Аляксандар Латышаў знаходзiцца ў частцы пад Лепелем.
Сябра «Маладога Фронту» Аляксандар Латышаў, якога шукалі паплечнікі, «знайшоўся» ў войску. «Ён ад сёньня ў нашай частцы, цяпер у карантыне. Учора ён быў адпраўлены з Гомля», — пацьвердзіў svaboda.org дзяжурны 52-га спэцыяльнага пошукавага батальёну, што дысьлякуецца пад Лепелем.
Аляксандар Латышаў — са Жлобінскага раёну. Вучыўся ў Польшчы, потым вярнуўся ў Беларусь.
Трывогу забілі яго сябры і паплечнікі, таму што ён ад 15 лістапада не выходзіў на сувязь.
«15 лістапада Аляксандар мне паведаміў, што плянуе паехаць ва Ўкраіну, адтуль — у Польшчу. І больш не выходзіць на сувязь», — казаў Свабодзе ягоны прыяцель Дзьмітры Маракоў.
Былы сябра «Маладога фронту» Андрусь Цянюта сьцьвярджае, што Аляксандар Латышаў у верасьні хадзіў па позьве ў ваенкамат і «там яго чакаў супрацоўнік КДБ».
«Паводле слоў Аляксандра, супрацоўнік КДБ пытаўся ў яго пра вучобу ў Польшчы і пра мяне», — дадаў Андрусь.
У 2014 годзе Аляксандра Латышава адпраўлялі на псыхіятрычную экспэртызу «ў сувязі з удзелам у партыі „Малады Фронт“» — менавіта так было напісана ў накіраваньні ад жлобінскіх лекараў. У Гомельскім абласным псыхіятрычным шпіталі адхіленьняў у яго не знайшлі.