Чаму не адпускаюць Вільня і Каліноўскі?
Пахаванне ў Вільні не адпускае… Тое, што людзі за апошнія грошы набывалі квіткі, атрымлівалі візу, каб прыехаць за мяжу на цырымонію пахавання нацыянальных герояў, сведчыць аб тым, што мы не тыя, за каго нас часцяком прымаюць за мяжой. Так. Мы ездзім за мяжу, каб купіць там танныя тавары, ці проста падыхаць паветрам вольнай краіны, бо мы ж пазбаўленыя ўсяго гэтага ў сябе. Але, калі спатрэбілася, то мы здолелі зрабіць выключна прынцыповы ўчынак. 22 лістапада ня толькі літоўскія абывацелі, але мы самі паглядзелі на сябе іншымі вачыма.
Мы ехалі аўтобусамі, цягнікамі, ляцелі самалётамі, каб потым пайсці са сваімі сцягамі за трунамі нашых паўстанцаў. Мы ішлі, радаваліся, што нас багата, што яшчэ жывыя, і плакалі.
Аб чым плакалі беларусы ў Вільні? Можа аб тым, што нашых продкаў, якія спрабавалі здабыць нам свабоду, бязлітасна забівалі, везлі ў Сібір, адбіралі маёмасць, гісторыю, памяць... Можа, аб тым, што нічога па-сутнасці не змянілася дагэтуль... З чым можна параўнаць адчуванне народа, які жыве пад акупацыяй? Напэўна, так адчувае сябе жанчына, у якой муж гвалтаўнік, а яна мусіць рабіць выгляд, што ўсё добра і яна шчаслівая. Паскардзіцца няма каму, бо бацькоў няма, а суседзі бачаць мужа, які робіць выгляд, што ён добрасумленны сем’янін. Ды й суседзям спакайней не ўмешвацца, абы ціха было. Жанчына, канешне, можа цярпець і нарэшце сказаць: «Забі мяне ці адпусці». І будзе разумець, што хутчэй за ўсё ён яе заб’е.
Аб чым мы плакалі? Можа яшчэ й аб тым, што сотні тысяч з нас не змаглі рэалізавацца ў сваім жыцці, а гэта інжынеры, архітэктары, навукоўцы, настаўнікі... усіх і не пералічыць. З’яжджаюць за мяжу нашы суайчыннікі, бо страцілі веру жыць годна на Радзіме. Можа мы плакали таму, што нават сваіх герояў годна пахаваць можам толькі за мяжой. Дзякуй за гэта літоўцам і палякам. Але чаму не адпускае Вільня? Можа яшчэ й таму, што народ наблізіўся да мяжы: або забі, або сыдзі.
Пакуль жа вяртаемся з Вільні з чырвонымі ад слёз вачыма і шчаслівымі тварамі, бо з'явілася нарэшце слабая надзея. Разумеем, што будзе цяжка, але, калі нас не адзінкі, то не так і страшна.
Любоў Лунёва, «Фэйсбук»