Мінімум фактаў, якія варта ведаць пра Слуцкі збройны чын.
Беларусы адзначаюць 99-я ўгодкі пачатку Слуцкага паўстаньня за незалежнасьць Беларусі, перадае «Радыё Свабода». Вось асноўныя факты, якія варта ведаць пра тагачасныя падзеі на Случчыне.
Зьезд Случчыны
14 лістапада 1920 году ў доме Эдварда Вайніловіча, што стаяў побач са Слуцкай гімназіяй, адбыўся Зьезд Случчыны. 107 дэлегатаў прынялі дакумэнт, які абвяшчаў у рэгіёне ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі і выказваў пратэст супраць бальшавіцкай акупацыі.
Пачалася мабілізацыя
Рада Случчыны абвясьціла агульную мабілізацыю і працягнула стварэньне вайсковых аддзелаў. Былі змабілізаваныя каля 4000 чалавек (паводле некаторых зьвестак, 10 000). Камандзірам 1-га Слуцкага стралковага палку стаў Павал Чайка.
Чаму Случчына
Паводле гісторыка Ўладзімера Ляхоўскага, Слуцкі збройны чын — клясычны выпадак выступу гэтак званых «кулацкіх элемэнтаў» — заможных беларускіх сялянаў, якія не хацелі аддаваць свой хлеб, фураж бальшавікам, не хацелі ісьці ў іхняе войска.
Случчына на той час — самы заможны рэгіён Беларусі, які ня быў спустошаны вайной. Палякі пісалі пра Случчыну: «Гэта беларуская Галяндыя па ўзроўні аграноміі».
Заходнія раёны Беларусі вельмі пацярпелі ад бежанства падчас Першай усясьветнай вайны. Ад 40% да 60% беларускіх сялян, пераважна праваслаўных, былі эвакуаваныя ці гвалтоўна выселеныя са сваёй зямлі і расьцярушаныя па Расеі. А Случчына толькі на 4,7% апынулася ў бежанстве.
Слуцкі збройны чын — гэта якраз той выпадак, калі сацыяльны чыньнік супаў з нацыянальным. І змаганьне адбывалася пад сьцягамі нацыянальнага вызваленьня.
Палітрук паўстаньня
Найбліжэйшым паплечнікам генэрала Станіслава Булак-Балаховіча быў пісьменьнік Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Ён займаўся ідэйнай працай сярод беларускіх жаўнераў, выдаваў у лягеры Булак-Балаховіча беларускую газэту «Зьвястун».
Сьцяг ад беларускіх жанчын
Беларускія жаноцкія арганізацыі з Горадні прыслалі 1-му Слуцкаму палку палкавы сьцяг — нацыянальны, з Пагоняй. На ім былі вышытыя словы: «Тым, якія першымі паўсталі і пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына».
35 дзён
Роўна столькі працягвалася паўстаньне. Яно трывала ад 27 лістапада па 31 сьнежня.
28–31 сьнежня 1920 году больш за 1500 беларускіх жаўнераў і афіцэраў перайшлі польска-савецкую мяжу і былі раззброеныя польскімі ўладамі.
Гімн паўстанцаў
Паўстанцы сьпявалі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».
«Ваяцкі марш», які напісалі Макар Краўцоў і Ўладзімер Тэраўскі, зваўся таксама «Маршам Слуцкай брыгады», а ўрэшце стаў гімнам БНР.
Помнік у Альпах
У 1948 годзе ў нямецкім горадзе Мітэнвальд каля Альпаў беларускія эмігранты паставілі помнік слуцкім паўстанцам.
Кіно паводле Быкава
У 1995 годзе на нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» паводле апавяданьняў Васіля Быкава «На Чорных лядах» і «Перад канцом» рэжысэр Валер Панамароў зьняў фільм «На Чорных лядах».
Адразу пасьля здымкаў (адбыўся рэфэрэндум 1995 году) стужка апынулася на паліцы «Беларусьфільму». Яе таксама забаранілі паказваць на Беларускім тэлебачаньні. Урэшце незалежная ініцыятыва «Беларускі відэаклюб» выдала фільм на відэакасэтах.
Аповесьць пра слуцкіх паўстанцаў
У 2009 годзе выйшла аповесьць Андрэя Федарэнкі «Нічые», прысьвечаная слуцкім паўстанцам.