Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Во даюць дразда!

13.11.2019 политика
Во даюць дразда!

Нам трэба распазнаваць праўду і хлусню.

Галоўныя аўтары беларускіх палітычных, эканамічных, ідэалагічных і сацыяльных фантазій атабарыліся ў Драздах, а таму натуральна, што пасля ўключэння тэлевізара або радыё многія грамадзяне, шакіраваныя пачутым, выгукваюць: «Ну і ну! Нічога сабе! Во даюць дразда!»

Дзеля справядлівасці зазначу, што на хлуслівую прапаганду насельніцтва рэагуе па-рознаму. Частка людзей (у асноўным прадстаўнікі старэйшых пакаленняў і кан’юнктурная, набліжаная да ўлады моладзь) слухае навіны ў афіцыйнай інтэрпрэтацыі і нават прымае іх за ісціну, але палова народнай масы, якая пастаянна карыстаецца інтэрнэтам (паводле сацыялагічных даследаванняў каля 50%), наогул не звяртае ўвагі на выдумкі і падтасоўкі афіцыйнага эфіру, трымаючыся вядомай рускай прымаўкі: «Мели, Емеля, твоя неделя».

Тым не менш, тэлевізары і радыёпрыймачы ў многіх гарадскіх кватэрах і вясковых хатах уключаюцца па інерцыі і надоўга. Гэтыя крыніцы інфармацыі яшчэ застаюцца ўплывовымі для пэўнай аўдыторыі. Няма сумніву ў тым, што цяперашняя грамадская атмасфера ў Беларусі, якая ў значнай меры залежыць ад мясцовых і расійскіх СМІ, больш хлуслівая, чым ранейшая.

Савецкая рытуальнасць (дэмагагічная «барацьба за мір» з высокіх трыбун, ваенныя парады, абавязковыя дэманстрацыі працоўных 1 мая і 7 лістапада з партрэтамі членаў Палітбюро ЦК КПСС над галавой, нудныя перадачы ідэалагічнага кшталту па радыё і тэлебачанні) таксама выклікала ў часткі людзей ванітоўны рэфлекс. Але тады насельніцтва жыло ў інфармацыйным вакууме, мала што ведала як пра вялікі чалавечы свет, так і пра ўласную гісторыю і рэчаіснасць.

Цяпер не ўсё, але многае з невядомага раней адкрылася, даўно агучана і апублікавана, да паслуг насельніцтва маецца шмат альтэрнатыўных крыніц інфармацыі, і таму сёння спіхваць асабістыя прыстасавальніцкія паводзіны ў стаўленні да аўтарытарызму на няведанне сітуацыі — гэта значыць быць закончаным мярзотнікам або проста дэбілам. На жаль, у нашай грамадзе хапае і такіх. Але асноўная маса — гэта абыякавыя людзі, «пафігісты», не гатовыя змагацца за прыстойнае жыццё. Яны належаць да самых розных узроставых катэгорый, шмат іх і сярод моладзі. Таму мы і сядзім у балоце аўтарытарызму.

Кожны дзень жыхароў краіны з галавой захліствае плынь інфармацыі і рэкламы, ад якой мала карысці, абсалютная непатрэбшчына займае шмат месца. Акрамя таго, у сферу прапагандысцкай апрацоўкі грамадзян урываюцца мілітарысцкія матывы. Дайшло да таго, што адзін з нахабных апалагетаў аўтарытарызму і зацяты яго служка, які зноў апантана пнецца ў дэпутаты, кажа: «Белтелерадиокомпания — это завод по производству танков, которые должны стрелять в нужном направлении, должны правильно ездить, должны быть красивыми, интересными, мощными. Но это завод, не оркестр, совершенно другое».

Як працуе драздоўскі «завод» і што выпускае — навідавоку. Тутэйшыя «ўладары дум чалавечых» не вызначаюцца высокай культурай мыслення, пошукамі, якасцю творчасці. Дыктары спрабуюць ажывіць канвеерную, манатонную прадукцыю, але дарэмна. Самі яны карыстаюцца вопытам паўночнакарэйскіх калегаў, патэтычна вяшчаюць пра нашы «выдатныя поспехі» і «велізарны ўплыў» на сусветную палітыку А. Лукашэнкі.

Ды «азіяччына» не праходзіць, усё ж мы жывем, як надта любяць падкрэсліваць прапагандысты, «у цэнтры Еўропы». Людзі, якія стамляюцца ад надакучлівай пахвальбы і хлусні, пераходзяць на іншыя каналы або выключаюць «вяшчацеляў».

