Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Алесь Смалянчук: Каліноўскі — гэта дэмакратычны і еўрапейскі вектар развіцця Беларусі

22.11.2019 общество
Алесь Смалянчук: Каліноўскі — гэта дэмакратычны і еўрапейскі вектар развіцця Беларусі

Памяць пра героя ў вялікай ступені вызначае будучыню нашай краіны.

22-га лістапада шмат беларусаў прыедзе ў Вільню на пахаванне ўдзельнікаў паўстання 1863-64 гадоў. Будзе пахаваны, сярод іншых – Кастусь Каліноўскі. Ён – цэнтральная фігура для многіх пакаленняў беларусаў, сімвал змагара за нацыянальную ідэю. Цяпер з’явіцца чарговае месца нацыянальнай памяці ў Вільні.

Госць «Радыё Рацыя» – прафесар Алесь Смалянчук, доктар гістарычных навук, сябра камісіі па ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863-1864 гадоў, які меў дачыненне да адстойвання беларускіх інтарэсаў у справе пахавання паўстанцаў на могілках Росы.

- Ці было вядома раней дакладнае месца пахавання паўстанцаў, ці яно стала адкрыццём для гісторыкаў падчас абрынання гары Гедыміна?

- У вялікай ступені стала адкрыццём, хоць шмат што ўказвала на тое, што пахаваны яны там. Па-першае, увесь міжваенны час там стаяў Крыж памяці паўстанцаў з імёнамі пакараных смерцю ў Вільні, у тым ліку там было імя Кастуся Каліноўскага. Апроч таго, калі я сам займаўся пошукамі магілы ў 2010-2012 гадах, то знайшоў вельмі цікавую інфармацыю ў газеце «Dziennik Wileński», якая выдавалася ў часы нямецкай акупацыі яшчэ падчас І Сусветнай вайны.

У лютым 1916 года мясцовыя краязнаўцы раскапалі магілу аднаго з паўстанцаў на Замкавай гары. І судзячы па тым, што яны знайшлі, вельмі падобна, што гэта быў ксёндз. Мы ведаем, што былі пакараныя два ксяндзы. Там паставілі крыж. А парэшткі перадалі на захаванне ў касцёл Святога Міхала.

Немцы выкінулі крыж і пасадзілі іх у турму на некалькі месяцаў, бо ўсё рабілася без дазволу акупацыйнай улады. Але гэтая знаходка ўжо паказвала, дзе можна шукаць сляды пакараных смерцю паўстанцаў.

- Якое значэнне для найноўшай гісторыі Беларусі мае асоба Кастуся Каліноўскага? Апошнія 20 гадоў у Свіслачы адбываецца Фэст памяці паўстанцаў 1863-1864 гадоў. Некаторая частка беларускага грамадства імкнецца яго папулярызаваць. Якое значэнне будзе мець з’яўленне чарговага месца пахавання для беларускай супольнасці?

- Значэнне велізарнае, таму што беларуская гісторыя апошніх стагоддзяў такая, што мы практычна не маем магіл вялікіх, важных для Беларусі асобаў. Таму магіла Каліноўскага ў Вільні – гэта будзе нешта фантастычна важнае для беларускай гістарычнай памяці.

Гэтая магіла яшчэ раз будзе нагадваць пра тое велізарнае значэнне Вільні для нашай беларускай гісторыі. Каліноўскі па трапным вызначэнні Сяргея Дубаўца – беларускі нацыянальны герой №1. Беларускі нацыянальны міф Каліноўскага вельмі важны для сённяшняй Беларусі. Можа часам ён вельмі далёкі ад таго рэальнага Каліноўскага, які жыў і памёр у 19 стагоддзі, але ён вельмі важны.

Нагадаю, што падчас спробы беларускага Майдану на пачатку 2006 году, моладзь, якая пратэставала, перайменавала Кастрычніцкую плошчу ў Менску ў плошчу Каліноўскага. І гэта быў момант, які з аднаго боку паказаў важнасць Каліноўскага для сучаснай беларускай і памяці, і свядомасці, а з іншага – проста выклікаў шквал абурэння з іншага боку.

Таму што менавіта пасля гэтага пачынаецца спроба «развянчання» Каліноўскага як героя. Спроба, да якой актыўна спрычыніліся сучасныя «заходнія русы» ў Беларусі Аляксандар Гронскі ды іншыя, дэпутат парламента і гісторык Ігар Марзалюк і Аляксандар Каваленя і іншыя. Фактычна сітуацыя з Каліноўскім – гэта яскравы прыклад баёў за гісторыю, за памяць. Мы ведаем, што памяць – гэта тое, што ў вялікай ступені вызначае будучыню Беларусі. І тут Каліноўскі вельмі важны для нас.

- І тут відавочна ідзе супрацьстаянне паміж вектарамі – куды ісці Беларусі?

- Безумоўна. Мы разумеем, 19 стагоддзе, усё вельмі няпроста, бо гэтае паўстанне часам нагадвала грамадзянскую вайну ў Беларусі. Гэта ўсё ж такі заклік да роўнасці, вольнасці, справядлівасці. Гэта дэмакратычны вектар развіцця Беларусі і еўрапейскі вектар развіцця Беларусі. А тыя, хто спрабуе яго «развянчаць» – гэты тыя, хто цягне нас фактычна назад, у мураўёўшчыну, у расейшчыну.

Я хачу падзякаваць усім тым, хто спрычыніўся да арганізацыі гэтых беларускіх дзён, ураду Літвы, які зразумеў беларускія патрэбы і знайшоў магчымасць пайсці насустрач беларусам, бо тое ж пытанне з беларускай мовай на могілках было даволі няпростым. І літоўцы прынялі нашыя прапановы. Я заклікаю і прапаную беларусам прыняць самы актыўны ўдзел у тых мерапрыемствах, якія адбудуцца ў гэтыя дні ў Вільні. Трэба годна развітацца з Каліноўскім. І яшчэ раз нагадаць нам, што мы – народ, што мы – нацыя.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]