Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Мы любім цябе, Кастусь!

26.11.2019 общество
Мы любім цябе, Кастусь!

Мы любім Кастуся за тое, што ён верыў у здольнасць беларусаў дамагчыся Свабоды і захаваць яе для нашчадкаў.

22 лістапада ў капліцы на віленскіх могілках Росы адбылося ўрачыстае перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў — паўстанцаў 1863-1864 гадоў. На гэтую падзею ў Вільню сабраліся беларусы са ўсяго свету, каб пад бел-чырвона-белымі сцягамі разам з грамадзянамі краінаў-суседзяў правесці ў апошні шлях апостала Беларусі і ягоных сяброў. Думкамі пра нацыянальнага героя, што выклікала гэтая вялікая гістарычная падзея, хачу падзяліцца з вамі.

Нават цяжка ўявіць, што за 26 гадоў жыцця Кастуць Каліноўскі зрабіў так багата для свайго народу. «За такі час большасць людзей паспявае зрабіць мала. А гэты паспеў стварыць вольную беларускую прэсу, пасеяць насенне народнага гневу, узрасціць яго і зжаць пасеў», — адзначыў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч.

Насамрэч, з маленства хлопчык выхоўваўся ў беларускамоўным атачэнні вясковай дзятвы ў Мастаўлянах і Якушоўцы, дзе спрычыніўся да беларушчыны, паглыбіў знаёмства з спадчынай свайго народу падчас навучання ў Свіслацкай гімназіі і Пецярбургскім універсітэце, які закончыў з адзнакай і навуковай ступенню кандыдата права. Выхаванню патрыятычных пачуццяў юнака спрыяў прыклад старэйшага брата Віктара, сумеснае з ім даследаванне гісторыі Бацькаўшчыны і засваенне Кастусём каштоўнасцяў Свабоды праз уласны вопыт, кнігі і ўдзел у дэмакратычным руху.

Па вяртанні на Бацькаўшчыну Каліноўскі стварыў у Горадзенскай губерні нелегальную вызвольную арганізацыю з прадстаўнікоў мясцовай інтэлігенцыі, затым увайшоў у склад Віленскага цэнтру па падрыхтоўцы нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць царскага самаўладдзя на Беларусі і Літве, у Літоўскім правінцыйным камітэце ўзначаліў левую плынь «чырвоных», заснаваў нелегальную друкарню і наладзіў выданне першай беларускай дэмакратычнай газеты «Мужыцкая праўда», напісаў для яе большасць матэрыялаў і сам у сялянскай світцы — своеасаблівай вышыванцы беларусаў XIX стагоддзя — распаўсюджваў асобныя нумары гэтага падпольнага лістка.

Урэшце Кастусь узначаліў паўстанне ў краі, праявіў сябе таленавітым арганізатарам і канспіратарам, у сваіх дзеяннях імкнуўся захаваць самастойнасць і раўнапраўе цэнтраў паўстання ў Варшаве і Вільні, выступаў за перадачу ўсёй зямлі земляробам і разгортванне сялянскай рэвалюцыі, за адукацыю вяскоўцаў і беларускамоўнае навучанне дзяцей, у абарону традыцыйнай для краю ўніяцкай царквы, за роўнасць усіх людзей незалежна ад іх паходжання і стану, за значнае скарачэнне тэрміну вайсковай службы, за прадастаўленне Літве і Беларусі права на самавызначэнне.

Падчас паўстання Кастусь Каліноўскі ў першую чаргу абапіраўся на казённых земляробаў і дробную шляхту, якія думалі і размаўлялі на беларускай мове. Лідар паўстання абгрунтаваў першую ў гісторыі Беларусі праграму палітычнага і духоўнага вызвалення беларускага народу ад расійскага каланіяльнага ярма, дэклараваў ідэю будаўніцтва дэмакратычнай вольнай і незалежнай беларускай дзяржавы на грунце канстытуцыйнага і парламенцкага вопыту Англіі, ЗША і Францыі. А вобраз такой дзяржавы падаў у «Мужыцкай праўдзе»: «І як добры слуга глядзіць худобы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, так добры ўрад глядзець павінен шчасьця людзей, слухаць народу і рабіць так, як народу лепей. І ня дзіва, бо не народ створаны для ўраду, а ўрад для народу».

