Як беларусы біліся за свой нацыянальны сымбаль.
19 верасьня 1991 Вярхоўны Савет Беларусі надаў гербу «Пагоня» і бел-чырвона-беламу сьцягу статус дзяржаўных сымбаляў.
Тыя падзеі на «Радыё Свабода» абмяркоўваюць Сяргей Навумчык і Юры Дракахруст.
Пытаньне аб наданьні гербу «Пагоня» і бел-чырвона-беламу сьцягу статусу дзяржаўных сымбаляў было ўнесенае ў парадак дня нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савета па прапанове дэпутатаў Апазыцыі БНФ.
У першыя дні сэсіі ў фае Дома ўраду на просьбу Зянона Пазьняка мастакі суполкі «Пагоня» зрабілі выставу, прысьвечаную гісторыі «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга.
18 верасьня 1991, за дзень да галасаваньня за сымбалі, Станіслаў Шушкевіч быў абраны старшынём Вярхоўнага Савета (зь ім канкураваў Вячаслаў Кебіч). Шушкевіч спрыяў, каб нацыянальныя сымбалі атрымалі статус дзяржаўных.
Увосень 91-га былая камуністычная намэнклятура адышла ад пасьляпутчаўскага шоку, і прыняцьце нацыянальнай сымболікі адбывалася значна больш складана, чым абвяшчэньне незалежнасьці 25 жніўня.
Калі б пытаньне адклалі на месяц — прыняць «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг, магчыма, ужо не атрымалася б (як не атрымалася прыняць гімн).
У справе зацьвярджэньня «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга ў якасьці дзяржаўных сымбаляў дэпутатам давялося галасаваць некалькі разоў і нават уносіць зьмену ў Канстытуцыю, у выніку рашэньне было прынята «голас у голас».
У той жа дзень, 19 верасьня 1991, краіна атрымала іншую назву — Рэспубліка Беларусь (дэпутаты Апазыцыі БНФ прапаноўвалі — проста «Беларусь», без «рэспубліка»).