Незвычайны ўчора выдаўся дзень.
Няпросты выдаўся дзень. І нібы гэткі самы, як усе падобныя дні: Плошча, мітынг, шэсце, пратэстоўцы са сцягамі, АМАП з дручкамі, – і не гэткі самы. Бо і тыя, якія са сцягамі, і тыя, якія з дручкамі, ведалі: за дзве тысячы вёрстаў адсюль на сочынскім базары прадаецца Беларусь... “Што ж ім яшчэ трэба, – думаў я, гледзячы на пратэстоўцаў з міліцыянтамі, – што ж ім трэба яшчэ, каб стаяць не супраць адзін аднаго, а стаць адною сілаю? Начапіць на дручкі сцягі...
О, Беларусь!.. Наш шлях і крыж!
Любоў без меж і кроў без меж...
Глухім ты пра сябе крычыш?
Сляпых ты за сабой вядзеш?
Калі мы кажам, што жывеш,
Пра што ты стоена маўчыш?..
7 снежня 2019, Мінск, плошча Незалежнасці.
Нагадаем, ўчора ў Менску прайшла акцыя пратэсту супраць так званай інтэграцыі. Мітынг доўжыўся пяць гадзін і сабраў тысячы ўдзельнікаў. Арганізатары акцыі заявілі, што пратэст працягнецца 8 снежня а 12:00 на Кастрычніцкай плошчы Менска.
Уладзімір Някляеў, «Фэйсбук»