Са сваімі аднадумцамі Каліноўскі арганізоўваў мясцовыя паўстанцкія суды, жандармерыю і ўзброеныя сілы, а таксама органы па збору падаткаў на карысць новай улады, па кантролю за выкананнем інструкцый і распараджэнняў Літоўска-беларускага чырвонага ўраду. Раскрываў драпежніцкую сутнасць расейскага царызму і параўноўваў яго з саранчой, што нішчыць усё на сваім шляху. У час следства і суду трымаў сябе мужна, адмовіўся выдаваць паплечнікаў і планы паўстання.

Ідэйны апанент «чырвоных», лідар беларуска-літоўскіх «белых» Якуб Гейштар пісаў пра «шляхетнае сэрца» Каліноўскага і характыразаваў яго, як «чалавека справядлівага, без аніякага ценю крывадушнасці, адданага сэрцам і душою народу».

Свой запавет Кастусь Каліноўскі выказаў у прачулых словах «Лістоў з-пад шыбеніцы»: «Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і можа раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, ды ня жаль зьгінуць за тваю праўду. Прыймі народзе, па шчырасьці маё слова прадсьмертнае, бо яно як з таго сьвету толькі для дабра твайго напісана. Няма, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, калі чалавек ў галаве мае розум ды навуку.Тады ён толькі можа жыць у багацьці, па праўдзе, тады ён толькі, памаліўшысь Богу,заслужыць неба, калі ўзбагаціць навукай розум, разаўе сэрца і радню ўсю сэрцам палюбіць. Аднак як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дакуль яна ў нас будзе, у нас нічога ня будзе, ня будзе праўды, багацьця і ніякай навукі, — адно намі як скацінай варочаць будуць не для дабра, а на пагібель нашу (…) Твой слуга, Яська-гаспадар з-пад Вільні».

Мы любім Кастуся за тое, што ён дбаў пра Беларусь і наш народ сумленнай душой, шчырым словам і годнымі справамі, аддаў жыццё за Волю і Незалежнасць Бацькаўшчыны, верыў у здольнасць беларусаў дамагчыся Свабоды і захаваць яе для нашчадкаў.

Падчас наведвання Вільні прайдзіце крыжовым шляхам Кастуся Каліноўскага: Святаянскія муры-Дамініканскі кляштар-пляц Лукішкі-Замкавая гара-могілкі Росы. Ад Святаянскіх муроў — ранейшых будынкаў Віленскага ўніверсітэту, дзе пад псеўданімам Ігнат Вітажэнец падчас паўстання на канспіратыўнай кватэры жыў наш герой. Жыў насупраць дома генерал-губернатара — рэзідэнцыі ката паўстання Міхаіла Мураўёва-вешальніка. Нелегальную кватэру Каліноўскага, ягоны псеўданім і знакаміты пароль паўстанцаў «Каго любіш? Люблю Беларусь! То ўзаемна» выдаў на допыце царскім жандарам паўстанцкі камісар Магілёўскага ваяводства Вітольд Парфіяновіч, які за здраду зрабіў бліскучую кар’еру. Закратавалі Справядлівага ў Дамініканскім кляштары, пераўтвораным у астрог.

