Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Мужыцкая праўда» як шлях да свабоды

22.11.2019 общество
«Мужыцкая праўда» як шлях да свабоды

Анатомія рэвалюцыйнага выдання.

У студзені 1862 года на Гродзеншчыне ўбачыў свет першы нумар нелегальнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай газеты на беларускай мове. Яе аўтары ўпершыню ў гісторыі заклікалі беларусаў задумацца над сваім лёсам і змагацца за лепшую будучыню.



Анатомія рэвалюцыйнага выдання

У 1862 годзе быў створаны Літоўскі правінцыйны камітэт, у задачу якога ўвайшла падрыхтоўка паўстання на землях былога Вялікага княства Літоўскага. Як вядома, паміж кіраўнікамі ўзброенага выступлення было шмат рознагалоссяў. Але перш за ўсё, трэба было вырашыць, на каго абапірацца паўстанцам: ці толькі на адукаваную і “свядомую” шляхту, ці таксама і на сялян.

Неадукаваны, напалоханы сялянскі люд. Да апошняй катэгорыі насельніцтва зямель гістарычнай Літвы і была накіраваная “Мужыцкая праўда”.

Рэдактарамі газеты былі Кастусь Каліноўскі, Валер Урублеўскі, Фелікс Ражанскі, Станіслаў Сангін. За перыяд са студзеня 1862 года па чэрвень 1863 года выйшла семь нумароў выдання. Гэта былі звычайныя невялікія аркушы паперы, якія хутчэй нагадвалі ўлёткі. Такімі былі ўмовы стварэння тагачаснай беларускай партызанскай перыёдыкі. Кожны нумар утрымліваў тэкст, напісаны ў форме дыскусіі. Аўтар, быццам бы размаўляў з беларускімі сялянамі, дыскутаваў з імі і спрабаваў данесці ідэю аб неабходнасці змагацца за свае правы (эканамічныя і палітычныя), рэлігію, будучыню. Артыкул у газеце быў падпісаны псеўданімам “Яська-гаспадар з-пад Вільні”. Дзе друкавалася гэтае выданне, да сёння дакладна не вядома. Даследчыкі лічаць, што гэта магло адбывацца ў Вялікай Бераставіцы, ці Саколцы.

За землю, за волю

Варта разумець, што сітуацыя, у якой адбывалася паўстанне на Беларусі, была вельмі не простай. Жыхары беларускіх губерняў Паўночна-Заходняга краю імперыі Раманавых у сваёй большасці ўжо не мелі гістарычнага ўсведамлення аб Рэчы Паспалітай двух народаў і аб Вялікім княстве Літоўскім. На гэта, у тым ліку, паўплывала, ліквідацыя ўніяцтва ў 1839 годзе і забарона ў 1840 годзе дзеяння Статуту ВКЛ 1588 года. Маладым беларускім паўстанцам трэба было знайсці агульную мову з напужаным і недавяраючым нікому беларускім сялянствам. Таму “Яська” прапануе свайму “суразмоўцу” паразважаць пра галоўныя для яго тэмы — зямлю і волю.

Паўстанцы спрабавалі растлумачыць, што зямля спрадвеку належала мясцовым жыхарам, але яе гвалтам захапілі паны і царская адміністрацыя.

“Калі француз пад Севастопалем пабіў маскаля, то загадаў, каб маскаль не меў сілы і грошай, не браў рэкрутаў, вялікіх падаткаў і даў народу свабоду. Маскаль пагадзіўся на гэта, бо думаў, што народ дурны і дасць сябе ашукаць! Сёння мы ўсе ўжо ведаем, што чалавек вольны, гэта калі мае кусок сваёй зямлі, за якую ані чыншу і аброку не плаціць, ані паншчыны не служыць. Плаціць малыя падаткі, і то не на царскія стайні, псярні і курвы, а на патрэбу цэлага народу. Калі не ідзе ў рэкруты чорт ведае куды, а ідзе бараніць свой край тады толькі, калі які непрыяцель прыйдзе на яго зямлю. Калі робіць тое, што не крыўдзіць бліжняга і хвалы божай, калі вызнае тую веру, якую вызнавалі яго бацькі, дзяды, прадзеды. Вось, што значыць свабода. Сёння маскоўскі ўрад нас не ашукае, бо мы цяпер не такія дурныя, як былі раней, і ведаем, што нам не маніфестаў царскіх, а вольнасці трэба”, — пісалі аўтары выдання ў трэцім нумары “Мужыцкай праўды”.

Мова выдання была простая і зразумелая жыхарам беларускага краю. Яна ўтрымівала асаблівасці тагачаснай гродзенскай гаворкі.

За веру літоўскую

Другі вельмі важны пасыл “Мужыцкай праўды” быў звязаны з рэлігійнымі пытаннямі.

“Калі Бог, стварыўшы чалавека, даў яму душу, то не на тое, каб ён жыў, як сабака, на гэтым, а на тым свеце прападаў на век вякоў у муках адскіх, а для таго, дзецюкі, каб знаў закон Божы, знаў свайго Бога, знаў сваю веру і заслужыў на шчасце нябеснае. Калі сын Божы, прыйшоўшы на гэты свет, устанавіў праўдзівую веру і за гэту веру цярпеў крыжовыя мукі, то не для таго, каб нейкія там цары маскоўскія, байстручага роду, перамянялі закон Божы, а мы, на прыказ гэтых цароў, адракліся веры сваіх дзядоў і прадзедаў і не хвалілі Бога, а радню царскую, но для таго, дзецюкі, Бог цярпеў за нас, каб закон яго быў вечны, ніхто не смеў яго змяняць, а мы яго трымаліся.

