Малады чалавек зьнік 15 лістапада на беларуска-ўкраінскай мяжы.
«Малады Фронт» паведаміў у Telegram-канале пра зьнікненьне сябра арганізацыі Аляксандра Латышава. Палітык Павал Севярынец напісаў у Facebook, што малады чалавек зьнік 15 лістапада на беларуска-ўкраінскай мяжы, паведамляе svaboda.org.
«Паводле непацьверджанай інфармацыі, яго затрымалі спэцслужбы і прадʼявілі яму абвінавачаньне ў шпіянажы на карысьць Польшчы», — выказаўся палітык.
Дзьмітрый Маракоў, сябра Аляксандра Латышава, сказаў, што апошні раз размаўляў з Аляксандрам у пятніцу, 15 лістапада.
«Ён раней вучыўся ў Польшчы, потым вярнуўся ў Беларусь, каб вырашыць асабістыя праблемы. У верасьні яго выклікалі ў ваенкамат, каб прызваць у войска. Ён ня надта хацеў туды ісьці. 15 лістапада Аляксандар мне паведаміў, што плянуе паехаць ва Ўкраіну, адтуль — у Польшчу. І больш не выходзіць на сувязь», — сказаў Дзьмітрый.
Былы сябра «Маладога фронту» Андрусь Цянюта сьцьвярджае, што Аляксандар Латышаў у верасьні хадзіў па позьве ў ваенкамат, і «там яго чакаў супрацоўнік КДБ».
«Паводле слоў Аляксандра, супрацоўнік КДБ пытаўся ў яго пра вучобу ў Польшчы і пра мяне», — дадаў Андрусь.
У прэсавай службе Міністэрства абароны сьцьвярджаюць, што такога чалавека, Аляксандра Латышава, не адпраўлялі ў войска.
У прэсавай службе Дзяржаўнага памежнага камітэту сказалі, што на беларуска-ўкраінскай мяжы Аляксандра Латышава не затрымлівалі.
У 2014 годзе Аляксандра Латышава адпраўлялі на псыхіятрычную экспэртызу «ў сувязі з удзелам у партыі „Малады Фронт“» — менавіта так было напісана ў накіраваньні ад жлобінскіх лекараў. У Гомельскім абласным псыхіятрычным шпіталі адхіленьняў у яго не знайшлі.