Усё залежыць ад нас.
Напярэдадні трывожных падзеяў для беларусаў – сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна і магчымым падпісанні інтэграцыйных дакументаў і дарожных мапаў – вядомы беларускі журналіст і абаронца Курапатаў Марат Гаравы выказаў «Рацыі» сваё стаўленне да гэтых падзеяў.
Таксама журналіст распавёў пра абарону Курапатаў, ініцыятыву «Эксперты ў абарону Курапатаў» і пра прапанаваныя праекты беларускіх і замежных архітэктараў, скульптараў і мастакоў па мемарыялізацыі гэтай беларускай гісторыка-культурнай каштоўнасці.
- Вы ўваходзіце ў грамадзянскую ініцыятыву «Эксперты ў абарону Курапатаў». Распавядзіце пра яе больш падрабязна: хто ў яе ўваходзіць і чым вы займаецеся.
Гэтая ініцыятыва была створаная напрыканцы 2013 года. Я вельмі шкадую, што мы не стварылі яе раней, таму што, каб мы стварылі яе раней, то больш дапамаглі б Курапатам, чым мы змаглі.
Галоўныя напрамкі нашай дзейнасці – гэта даследаванне Курапатаў, працяг таго, што зрабілі нашыя папярэднікі, папулярызацыя ведаў пра Курапаты, паўсюдная абарона Курапатаў перад грамадствам і ўладай, у першую чаргу ў судах. Вось як мы зараз, напрыклад, баронім Курапаты ад мажлівай новабудоўлі – нацыянальна-выставачнага цэнтра на полі паміж Курапатамі і «Экспабелам».
Мы ўпэўненыя, што не месца пад Курапатамі – пад нашым нацыянальным некропалем– будаваць такі комплекс. І ён замінае Курапатам, і Курапаты яму замінаюць, абсалютная дысгармонія. І калі, не дай Бог, паставяць гэты комплекс, там зменіцца ўся архітэктурна-ландшафтная сітуацыя і знікне дарога смерці.
- Шматлікія беларусы з трывогай чакаюць 8 снежня, калі мяркуецца падпісанне інтэграцыйнага пагаднення. І некаторыя грамадскія лідары выказваліся пра тое, што могуць з’явіцца новыя Курапаты. Што Вы думаеце на гэты конт?
- Усё можа быць. Ведаеце, усё залежыць ад нас. Чаму? Таму што ёсць такія вечныя рэчы як вера, надзея, любоў. Трэба працаваць, нешта рабіць, а не чакаць, што будзе. Калі мы будзем чакаць, з намі будзе самае горшае, што мы чакаем. Калі мы будзем рабіць, усё будзе нармальна.
Але я веру ў тое, што мы будзем незалежнай дзяржавай. Веру, спадзяюся і думаю, што ўсё будзе добра, толькі трэба „пахаць”. Не трэба рабіць выгляд працы, а трэба рабіць – кожны сваё, прафесійна, шчыра, сумленна, з душой, і ўсё будзе нармальна. Таму што Бог дапамагае таму, хто шчыруе, а таму, хто чакае, дае выспятка. Гэта ж даўно ў народзе вядома.