Абарона нацыянальнага мемарыялу можа быць вельмі разнастайнай.
Сустрэча з журналістам, абаронцам Курапатаў Маратам Гаравым прайшла ў Глыбокім. У былым будынку суда сабралася каля двух дзясяткаў грамадскіх актывістаў горада, перадае «Радыё Рацыя».
Падчас сустрэчы Марат Гаравы распавёў прысутным пра грамадзянскую ініцыятыву «Эксперты ў абарону Курапатаў». Таксама вялася размова пра трагічную гісторыю Курапатаў, лёсы людзей, пра ролю грамадскасці ў захаванні памяці і пра расейскі ўплыў на Беларусь. Паводле Марата Гаравога, Курапаты – гэта такі архіпелаг, які патрабуе высілкаў усіх беларусаў, яго проста так не абароніш:
«Я не лічу, што ўсе павінны там стаяць. Я лічу, што абарона Курапатаў павінна быць як мага больш разнастайнай. Інтэлігенцыя робіць сваё, грамадзяне – сваё, мастакі робяць трэцяе, юрысты – чацвёртае. Хто што можа, той тое і робіць. Я лічу, што вельмі мала робяць для абароны Курапатаў беларускія гісторыкі – паўтараюць збітыя ісціны, адно і тое ж, а вось даследаванняў, а новых нечаканых хадоў, а новых падыходаў – нічога гэтага няма. Лічбы адны і тыя ж перамываюцца, то яны ўзрастаюць, то змяншаюцца. А дзе далей? Больш маглі б зрабіць і творцы – беларускія музыкі і класічных твораў, і твораў папулярнай музыкі. І празаікі, і паэты… Тут працы ўсім», — лічыць Марат Гаравы.
Падчас сустрэчы адбылася і прэзентацыя кнігі Марата Гаравога «НКВД забіваў у Курапатах». Напрыканцы імпрэзы Марат Гаравы падпісаў кнігі ўсім жадаючым і падараваў некалькі паасобнікаў раённай бібліятэцы, а таксама адказаў на разнастайныя пытанні прысутных.