Адсюль правадыр паўстання, як «дзяржаўны злачынца» пайшоў у вечнасць пасля прылюднай смяротнай кары — 22 сакавіка 1864-га на гандлёвым пляцы Лукішкі. Дарэчы, шыбеніца стаяла на заходнім баку пляцу, дзе зараз помнік ахвярам чырвонага тэрору — паміж будынкамі сённяшняга Музею генацыду (тут за Саветамі месціўся КДБ) і Літоўскай акадэміі музыкі і тэатру. Паколькі ў паваенны час на Лукішках узвялі помнік Уладзіміру Леніну, які рукой паказваў на месца мураўёўскіх экзекуцый, мемарыяльную шыльду ў гонар Каліноўскага і яго забітых паплечнікаў перанеслі насупраць — да кляштара св. Якуба. Каб прадухіліць народнае ўшанаванне памяці герояў каты патаемна пахавалі парэшткі «караля Літвы» і ягоных сяброў на вайсковым пляцы ў зачыненай ад віленчукоў расейскай цытадэлі на Замкавай гары. Але няма нічога патаемнага, што б не стала відавочным.

У 2016-2017 гадах на Замкавай гары адбыўся цуд. Пасля двух апоўзняў і археалагічных раскопак раскрыліся пахаванні 20 паўстанцаў. І першым паказаўся Каліноўскі — засыпаны вапнай са звязанымі за спінай рукамі. Ён ляжаў на баку на самой вяршыні гары — сярод сваіх паплечнікаў як антычны герой. Пры ім знайшлі часткі абутку, гузікі, два медальёны з выявамі Маці Божай Вастрабрамскай, укрыжаванага Хрыста і святога Казіміра. Мяркуецца, што на гэтым месцы адновяць мемарыял, які існаваў у міжваенны час.

Завяршаецца крыжовы шлях на могілках Росы. Тут у капліцы ля саркафагу з парэшткамі Каліноўскага пастаўце знічку нашаму рыцару свабоды і сумлення, а таксама ўзгадайце ягоныя кранальныя паэтычныя радкі:

«…А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся,

То я з таго свету табе адазвуся…»

Вялікая падзяка ўсім даследнікам жыцця і спадчыны Кастуся Каліноўскага, дзеячам літаратуры і мастацтва, якія адлюстравалі ў сваіх творах вобраз сапраўднага бацькі беларускай нацыі, усім тым, хто сабраўся ў сталіцы братняй Ліетувы на перапахаванне Кастуся Каліноўскага. Асобнае слова ўдзячнасці кіраўніцтву і грамадзянам краіны-суседкі — арганізатарам эксгумацыі і даследавання парэшткаў паўстанцаў 1863-64 гадоў на Замкавай гары Вільні, а таксама годнай, прыгожай і ўзнёслай цырымоніі ўрачыстага перапахавання. Гэтая незабыўная падзея ў каторы раз нагадала: хто мы, дзе мы, адкуль і куды ідзем.

У атачэнні ганаровай варты літоўскіх і польскіх вайскоўцаў праз Стары горад разам вольна крочылі афіцыйныя асобы, святары і госці літоўскай сталіцы. У сярэдзіне працэсіі плылі саркафагі з парэшткамі паўстанцаў. Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага везлі на артылерыйскім лафеце. Раймунда Зямацкага, Баляслава Колышку, Юльяна Ляснеўскага, братоў Аляксандра і Юзафа Раўкоўскіх, Караля Сіповіча, Юзафа Яблонскага, Яна Бянькоўскага, Генрыка Макавецкага, Уладзіслава Нікаляя, Альберта Ясковіча, Казіміра Сычука, Мечыслава Дарманоўскага, Ігната Здановіча, Цітуса Далеўскага, Якуба Чэхана, Эдварда Чаплінскага і Яна Марчэўскага — на катафалках. Крочылі праз крывыя вулачкі, маленькія пляцыкі і вузенькую Вострую браму, загачаныя віленчукамі, якія збягаліся на грукат барабанаў і цёплымі вачыма праводзілі жалобную працэсію пад гістарычнымі бел-чырвона-белымі штандарамі, сцягамі Ліетувы і Польшчы…

Марат Гаравы, «Новы час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]