Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Новыя шыхты Каліноўскага сцвердзяць беларускую Нацыю

27.11.2019 общество
Новыя шыхты Каліноўскага сцвердзяць беларускую Нацыю

Пра знакавую падзею ў Вільні.

Масавы ўдзел патрыётаў Беларусі ў гістарычнай падзеі пахавання Кастуся Каліноўскага і ягоных баявых пабрацімаў стаўся важнаю часткаю беларускага нацыятворчага працэсу. Беларускія ўдзельнікі колькасна дамінавалі падчас правядзення ўсёй цырымоніі, што яскрава сведчыць пра яе безумоўную важнасць і значэнне для нашай краіны.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў Беларусь знаходзіцца ў эканамічным, сацыяпалітычным і гуманітарна-культурніцкім посткаланіяльным становішчы, пры якім нацыянальная ідэнтычнасць з боку дзяржавы не развіваецца, але ўтрымліваецца ў штучна створаным стазісе. Для польскай і летувіскай нацыяў — сцверджаных і інтэграваных у Заходнюю цывілізацыю — пытанні нацыянальнага выжывання і развіцця на сёння не маюць падобнага архіважнага значэння як для беларускай. Ані польскай, ані летувіскай нацыі, у адрозненні ад беларускай, зараз істотна не пагражаюць паглынанне і пераварванне ў межах новай мадыфікацыі расійскага імперскага ўтварэння. Менавіта гэтым можна патлумачыць шматколькасную прысутнасць і дамінаванне беларускіх удзельнікаў на цырымоніі пахавання.

Ахвяруючы сваім уласным часам, коштам сваіх уласных сілаў і сродкаў прадстаўнікі беларускіх нацыятворчых сілаў самаарганізаваліся, праявілі высокую дысцыпліну. Яны годна і чынна пад беларускімі нацыянальнымі сімваламі ўдзельнічалі ў працэсе сакралізацыі і адшукання духоўнай еднасці з паўстанцамі і айцом-заснавальнікам беларускай Нацыі. Пахаванне касінераў не сталася развітаннем, але наўпрост спрычынілася да трансцэндэнтнай духоўнай сувязі і яднання пакаленняў беларускіх патрыётаў, нягледзячы на тое, што паміж намі пралягла цэлая гістарычная эпоха.

Упершыню я выразна гэта ўсвядоміў у Свіслачы ля магілы-кенатафа ідэйнага натхняльніка Паўстання Віктара Каліноўскага і ў Якушоўцы — родавым фальварку Каліноўскіх — дзе ў 1997 годзе пад бел-чырвона-белым сцягам надаў прысягу на вернасць Беларусі. Найвышэйшая праява гэтай еднасці, якую можна назваць ініцыяцыяй, надышла ў мяне, як і ў тысячаў іншых беларусаў, падчас удзелу ў цырымоніі ўрачыстага пахавання паўстанцаў менавіта 22 лістапада 2019 года. Яе кульмінацыйнымі момантамі сталіся вынясенне трунаў з Катэдры, малітва ля Вострай Брамы і атрыманне закатаванымі касінерамі вечнага спачыну ў Пантэоне Герояў на могілках Росы.

Удзел тысячаў беларусаў у гэтай цырымоніі стаўся сімвалам пераемнасці пакаленняў дзеля працягу гераічнага чыну абароны і сцверджання беларускай Нацыі. Дзень 22 лістапада безумоўна мае заняць сваё пачэснае месца ў беларускім нацыянальным календары.

На нашых вачах адбылося сапраўднае ўспалымленне Нацыі, якое ёсць важным этапам для яе гістарычнага сцверджання. Адметна, што гэта сталася менавіта ў колішнім культурным і палітычным цэнтры беларускай айкумены — Вільні. Па-сапраўднаму братэрскі нам летувіскі народ, з якім мы стагоддзямі ўтваралі адну дзяржаву, непасрэдна паспрыяў абуджэнню беларускай нацыянальнай памяці. Спалучэнне з ёю жывой нацыятворчай сілы абавязкова спрычыніцца ў гістарычнай перспектыве да фармавання паўнавартаснай беларускай нацыі-дзяржавы.

Асобу Кастуся Каліноўскага след разглядаць у гэтым кантэксце як заснавальніка, першага палітыка і жаўнера мадэрнай беларускай Нацыі, дзеля існавання якой ён ахвяраваў сваё ўласнае жыццё. Менавіта Кастусь Каліноўскі разам са сваімі пабрацімамі стварыў спярша нелегальную палітычную арганізацыю, заснаваў першае беларускае выданне — «Мужыцкая Праўда», праз якое і пашыраў ідэю адзінай нацыі, — а затым пачаў збройную барацьбу за свабоду і незалежнасць Беларусі.

