Дагэтуль быў вядомы толькі адзін верш аўтарства беларускага героя.
Аўтар кнігі «Кастусь Калиновский. Страницы биографии» (Мн. 1988) доктар філязофскіх навук Вячаслаў Шалькевіч прадставіў Радыё Свабода права першай публікацыі знойдзенага ім другога верша Кастуся Каліноўскага.
Дагэтуль быў вядомы толькі адзін верш аўтарства Каліноўскага «Марыська чарнаброва, галубка мая» — гэта трэцяя частка «Лістоў з-пад шыбеніцы».
У інтэрвію доктар Вячаслаў Шалькевіч вырашыў расказаць пра абставіны знаходкі і патлумачыць, чаму ён не публікаваў фрагмэнт знойдзенага ім верша Каліноўскага раней.
— Якія абставіны папярэднічалі вашай знаходцы?
— Маім настаўнікам у дасьледаваньні дзейнасьці Кастуся Каліноўскага быў прафэсар Іван Лушчыцкі. Калі я стаў кандыдатам навук, ён мне параіў два шляхі вывучэньня спадчыны Каліноўскага. Адзін — пошук першакрыніц, другі — вывучэньне гістарыяграфіі. Калі ня ведаеш, што пісалі папярэднікі, дык ня будзеш ведаць, як сфармуляваць новыя высновы.
Калі я ўжо працаваў у Польшчы, я вырашыў пачаць з гістарыяграфіі і зьвярнуцца да спадчыны польскага гісторыка Гэнрыка Масьціцкага.
Я ведаў, што ён беларус паводле паходжаньня, і што ён вялікі аматар і дасьледчык лёсаў тых маладых людзей, якія разам з Каліноўскім стварылі першы ўрад — Ігнат Здановіч, Фэлікс Ражанскі і іншыя паплечнікі Каліноўскага. У Масьціцкага былі публікацыі пра гэта.
І вось я напаў на артыкул Масьціцкага, які да мяне, відаць, ніхто не чытаў. Гэта артыкул 1939 году. Там, дзе я яго знайшоў, не было выходных дадзеных газэты і дакладнай даты, напрыклад, месяца, а быў толькі год — 1939-ты. Гэта была стужка, фотакопія, катушка такая, і было даволі цяжка чытаць. І вось там я знайшоў гэты верш.
— У якім годзе вы знайшлі гэты верш?
— Гэта было недзе ў 1986-1987 годзе.
— А што Масьціцкі пісаў пра невядомы верш Каліноўскага і пра абставіны яго стварэньня?
— Масьціцкі прыводзіць у сваёй невялікай публікацыі (на чвэрць газэтнай старонкі) фрагмэнт гэтага верша і піша, што ён быў створаны ў сувязі з пачаткам 22 студзеня 1863 году ўзброенага паўстаньня і быў надрукаваны друкарскім спосабам.
На пачатку паўстаньня быў такі вядомы польскі генэрал Людвік Міраслаўскі, ён там згадваецца. Відавочна, што верш створаны на год раней, чым той, які нам вядома зь «Лістоў з-пад шыбеніцы» і адрасаваны Марысі Ямант.
— У вас няма сумненьняў у аўтарстве гэтага верша?
— Прафэсару Міраслаўскаму мы ня можам не давяраць — гэта быў вельмі сур’ёзны і салідны дасьледчык. Я думаю, што ў фразе «не глядзі, хто старшы» маецца на ўвазе, што ня трэба зьвяртаць увагі, у каго болей сілы, а мы, маўляў, усё роўна дамо рады самі.
Я ўпэўнены, калі мы будзем шукаць заканчэньне гэтага верша, які, я думаю, складаўся ня менш чым з трох-чатырох строфаў, то рукапіс яго будзе ў паперах Гэнрыка Масьціцкага. Яны захаваліся, да іх ёсьць доступ. Толькі вось хвароба і абставіны жыцьця не дазволілі мне давесьці гэтую справу да канца.
Сам артыкул быў напісаны ў сувязяі з 75-й гадавінай заканчэньня паўстаньня і сьмерці Каліноўскага і быў прысьвечаны ня толькі лідэру паўстаньня, але таксама закрануў і лёсы людзей, якія дапамагалі Кастусю і аддалі свае жыцьці за беларускую нацыянальную ідэю.
— Чаму вы не апублікавалі гэты верш раней?
— Ведаеце, гэта звычайная для дасьледчыка справа. Я марыў дабрацца да асабістых папераў Масьціцкага, каб знайсьці ўвесь верш і апублікаваць яго цалкам, але лёс так і не дазволіў мне гэтага зрабіць.
— Дык прачытайце гэты невядомы твор Кастуся Каліноўскага.
— Вось гэты верш, які я памятаю і паўтараю ўсе гэтыя гады.
Міраслаўскі ў маршы:
Мужыкі з панамі.
Не глядзі, хто старшы,
Выпрэм погань самі.