26 лістапада — дзень народзінаў славутага пісьменьніка.
Для нас ён значны настолькі ж, наколькі знакавыя для Вялікабрытаніі — Вальтэр Скот, або для Польшчы — Генрык Сянкевіч.
Яго, адкрывальніка ў нашай літаратуры гістарычна-дэтэктыўнага жанру, неверагодна цікава чытаць. Пра гэта Ўладзімер Сымонавіч выдатна ведаў і сам; ён любіў казаць: «...Пісаць трэба так, каб вашы кнігі зь бібліятэк кралі. Мае крадуць», — дадаваў ён праз паўзу.
Сёньня герой 20 незвычайных фактаў на «Радыё Свабода» — Уладзімер Караткевіч.
1. З асаблівым натхненьнем працаваў падчас савецкіх сьвятаў і парадаў
У лісьце да сваёй маскоўскай перакладчыцы Валянціны Шчадрыной пісаў: «...Правда и то, что никогда мне так хорошо не работается — загадочная, сакральная белорусская душа! — как тогда, когда звучат марши, люди махают транспарантами и т.д.»
2. Ларыса Геніюш не магла дараваць Караткевічу ягонай любові да Бахуса
«...ён мяне баіцца... і крыху слухаецца... Ня ведаю, якім і чыім розумам ён цяпер жыве, бо калі б сваім, дык ведаў бы, што жыцьцё два разы не даецца, і нешта пазытыўнае ў ім належыць нам па сабе пакінуць... Веру, што... на яго надыйдзе апамятаньне, але здароўя можа ня быць ужо... У нас хоць чарка была б зразумелай, а яму, эгаісту, што бракуе сяньня? Забываецца Валодзя, што „кожны з нас ёсьць твар сваёй Радзімы“... калі ён ня хоча зразумець, якую крыўду, урэшце, які ўстыд робіць свайму... народу, дык дзьмухаць яму зь літасьці ў адно месца няма чаго! У яго дурная натура — тым, хто яго любіць, рабіць на злосьць... У Караткевічы я вельмі расчаравалася. Ён дасканала піша, але так ужо п’е, што ня хочацца бачыць, як гіне харошы чалавек і вялікі талент...»
3. Яго любімы раман — «Тры мушкетэры»
Перад тым як садзіцца пісаць чарговую рэч, Уладзімер Караткевіч перачытваў гэты твор Дзюма, які заўсёды быў на часопісным століку каля ягонага ложка.
4. Як і Хэмінгуэй, любіў лавіць акул
Калі адпачываў на моры (Кактэбэль, Гагры, Прыбалтыка), то абавязкова выходзіў з рыбакамі лавіць рыбу. У Кактэбэлі спаймаў акулу, чым вельмі ганарыўся.
5. Любіў падоўгу плаваць, з-за чаго сварыўся з Рыгорам Барадуліным
У дзёньнікавым запісе ад 8 жніўня 1965 году знаходзім: «...Сёньня хадзілі на мора. Плаваў гадзіны тры, абсыхаў і зноў плаваў, скакаў з вышкі, заплываў за другую лінію бакенаў. Дзіва! Кожны дзень буду хадзіць. А пасьля — дзьве гадзіны мінула — удрызг пасварыўся з Грышкам [Рыгорам Барадуліным]. Крычаў, што адзін бы я так далёка не паплыў (вядома, не паплыў бы, баяўся б за вопратку, а так вартаўнікі ёсьць), што гэта — пыл у вочы, што гэта дзяціннасьць. Якая ж гэта дзяціннасьць, калі гэта мне натуральна, калі я люблю гэта. Словам, папрасіў ня ўказваць, бо я досыць для гэтага дарослы і ўжо дзесяць год жыву так, як хачу я, не патрабуючы ніякіх парад...»
6. Ніколі не сябраваў дзеля нейкай выгады і ганарыўся тым, што мае экзатычныя знаёмствы
У лісьце, адрасаваным Валянціне Шчадрыной (20 студзеня 1972 г.) чытаем:«Среди моих друзей ксендзы из Вишнева и Пинска, рыбаки из Коктебеля, зьмеелов из Москвы, создатель новой философской системы — мужик из-под Любчи, да мало ли ещё кто. И чтобы я стал тратить дорогое время не на них, из дружбы с которыми я не извлекаю никакой выгоды, кроме дружбы и жизни, а на определение, „кто есть кто“, „кто с кем“, „кто за кого“, наконец „кто кого“ — я проклял бы самого себя.
Я знаю единственное „кто кого“. У плохой литературы всегда будет битая морда, рано или поздно и как бы её ни превозносили сегодня или даже завтра. И только в этом смысле я не хочу быть среди битых [падкрэсьлена Караткевічам. — В. Дэ Эм], о чём по крайней мере сил своих и стараюсь. И потому каждый, кто хочет того же, мне друг».
