Беларус распавёў пра Дзень Герояў сваёй мары.
Як варта ўшаноўваць памяць слуцкіх паўстанцаў, і чаму мітынгі , прысвечаныя ўгодкам гістарычнай падзеі ў Слуцку збіраюць мала мясцовых жыхароў?
Кіраўнік Слуцкай арганізацыі Партыі БНФ, Мінскі абласны каардынатар руху «За свабоду» Віталь Амяльковіч шмат гадоў арганізоўваў акцыі да ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну. У інтэрв'ю «Салідарнасці» ён распавёў пра Дзень Герояў сваёй мары.
Дарэчы, сёлета буйнога мерапрыемства з мітынгам і шэсцем БНФ, Рух «За Свабоду», Рух салідарнасці «Разам» і Малады Фронт не плануюць праводзіць.
— Па-першае, на гэта няма грошай. Пасля таго, як былі ўнесеныя змены ў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, за тое, каб правесці мітынг і шэсце, трэба плаціць немалыя грошы. Па-другое, шмат хто не хоча плаціць прынцыпова, бо свабода выказвання сваёй думкі і правядзення мірных сходаў гарантаваныя нам Канстытуцыяй.
У коле арганізатараў, якое звычайна праводзіла мерапрыемствы да ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну, прынятае рашэнне, што лепш падрыхтавацца да стагоддзя паўстання ў наступным годзе і распрацаваць пад гэта вялікую праграму ўрачыстасцяў.
Віталь Амяльковіч успамінае, як напрыканцы 90-х, калі ён вучыўся ў школе, у падручніку па гісторыі Беларусі быў адзін абзац пра слуцкае паўстанне.
— Мой настаўнік, якога я вельмі паважаў, сказаў, што мы не ведаем дакладна, як гэта ўсё адбывалася, і не можам даць адэкватную ацэнку гэтым падзеям. Таму на гэтым не будзем засяроджваць увагу… Што сёння ў падручніках, я не ведаю, але перакананы: Слуцкаму паўстанню мусіць быць прысвечаная асобная тэма, а мо і не адна.
Віталь прызнаецца: ён жыве з надзеяй, што прыйдзе час, калі на дзяржаўным узроўні будуць адзначаць угодкі Слуцкага збройнага чыну.
— Зменіцца рэжым, і да падзеі будзе іншае стаўленне. Не гатовы зараз адказаць, ці варта 27 лістапада рабіць выходным днём у межах краіны, як варта, на мой погляд, напрыклад, зрабіць 8 верасня — Дзень беларускай вайсковай славы.
Сурамоўца «Салідарнасці» распавядае пра тое, як трэба, на яго думку, ушанаваць памяць паўстанцаў, і пра Дзень Герояў сваёй мары:
— У Слуцкім краязнаўчым музеі даўно трэба стварыць сталую экспазіцыю, прысвечаную падзеям Слуцкага збройнага чыну.
На Случчыне з'явяцца вуліцы, названыя ў гонар слуцкіх паўстанцаў. Хацелася б, каб гэта была не адна вуліца, а некалькі. Напрыклад, вуліцы Паўла Жаўрыда, Антона Сокал-Кутылоўскага, Уладзіміра Пракулевіча, Васіля Русака, Юркі Лістапада і іншых актыўных удзельнікаў збройнага чыну.
На вуліцы Слуцкіх паўстанцаў будзе ўсталяваны помнік героям.
У Дзень Герояў у Слуцк будуць з'язджацца беларусы не толькі з усёй краіны, але і свету, каб ушанаваць іх памяць.
На дзяржаўным узроўні будуць арганізаваныя мерапрыемствы: выставы, імпрэзы, канцэрты. Можа быць рэканструкцыя падзеяў. Вайсковы складнік, лічу, таксама абавязкова павінен быць — напрыклад, вайсковы парад.
Віталь Амяльковіч упэўнены: большасць жыхароў Слуцка ведае пра тое, што значыць дата 27 лістапада ў нашай гісторыі. Але меншасць з іх усведамляе гэта як важную гістарычную падзею.
Чаму на мітынг, прысвечаны ўгодкам паўстання, выходзіць мала мясцовых жыхароў? На думку Віталя, справа не толькі ў гістарычнай памяці:
— Паглядзіце, колькі людзей выходзіла 20 год таму на мітынгі апазіцыі ў Мінску, і колькі цяпер прыйшло, напрыклад, на мітынг да 101-годдзе БНР. Гады дыктатуры зрабілі сваё, вітае пэўнае расчараванне, абыякавасць і, натуральна, страх.
Сёння людзі баяцца выйсці на мітынг. Мерапрыемствы адсочваюцца, на іх прысутнічаюць міліцыянты і ідэолагі. Ведаю выпадкі, калі ідэолагі бачылі незнаёмыя твары на мерапрыемствах і спрабавалі высветліць, хто гэтыя людзі, дзе яны працуюць. Нават на мясцовым узроўні рабіліся спробы запалохаць.
На жаль, у галовах некаторых ідэолагаў гісторыя Беларусі пачынаецца выключна з кастрычніцкай рэвалюцыі, а тое, што не звязана з савецкай гісторыяй, звычайна ставіцца пад сумнеў. Бо гэта не адпавядае існуючай палітыцы дзяржаўнай прапаганды і не ўпісваецца ў ідэалогію кіруючага рэжыму.
Даведка
Штогод 27 лістапада адзначаецца Беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі ў розных краінах свету як Дзень Герояў, дзень Слуцкага збройнага чыну 1920 году або як Дзень Узброеных Сіл Беларускай Народнай Рэспублікі. Упершыню ў навейшай гісторыі Беларусі гэты дзень адзначаўся ў 1992 годзе.
Слуцкі збройны чын ці Слуцкае паўстанне — спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцка ў лістападзе і снежні 1920 году. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфарміраваныя пераважна з мясцовых сялянаў, аказвалі супраціў савецкім войскам. Адступалі яны на тэрыторыю, якую кантралявалі польскія войскі. Там афіцэры і жаўнеры былі раззброены (да афіцыйнага заканчэння савецка-польскай вайны) і інтэрніраваны ў лагер.
Тых, хто вярнуўся на Случчыну ГПУ-НКУС спачатку не чапала, бо чакала, што да іх далучацца астатнія ўдзельнікі паўстання. Аднак праз 7-8 месяцаў іх арыштавалі, судзілі і выслалі ў Караганду, Салаўкі, на Калыму, дзе яны і памерлі.