Памяць у вялікай ступені вызначае будучыню Беларусі.
22-га лістапада шмат беларусаў прыедзе ў Вільню на пахаванне ўдзельнікаў паўстання 1863-64 гадоў. Будзе пахаваны, сярод іншых – Кастусь Каліноўскі. Ён – цэнтральная фігура для многіх пакаленняў беларусаў, сімвал змагара за нацыянальную ідэю. Цяпер з’явіцца чарговае месца нацыянальнай памяці ў Вільні.
Госць “Радыё Рацыі” – прафесар Алесь Смалянчук, доктар гістарычных навук, сябра камісіі па ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863-1864 гадоў, які меў дачыненне да адстойвання беларускіх інтарэсаў у справе пахавання паўстанцаў на могілках Роса.
- Ці было вядома раней дакладнае месца пахавання паўстанцаў, ці яно стала адкрыццём для гісторыкаў падчас абрынання гары Гедыміна?
- У вялікай ступені стала адкрыццём, хоць шмат што ўказвала на тое, што пахаваны яны там. Па-першае, увесь міжваенны час там стаяў Крыж памяці паўстанцаў з імёнамі пакараных смерцю ў Вільні, у тым ліку там было імя Кастуся Каліноўскага. Апроч таго, калі я сам займаўся пошукамі магілы ў 2010-2012 гадах, то знайшоў вельмі цікавую інфармацыю ў газеце «Dziennik Wileński», якая выдавалася ў часы нямецкай акупацыі яшчэ падчас І Сусветнай вайны. У лютым 1916 года мясцовыя краязнаўцы раскапалі магілу аднаго з паўстанцаў на Замкавай гары. І судзячы па тым, што яны знайшлі, вельмі падобна, што гэта быў ксёндз. Мы ведаем, што былі пакараныя два ксяндзы. Там паставілі крыж. А парэшткі перадалі на захаванне ў касцёл Святога Міхала. Немцы выкінулі крыж і пасадзілі іх у турму на некалькі месяцаў, бо ўсё рабілася без дазволу акупацыйнай улады. Але гэтая знаходка ўжо паказвала, дзе можна шукаць сляды пакараных смерцю паўстанцаў.
- Да гэтай пары няма адназначнага разумення неабходнасці спачыну паўстанцаў Каліноўскага на могілках Росы.
- Дыскусія была даволі бурнай сярод беларускай грамадскасці. Але яна не мела вялікага сэнсу ў плане лёсу парэшткаў паўстанцаў. Бо літоўская дзяржаўная камісія магла б сур’ёзна разглядаць гэтае пытанне, калі б да яе звярнулася нейкая беларуская дзяржаўная камісія. Беларускі ўрад не праявіў ніякай цікавасці. Хоць некалькі разоў я чытаў розныя афіцыйныя заявы, што яны прымалі ўдзел, што “трымалі руку на пульсе”. У размове з прадстаўнікамі літоўскай дзяржаўнай камісіі, віцэ-канцлерам Літвы Дэвідасам Матулёнісам выходзіла тое, што на ўсе звароты літоўскай камісіі да ўрада Беларусі, да пасольства Беларусі ў Літве, беларускі бок адказваў маўчаннем.
- Якое значэнне для найноўшай гісторыі Беларусі мае асоба Кастуся Каліноўскага? Апошнія 20 гадоў у Свіслачы адбываецца Фэст памяці паўстанцаў 1863-1864 гадоў. Некаторая частка беларускага грамадства імкнецца яго папулярызаваць. Якое значэнне будзе мець з’яўленне чарговага месца пахавання для беларускай супольнасці?
- Значэнне велізарнае, таму што беларуская гісторыя апошніх стагоддзяў такая, што мы практычна не маем магіл вялікіх, важных для Беларусі асобаў. Таму магіла Каліноўскага ў Вільні – гэта будзе нешта фантастычна важнае для беларускай гістарычнай памяці. Гэтая магіла яшчэ раз будзе нагадваць пра тое велізарнае значэнне Вільні для нашай беларускай гісторыі. Каліноўскі па трапным вызначэнні Сяргея Дубаўца – беларускі нацыянальны герой №1. Беларускі нацыянальны міф Каліноўскага вельмі важны для сённяшняй Беларусі. Можа часам ён вельмі далёкі ад таго рэальнага Каліноўскага, які жыў і памёр у 19 стагоддзі, але ён вельмі важны. Нагадаю, што падчас спробы беларускага Майдану на пачатку 2006 году, моладзь, якая пратэставала, перайменавала Кастрычніцкую плошчу ў Менску ў плошчу Каліноўскага. І гэта быў момант, які з аднаго боку паказаў важнасць Каліноўскага для сучаснай беларускай і памяці, і свядомасці, а з іншага – проста выклікаў шквал абурэння з іншага боку. Таму што менавіта пасля гэтага пачынаецца спроба “развянчання” Каліноўскага як героя. Спроба, да якой актыўна спрычыніліся сучасныя “заходнія русы” ў Беларусі, Аляксандар Гронскі ды іншыя, дэпутат парламента і гісторык Ігар Марзалюк і Аляксандар Каваленя і іншыя. Фактычна сітуацыя з Каліноўскім – гэта яскравы прыклад баёў за гісторыю, за памяць. Мы ведаем, што памяць – гэта тое, што ў вялікай ступені вызначае будучыню Беларусі. І тут Каліноўскі вельмі важны для нас.
- І тут відавочна ідзе супрацьстаянне паміж вектарамі – куды ісці Беларусі?
- Безумоўна. Мы разумеем, 19 стагоддзе, усё вельмі няпроста, бо гэтае паўстанне часам нагадвала грамадзянскую вайну ў Беларусі. Гэта ўсё ж такі заклік да роўнасці, вольнасці, справядлівасці. Гэта дэмакратычны вектар развіцця Беларусі і еўрапейскі вектар развіцця Беларусі. А тыя, хто спрабуе яго “развянчаць” – гэты тыя, хто цягне нас фактычна назад, у мураўёўшчыну, у расейшчыну.
Я хачу падзякаваць усім тым, хто спрычыніўся да арганізацыі гэтых беларускіх дзён, ураду Літвы, які зразумеў беларускія патрэбы і знайшоў магчымасць пайсці насустрач беларусам, бо тое ж пытанне з беларускай мовай на могілках было даволі няпростым. І літоўцы прынялі нашыя прапановы. Я заклікаю і прапаную беларусам прыняць самы актыўны ўдзел у тых мерапрыемствах, якія адбудуцца ў гэтыя дні ў Вільні. Трэба годна развітацца з Каліноўскім. І яшчэ раз нагадаць нам, што мы – народ, што мы – нацыя.