У анлайн-фармаце стаў даступны комікс «Погляд у мінулае», створаны ў падтрымку дабрачыннага праекта Беларускага дзіцячага фонду і кампаніі А1 «Я бачу!».
Зараз пра прыгоды школьніцы Алесі можна прачытаць не толькі ў друкаванай версіі, але і на сайце комікса. Для таго, каб кожны мог бліжэй пазнаёміцца з гераіняй і яе сябрамі, выпушчана спецыяльная серыя сцікераў для месенджэраў Viber і Telegram.
Колькасць папяровых асобнікаў комікса абмежавана, таму арганізатары праекта «Я бачу!» паклапаціліся аб тым, каб усе ахвотныя маглі прачытаць яго ў электроннай версіі. Пакуль выйшла толькі першая частка серыі «Погляду ў мінулае». Другая з’явіцца ў снежні, але ў экслюзіўным сцікерпаку ўжо можна ўбачыць яе герояў.
Гісторыя пачынаецца напрыканцы летніх вакацый на гарышчы невялікага дачнага доміка, дзе Алеся знаходзіць стары дзённік свайго дзядулі-вучоанага і яго акуляры, пасля чаго жыццё дзяўчынкі становіцца падобным да прыгодніцкага дэтэктыву з сакрэтнымі шфрамі і тайнікамі. Яна расказвае пра сваю знаходку сябрам Ільі і Багдану, і яны таксама падключаюцца да раследавання Алесі.
Аўтары «Погляду ў мінулае» – прадстаўнікі творчага аб’яднання «Сучасны комікс» Мікіта Сеннікаў і Вольга Алданава (ілюстрацыі да аповеду стварыла таксама яна). «Сучасны комікс» – адзіная ў нашай краіне суполка, куды ўваходзяць усе беларускія аўтары, якія папулярызуюць комікс-культуру на роднай мове.
Чытачы, якія захочуць стварыць уласныя апавяданні ў малюнках, могуць адправіць іх на электронны адрас [email protected] аўтарам – яны вельмі чакаюць фан-арт работ. Найлепшыя з дасланых работ будуць апублікаваныя на старонках комікса.
Комікс разлічаны на дзіцячую аўдыторыю ад дзесяці гадоў, і яго сюжэт звязаны з тэмай праекта «Я бачу!» – клопатам аб зроку. Захапляльныя прыгоды герояў дапоўнены спецыяльнымі рэбусамі і практыкаваннямі для вачэй. Арганізатары праекта ўпэўнены: усё гэта дапаможа юным чытачам не толькі пранікнуцца сюжэтам, але і карысна правесці час.
Партнёрам выпуску серыі «Погляд у мінулае» выступіла кампанія OZ. У кнігарнях гэтай сеткі ў Мінску (пр-т Пераможцаў, 3) і ў Віцебску (вул. Леніна, 65) яшчэ можна атрымаць друкаваную версію комікса.
Даведка
«Я бачу!» – маштабны дабрачынны праект па дыягностыцы і раннім выяўленні захворванняў органаў зроку ў дзяцей з сельскай мясцовасці ў Беларусі. Ён рэалізуецца Беларускім дзіцячым фондам і кампаніяй А1 пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. З 2016 па 2018 гг. у рамках праекта ўрачы агледзелі 36 800 школьнікаў у Магілёўскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцях. У 2019 г. афтальмолагі працуюць на Віцебшчыне і да канца года плануюць абследаваць дзяцей ва ўсіх сельскіх раёнах вобласці.