У 1948 годзе малады актывiст напісаў на лістках «Змагайцеся за незалежную Беларусь!» ды раскідаў іх з цягніка.
11 лістапада 1928 году на Гарадзеншчыне нарадзіўся Алесь Белакоз, беларускі настаўнік, краязнаўца, музэязнаўца. Белакоз амаль усё жыцьцё пражыў у вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёну, працуючы настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Стварыў унікальны Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-гістарычны музэй, які ўзначальваў болей за 30 гадоў, нагадвае «Радыё Свабода».
Заслужаны настаўнік Беларусі, заслужаны дзяяч культуры, адным зь першых быў ушанаваны мэдалём імя Францішка Скарыны. Ляўрэат прэміі «За свабоду думкі».
У 1948 годзе малады Алесь Белакоз пачаў дысідэнцкую дзейнасць. Ён напісаў на лістках заклік «Змагайцеся за незалежную Беларусь!» ды раскідаў іх з цягніка па дарозе ў Мінск. Пазней ён раздабыў шрыфт і надрукаваў антысавецкія ўлёткі, якія з сябрамі распаўсюджваў у Гродне. Белакоз цудам пазбег арышту.