Нягледзячы на сённяшні посткаланіяльны статус нашай краіны, пакрысе, але няўмольна з боку актыўнай грамадзянскай супольнасці працягваецца кшталцаванне ўласнай беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, якая, праз выстаўленыя заслоны і перашкоды здзяйсняе ўплыў і на пазіцыю дзяржаўнай улады. Паказальна, што падчас прамовы афіцыйнага прадстаўніка істэблішменту РБ прагучалі словы пра тое, што чын Каліноўскага непасрэдна звязаны з барацьбой за беларускую дзяржаўнасць, а ягонае імя, як і падзеі Паўстання, назаўжды ўвайшлі ў гісторыю Беларусі. Гэтая заява цалкам нівелюе і робіць нікчэмнымі ўсе спробы прадстаўнікоў (пра)расійскіх сілаў дэгераізаваць і дэсакралізаваць вобраз Каліноўскага і паўстанцаў для Беларусі. Гэта істотны ўдар па расійскаму цывілізацыйнаму выбару.

След асабліва адзначыць, што Беларусь знаходзіцца на лініі геапалітычнага разлому паміж дзвюма цывілізацыямі — ліберальна-дэмакратычным Захадам і традыцыяналісцкай і аўтарытарнай Расіяй. Згодна з Самюэлем Хантынгтанам, поўнамаштабныя ідэалагічныя канфлікты мінулага саступяць сваё месца сутыкненню цывілізацый, якія набудуць форму глабальнага канфлікту. Ужо зараз пачынаецца стадыя акселерацыі гэтых працэсаў. Расія актыўна мілітарызуецца, нарошчвае сваю вайсковую сілу: наноў створаная 1-я танкавая армія, перафармаваная 20-я агульнавайсковая армія, гэтыя фармаванні валодаюць значным патэнцыялам аперавання менавіта на беларускім стратэгічным напрамку. Апроч гэтага сфармаваная новая 8-я агульнавайсковая армія, перафармоўваюцца злучэнні 58-й арміі.

Уздоўж мяжы з Украінай і Беларуссю, ад Новачаркаска Растоўскай вобласці да Ельні Смаленскай вобласці сфармаваная паўнавартасная наступальная лінія Збройных Сілаў РФ. Усё гэта ёсць наўпроставым увасабленнем рэалізацыі расійскага цывілізацыйнага праекту, фундаментам якога ёсць супрацьстаянне Заходняй цывілізацыі, якую расійская імперыякратыя разглядае ў якасці экзістэнцыяльнага ворагу. Беларусь у гэтай светагляднай парадыгме выступае толькі ў ролі расійскага стратэгічнага вайсковага плацдарму, вайскова-тэхнічнай базы і патэнцыйнага тэатру ваенных дзеянняў. Пры гэтым посткаланіяльная палітычная эліта не толькі ўцягнула нашу краіну ва ўсе мажлівыя вайскова-палітычныя хаўрусы з Расіяй, але і працягвае рэалізацыю з ёй неаімперскага праекту ў выглядзе так званага «союзного государства».

Характэрна, што менавіта ў гэты ключавы момант і адбываецца рэактуалізацыя значэння і сімвалізму постаці Кастуся Каліноўскага для Беларусі і перад усім для абароны яе заходняга цывілізацыйнага выбару. Тое, чаго баяліся маскоўскія стратэгі, сталася праз 155 гадоў і ў самы нязручны для іх час. Шмат хто назаве гэта Божай задумай і пэўна будзе мець рацыю. У вызначальны момант нашай гісторыі мы духоўна і фізічна набылі сімвал Нацыі, увайшлі ў эпоху рэнавацыі гераічнага чыну, калі міф перастае быць міфам. Вышэйшая сіла надае нам мажлівасці для ўмацавання цывілізацыйнай самасвядомасці, для ўратавання ад непазбежнага распускання і знікнення ў інтэграцыйным расійскім праекце.

Цалкам мажліва, для Расіі простая працэсуальна-нарматыўная анексія Беларусі ў выглядзе ўхвалення разнастайных «дарожных картаў», выкананне якіх будзе пэўна сабатавацца, ужо станецца недастатковай. У святле новых рэалій вышэйшае вайскова-палітычнае камандаванне Расійскай Федэрацыі вымушанае будзе праводзіць карэгаванне сваёй стратэгіі што да паглынання Беларусі. Дзеля гэтага і прадугледжана створаная ля нашых межаў ударная наступальная лінія.

У гэтым кантэксце актуальнасць і аргументацыя галоўных пастулатаў «Мужыцкай праўды» не аслабла. Наадварот, яны набываюць зараз практычнае значэнне. У гэты ключавы перыяд нашай гісторыі, у рэаліях істотнай пагрозы самому існаванню нашай краіны, магістральным напрамкам мае стаць кансалідацыя і аб’яднанне высілкаў усіх нацыятворчых сілаў у адзіны магутны кулак, які здолее абараніць нашу, Богам дадзеную, зямлю.

Шчыры апостал беларускага народу Кастусь Каліноўскі заснаваў беларускую Нацыю, якую мы — ягоныя ідэйныя і духоўныя нашчадкі — маем сцвердзіць.

Дзяніс Івашын, «Новы Час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]