Тым не менш прапагандысцкую кухню карысна ведаць, каб не трапляць «на кручок». Складальнікі блокаў навін, як гэта вынікае з «меню», з ранку паціраюць рукі, пытаючыся ў збіральнікаў інфармацыі: «Ну што здарылася на Захадзе?» Без гэтага не абысціся. Спачатку ў навінах ідуць бліскучыя перамогі Беларусі ва ўсіх сферах дзейнасці, а затым абавязкова для супрацьпастаўлення пералічваюцца катастрофы і проста аварыі ў свеце, пераважна ў дэмакратычнай Еўропе і ЗША. Маўляў, бачыце, што там творыцца, а ў нас — «спакойны рай», таму дзякуйце за яго правіцелю і не крытыкуйце, не выступайце супраць. Непрыемныя мясцовыя здарэнні падаюцца нячаста і скрозь зубы. А закрываецца блок спортам, дзе мы зноў амаль заўсёды перамагаем.

Вялікая ўвага надаецца замежным вандроўкам А. Лукашэнкі, якія зведзены да краін са спецыфічнымі рэжымамі. З асаблівай помпай паказваюцца сустрэча ў аэрапорце, ганаровая варта, перамовы, падпісанне дакументаў. Але часта ўсё канчаецца амаль нічым. Самі прапагандысты развенчваюць карысць ад паездак, вымушана прыводзячы мізэрныя лічбы ўзаемнага гандлю.

Сенсацыі ў СМІ высмоктваюцца з пальца. Стараннем «фокуснікаў» пратакольная сустрэча А. Лукашэнкі з нейкім візіцёрам раптам набывае статус падзеі гістарычнага значэння. Неўзабаве «мыльны пухір» лопаецца, але ў людзей, якія глыбока не ўнікаюць у міжнароднае жыццё, застаецца ўражанне ўплывовасці правіцеля.

У далёкага ад палітыкі чалавека, які карыстаецца мясцовымі тэлеканаламі і радыё, можа ўзнікнуць перакананне, што ўсе зямныя шляхі-дарогі сыходзяцца ў Беларусі, што чалавецтву больш няма чаго рабіць, як толькі слухаць фантазіі перыферыйнага дзеяча з Мінска.

У стварэнне нязграбнага «балахона» значнасці А. Лукашэнкі ўносяць «свае латкі» як афіцыйныя прапагандысты з пастаянным клішэ службовага захаплення: «Заголовки публикаций о инициативе нашего президента разошлись по миру», так і некаторыя незалежныя мясцовыя і замежныя журналісты. Але публікацыі, у якіх усхваляюцца «ўдалыя тактычныя і стратэгічныя знешнепалітычныя хады» беларускага правіцеля, можна лічыць проста прымітыўным піярам, бо ў сапраўднасці нічога гэтага няма.

Цяпер ёсць кругавая парука ўсіх аўтакратаў свету і заганная практыка меркантыльных здзелак многіх заходніх палітыкаў з узурпатарамі ўлады, патуранне ў стаўленні да іх злачынных учынкаў.

Што тычыцца дзеянняў А. Лукашэнкі, то яны вызначаюцца бяспрыкладнай усёдазволенасцю, прагматычным, грубым шантажом. Прычым усё скіравана на дасягненне адной мэты — бестэрміновага захавання абсалютнай улады.

Наша рэчаіснасць навеяла радкі:

Здубавецце сваё за залпам залп

Ён пуляе з мінай то злой, то прачуленай.

А нядаўна такую дурноту сказаў,

Што пажарнікі нават прачнуліся.

Праўдзівай перадачай на мясцовым тэлебачанні лічу толькі «Тревожную кнопку». Самі таго не разумеючы і не жадаючы, праўладныя журналісты ў яе сюжэтах высвечваюць усё, як ёсць: недагледжаныя гарадскія кварталы, закінутыя вёскі, зарослыя могілкі, убогі побыт, нізкую мараль людзей, катастрафічны заняпад роднай мовы. Розніца паміж Драздамі або вылізанай «малой радзімай» А. Лукашэнкі і гэтымі гаротнымі і занядбанымі мясцінамі шакіруе.

Я не давяраю афіцыйнай прапагандзе. За ёй стаяць сакрэтнасць, падтасоўкі, а то і адкрыты падман, які цяпер не караецца. Нам трэба распазнаваць праўду і хлусню, ставіцца крытычна да слоў палітыкаў і іхніх рупараў.

А лепш паслухаць на свой густ музычныя фантазіі кампазітараў І. Баха, В. Моцарта, Л. Бетховена, Ф. Шуберта, М. Глінкі, Ф. Шапэна, Р. Шумана, Ф. Ліста, П. Чайкоўскага, А. Скрабіна… Або, скажам, прачытаць таленавітую кнігу пісьменніка-фантаста. Карысці будзе болей!

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]