Ці гэтак, дзецюкі, робіцца ў нас, як сам Бог загадвае, ці трымаемся мы закону божага? Самі скажыце. Не адзін ужо, можа, забыўся, што бацька яго быў яшчэ справядлівай уніяцкай веры і ніколі ўжо не ўзгадае на тое, што перавярнулі яго на схізму, на праваслаўе, што ён сёння, як той сабака, жыве без веры. О, дзецюкі, ліха такому чалавеку! А калі мы будзем гэтак рабіць з Богам, так што ж Бог з намі зробіць? Аддасць у пекла на вечныя мукі. Пазнаеш тады сваё ліха.

Цяпер пытаю вас, дзецюкі, — хто ж нам гэта ліха нарабіў і што зрабіць трэба, каб мы былі шчаслівыя і на гэтам, і на тым свеце? Нарабіў нам гэтага ліха, дзецюкі, цар маскоўскі, ён, перакупіўшы многа папоў, вялеў нас у схізму запісаць, ён плаціў грошы, каб толькі пераходзілі на праваслаўе, і адабраў ад нас нашу справядлівую ўніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам навекі; а зрабіў гэта для таго, каб мог нас без канца драці, а Бог справядлівы не меў злітавання над намі”, — адзначалася ў шостым нумары выдання.

І Каліноўскі, і іншыя рэдактары “Мужыцкай праўды” разумелі, што рэлігія адыгрывае галоўную ролю ў жыцці беларускага сялянства. Уніяцтва было насычанае духам талерантасці, сацыяльнай згоды і нацыянальнай кансалідацыі. І гэтага, як раз і не хапала тагачасным беларусам. Пры гэтым, на жаль, кіраўнікі паўстання на тэрыторыі гістарычнай Літвы не бралі пад ўвагу, што рускае праваслаўе ўжо моцна ўкаранілася на гэтых тэрыторыях. Таму вярнуць памяць пра вуніяцтва аднымі словамі было цяжка.

Народная дэмакратыя ўзору 1863 года

Аднак галоўны тэзіс “Мужыцкай праўды” ўтрымліваецца ў адной фразе: “Не народ для ўрада, а ўрад для народа”. Па сутнасці Каліноўскі і яго паплечнікі вельмі простай мовай акрэслілі галоўную ідэю дэмакратыі.

Аналізуючы гэты тэзіс “Яська” “разбірае” рэчаіснасць жыцця ў Паўночна-Заходнім краі. Ён кажа пра царскія суды, якія працуюць як рэпрэсіўны орган, пра школы, якія “вучаць па-маскоўску”. І самае галоўнае, жыхар гістарычнай Літвы не мае ніякай гарантыі ў штодзённым жыцці. Яго можа пакрыўдзіць кожны: і пан, і чыноўнік, і войска. Аўтар выдання спрабуе прымусіць беларускіх сялян зразумець карані іх жыццёвых праблем. Пры гэтым ён падкрэслівае, што ў Беларусі ёсць шмат людзей, якія маюць здольнасці быць чыноўнікамі і працаваць для народа. “Урад – гэта тое ж, што і чалавек. І як чалавек мае галаву на тое, каб думаў, а рукі і ногі, каб зрабіў так, як задумаў, так і ўрад мае цара, каб той кіраваў, а чыноўнікаў па ўсіх гарадах і мястэчках, каб рабілі, як цар пажадае. Як галава ў чалавека калі задумае кепскае, то ногі і рукі кепскае зробяць, так і ў урадзе, калі цар глупства захоча, то чыноўнікі глупства наробяць. А з гэтага то і відаць, што здзерства, якое ў нас адбываецца, то не для таго робіцца, што ў нашым краю няма людзей, здатных на чыноўнікаў, гатовых і жыццё сваё пакласці для народу, а для таго, што цар гэтакіх людзей у Сыбір высылае, а за нашыя грошы назначае чыноўнікамі гэтых, што адно самі людзей глумяць, і другім глуміць дазваляюць і Бога не баяцца. Такі чыноўнік не давядзе ўжо да розуму — ён, калі і няма прыказу цара, то сам выдумае спосаб, як абадраць бедны народ. І дзе ж тут шукаць праўду?”, — падкрэслівалася ў чацьвёртым нумары “Мужыцкай праўды”.

Цікавым момантам было тое, што ў выданні не выкарыстоўваюцца словы “рускі”, “расійскі”. Пры гэтым актыўна выкарыстоўваюцца паняцці “маскаль” і “маскоўскі”. Такія этнонімы часта выкарыстоўваліся тагачаснымі беларусамі ў характарыстыцы ўсходняга суседа. Гэтай лексікай карысталіся і аўтары паўстанцкай газеты.

Ідэі, выказаныя аўтарамі ўзгаданага выдання, безумоўна, аказалі свой ўплыў на мабілізацыю сялянства на барацьбу з царскім самаўладзем на Беларусі падчас Паўстання 1863–1864 гадоў.

Кастусь Каліноўскі і яго паплечнікі імкнуліся кансалідаваць нашчадкаў ліцьвінаў на барацьбу за іх зямлю і волю, аднак, тады, у другой палове ХІХ стагоддзя, не ўсе з ідэй, выказаных беларускімі патрыётамі, былі да канца ўспрыняты жыхарамі беларускіх губерняў Расійскай імперыі.

Ужо ў ХХ стагоддзі ідэі Кастуся Каліноўскага шмат у чым будуць выкарыстаныя падчас стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. Сучасным беларусам варта ўважліва аналізаваць думкі, выказаныя беларускімі патрыётамі ў 1860-х гадах. Шмат з тых тэзісаў, на жаль, не згубілі актуальнасці.

Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук для baj.by

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]