7. Яго маці Надзея Грынкевіч — асоба шляхетная — выдатна ведала францускую мову і дапамагала сыну ў ягонай працы
Так, напрыклад, усе францускія дыялёгі ў рамане «Каласы пад сярпом тваім» былі створаныя пры дапамозе спадарыні Надзеі.
8. Не любіў запазычаньняў з татарскай мовы
Падчас працы над перакладам на расейскую мову рамана «Каласы пад сярпом тваім» сваёй перакладчыцы Валянціне Шчадрыной пісаў: «...везде, где можно, [оставляй] коней, а не лошадей [падкрэсьлена Караткевічам]. Ясно, что о кляче так не скажешь! Однако, гордость белоруса — не говорить „лошадь“ — татарское „алаша“, не говорить „базар“ — а говорить „рынок“. А если и говорят „гарбуз“, то это „тыква“, заимствованное. (...) Не для того стали мы с тобой людьми единственного восточно-славянского народа, который ига ихнего не знал, обессилел, литовцу поддался, ассимилировал его, а не сдался, чтоб сейчас эти слова употреблять».
9. Лічыў Івана Жахлівага — Гітлерам XVI стагодзьдзя
У сваім дзёньніку ад 15 лістапада 1965 году адзначыў: «Іван — гэта Гітлер XVI стагодзьдзя. Адзін бараніў нованароджаны кляс дваран, другі — усім вядома каго. Часы былі розныя, маштабы таксама, але дзікае самавольства было аднолькавае і рабілася ў імя эліты, якая трымалася ліхаманкава за ўладу, дарваўшыся да салодкага жыцьця».
10. Быў вельмі строгім кінакрытыкам
Даволі рэзка выказваўся пра такія вядомыя стужкі, як:
а) «Іван Грозны» Сяргея Эйзэнштэйна: «Трохі „опэра ўдзень“. Ён, вядома, вялікі рэжысэр, але якая гэта хлусьня гістарычная, як прыстасавана ўсё да кепскае сутнасьці Івана і Сталіна. Ужо гэтае вольнае абыходжаньне з праўдай заслугоўвае таго, каб не лічыць Эйзэнштэйна сьветачам...»;
б) «Мост праз раку Квай» Дэвіда Ліна: «...Трубілі-трубілі, а гэта проста дэтэктыў. Першая палова — нішто, калі паядынак душ, а другая... Гінуць людзі, а табе гэта — як бы лялькі гінулі»;
в) «Я — Куба» Міхаіла Калатозава: «...гэта ўжо нейкі канструктывізм ад кіно, нічога не дае і толькі прымушае казаць: „Ах, як прыгожа!“ У Доме кіно, магчыма, будуць апладзіраваць, а мне ні да чога».
г) «Індыйская магільня» Фрыца Ланга і сэрыя фільмаў пра агента «007»: «...колькі бессаромнай прапаганды на сьвеце! Глядзеў я „Індыйскую грабніцу“. Вывад: „немец спрытны хлопец, паўсюль пройдзе“. Нейкія там фільмы пра „Агента 007“ — „англічанін спрытны хлопец, паўсюль пройдзе“... Цьху!»
11. Вельмі любіў мультфільмы
Абавязкова адзначаў чырвоным алоўкам у праграме перадач, калі павінны паказваць мультфільмы, і глядзеў іх зь вялікім захапленьнем. Вельмі крыўдзіўся, калі яму забывалі нагадаць пра той ці іншы мультфільм.
12. Умеў (калі гэтага хацеў) зрабіць уражаньне на дзяўчат
Як згадвала адна прыхільніца ягонай творчасьці: «...Караткевіч тады літаральна пераўвасабляўся ў сваіх герояў — моцных, прыгожых, артыстычных шляхціцаў. Ён заварваў каву па адмысловым старажытным рэцэпце (таямніцу якога нікому не раскрываў), чытаў выбраныя месцы з Эвангельля (паводле словаў самога пісьменьніка — „адной зь лепшых (калі ня самай лепшай) з гісторый, прыдуманых чалавецтвам за ўсё сваё стварэньне“), ставіў кружэлку з опэрнымі сьпевамі Забэйды-Суміцкага, запальваў сьвечкі, даваў чытаць „Митину любовь“ Івана Буніна. Але калі дзяўчына не адказвала ўзаемнасьцю, то імгненна крыўдзіўся і, можна сказаць, выкрэсьліваў яе са свайго жыцьця...»
