніка Натальля Адамовіч.

Натальльля Аляксандраўна ля бюста расплакалася. У інтэрвію прызналася, што ня верыла ў ажыцьцяўленьне праекту.

Фото: «Радыё Свабода»

«Гэта заслуга моладзі, якая сабрала грошы і дамаглася ўсталяваньня помніка, — кажа дачка пісьменьніка. — Я дапамагала парадамі і фотаздымкамі. Я рада, што ёсьць у нас такая моладзь. Можа зь ёй і да адкрыцьця музэю дойдзем. Сёлета 25 год як няма майго тады і так выйшла, што ў гэты год зьявіўся ў ягонай роднай Глушы ягоны бюст».

Андрусь Архіпенка: усталяваньне бюста Алеся Адамовіча паспрыяе росту цікавасьці да ягонай творчасьці

Увекавечыць памяць пра Алеся Адамовіча ўсталяваньнем яго бюста жыхар Бабруйску Андрусь Архіпенка загарэўся два гады таму. Ён задаволены вынікамі працы сваёй ініцыятыўнай групы. Андрусь адзначае, што ажыцьцявіць задуманае без падтрымкі Глушанскага сельскага савету не ўдалося б.

Паводле яго, нягледзячы на аднолькавыя працэдуры ўзгадненьня, паставіць помнік у горадзе было б складаней, паколькі ў ім існуюць грамадзкія групы, да якіх улада ставіцца насьцярожана.

Фото: «Радыё Свабода»

Андрусь спадзяецца, што са зьяўленьнем помніка цікавасьць да творчасьці Алеся Адамовіча ўзрасьце, а Глуша стане прыцягальнай для турыстаў.

«Я заўважыў такую тэндэнцыю, — кажа Андрусь, — што цяперашняе пакаленьне мала ведае пра Алеся Адамовіча. А калі няма грамадзкага запыту і інтарэсу, то ўлада ня будзе асабліва напружвацца, каб зьмяніць сытуацыю».

Лявон Баршчэўскі: помнікі сапраўдным беларускім героям рана, ці позна — зьявяцца

Прыехаў у Глушу перакладчык і грамадзкі дзеяч Лявон Баршчэўскі. Ён кажа, што ўсталяваньне бюста Адамовіча важная падзея для беларускай культуры, бо помнікам нацыянальным дзеячам не хапае.

Фото: «Радыё Свабода»

«Васілю Быкаву, акрамя, як каменя на могілках помнікаў няма наагул, — нагадвае Лявон Баршчэўскі. — Помнікі нашым сапраўдным героям, апосталам нацыі рана, ці позна — зьявяцца. Яны будуць больш дасканалыя, паколькі цяпер магчымасьці ўшанаваньня іншыя, чым былі калісьці».

Фото: «Радыё Свабода»

Першапачаткова яго меркавалі паставіць ля будынка старой аптэкі, якая на той жа вуліцы, што і Дом культуры. Там зьбіраліся разьмясьціць музэй пісьменьніка.

Пытаньне пра стварэньне музэю застаецца актуальным, але на дабрачынным рахунку, адкрытым у 2016 годзе, сабрана замала грошай, каб адрамантаваць аварыйны будынак. Паводле чыноўніцы, цяпер прапрацоўваецца варыянт разьмяшчэньня ў Доме культуры экспазыцыі пра жыцьцё і творчасьць Алеся Адамовіча.

Фото: «Радыё Свабода»

Колькі на рахунку грошы высьветліць не ўдалося. У 2018 годзе гаварылася пра 5950 даляраў.

Зь іх 5 тысяч ахвяравала Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч. Гэта была дзясятая частка патрэбных на рамонт сродкаў.

Як ушанаваць памяць Алеся Адамовіча

Фото: «Радыё Свабода»

— Вуліцы названыя ў яго гонар ёсьць ў Стаўбцы, Барысаве, Івацэвічах, а таксама ў мястэчку Калодзішчы;

— Носіць ягонае імя і вуліца ў Глушы. Вядзе яна да мясцовай школы. Цэнтральная ж вуліца з ажыўленай шашою застаецца Кастрычніцкай. У 1996 годзе прапанову пасялковага савету і мясцовых жыхароў аб перайменаваньні яе ў вуліцы Адамовіча падтрымаў Беларускі ПЭН-цэнтар, якім тады кіраваў Васіль Быкаў, і Беларускі саюз пісьменьнікаў, на чале якога стаяў Уладзімер Някляеў. Мясцовая ўлада ініцыятыву не падтрымала.

Фото: «Радыё Свабода»

—- У Маскве ў завулку Вялікі Кахіхінскі ў 1996 годзе ўсталявалі мэмарыяльную шыльду;

— У 2018 годзе ў Глушы зьявіўся арт-аб’ект «Прыпынак Адамовіча». На прыпынку грамадзкага транспарту намаляваны партрэт пісьменьніка і цытатай з аповесьці «Vixi».

Памёр Алесь Адамовіч 26 студзеня 1994 году ў Маскве. Пахаваны на глушанскіх могілках.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]