13. Крытычна ставіўся да беларускага кіно. Лічыў, што «віна» нашых кінэматаграфістаў была ў тым, што пускалі працаваць на кінастудыю прышлых майстроў
У дзёньніках пісаў: «А віна пачалася з 20-х гадоў, з таго часу, як адмовіліся ад мовы на экране і палічылі, што патрэбныя нам чужыя майстры. Тут і сталі на заганны шлях. Лепей было спачатку выпусьціць зь дзясятак кепскіх фільмаў, але выкуць на іх свае кадры, сваю манеру. Калі за дзіця стане, няхай сабе і не разьбіваючы носа, хадзіць суседзкі падлетак — гэта, як кожнаму ясна, ня самы лепшы выхад са становішча. А суседзкім падлеткам, як варагам, цалкам усё роўна, ім напляваць на тое, дзе, зь якой зямлі яны атрымліваюць свой хлеб...»
14. Яго багемны лад жыцьця раздражняў Максіма Танка:
«...Паводзіны Караткевіча мне здаюцца скандальнымі. Колькі ў ім фанабэрыстасьці, пазёрства, акторства! Баюся, што каб гэта п’янае балота не ўсмактала яго ў сябе і не пахавала яго таленту. (...) Цікавы і самабытны пісьменьнік. Толькі любіць парысавацца. Катэгарычны ў сваіх прысудах. Каго любіць — хваліць бязь меры, каго ненавідзіць — чарніць і бэсьціць...»
15. У перакладзе на расейскую мову рамана «Каласы пад сярпом тваім» імкнуўся пакінуць як мага больш беларускіх выразаў, песьняў, дыялектных зваротаў
Перакладчыцы Валянціне Шчадрыной Караткевіч пісаў: «Почему это, начиная от Гоголя, могут русские читатели читать и эпиграфы по-украински, и стилизацию языка персонажей-украинцев, и песни украинские слушать без перевода — а белорусского такого почему-то слушать и читать не могут. Пусть учатся, нечего! (...) «Где можешь, всё оставляй белоруссифицированное (слово-урод!). Поймут! И цветень. И буйный. Всё...»
16. Любіў хадзіць на паляваньне
«...ідзеш са стрэльбай, а сабака перад табой гойсае, а ты ўвесь час у напружаньні: чакаеш, што вось вырвецца з лазовага куста нехта, або прарэжа сінь краншнэп. Нічога ня ведаю лепей...»
17. Зь беларускіх пісьменьнікаў найбольш цаніў Васіля Быкава і... сябе
У яго апошнім рамане «Чорны замак Альшанскі» знаходзім такі самаіранічны дыялёг:
«... — Ну вось якой ты, Міхась, думкі пра Быкава?
— А нічога. Не выдумляе. Відаць, што сербануў гэтай ваеннай раскошы аж пад пілётку. Ня тое што нейкі піша, як Саня лазенным венікам роту немцаў разагнаў... з танкамі. (...)
— Ну а гэты... Караткевіч? — спытаў Шаблыка.
— А нішто сабе. Толькі чумавы нейкі, дурашны. Левай рукой правае вуха цераз галаву чухае... Ніколі ня ведаеш, чаго ад яго чакаць...»
18. Васіль Шукшын быў у захапленьні ад ягонага кінасцэнара «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»
Паводле ўспамінаў апэратара Анатоля Забалоцкага: «Шукшын, прачытаўшы сцэнар Караткевіча „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“, лаяў усіх і мяне, што па такім матэрыяле фільм замарочылі...»
19. Не любіў, калі яго называлі рамантыкам
Літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў адзначыў, што Караткевіч: «... вельмі не любіў, калі крытыкі называлі яго рамантыкам, хоць пры яго эрудыцыі ня мог не разумець, што яго творчасьць уяўляе сабой сплаў, сынтэз рэалістычных і рамантычных рыс. Але ў яго была зусім іншая мера рэальнага ў жыцьці. Ён лічыў, што ўсё тое яркае, пра што ён піша, сапраўды растворана ў жыцьці, толькі мы гэтага не заўважаем...»
20. Хацеў, каб помнік Янку Купалу быў узьведзены на месцы былога манумэнта Сталіну
Паэт Мікола Аўрамчык пісаў: «Памятаю, як з ЦК кампартыі запрасілі нас абмеркаваць, у якім месцы Менска ўзводзіць помнік Янку Купалу. (...) Уладзімер Караткевіч спачатку прапанаваў, а потым горача настойваў на тым, каб помнік Янку Купалу быў узьведзены на месцы зруйнаванага манумэнта Сталіну на Цэнтральнай плошчы Менска. У той час, напэўна, многія з нас выказаць такую прапанову не адважыліся б. Прадстаўнік ЦК, які праводзіў абмеркаваньне, быў шакіраваны прапановаю Ўладзімера. Перад непахісным адстойваньнем апошняга ён вымушаны быў асьцярожна намякнуць, што прапанаванае месца ня можа быць занята нікім. (...) Але Ўладзімер Караткевіч па-ранейшаму так і не адступіў ад сваёй прапановы...»