Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Сяргей Законнікаў: Трэба лавіць хамелеонаў за руку

11.12.2019 политика
Сяргей Законнікаў: Трэба лавіць хамелеонаў за руку

Час пераканаўча паказаў заганнасць аўтарытарнай сістэмы і яе праколы.

Падзеі апошняга часу, як на рэнтгене, высвечваюць прыстасавальніцкую, мітуслівую сутнасць мясцовага аўтарытарызму. На фоне гістарычнай праўды смешнымі і вартымі жалю выглядаюць хамелеоны, пачынаючы ад правіцеля-дэмагога і да «экспертаў», якія на БТ збіраюцца ў «Клубе редакторов», пiша Сяргей Законнікаў для sn-plus.com.

Пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне, моцны націск імперскай Расіі ў інтэграцыйнай валтузні прымусілі ўзурпатара і цэрбераў рэжыму ліхаманкава шукаць не толькі эканамічны, фінансавы, але і прапагандысцкі паратунак. Яны закруціліся, як уюны на гарачай патэльні.

Незалежнасць суверэннай Беларусі, якой цынічна гандлявалі «вялікі інтэгратар» і яго служкі, пачынаючы з 1994 года, раптам стала для іх «святой і непарушнай». А я раю тым суайчыннікам, у каго кароткая памяць, згадаць дарэшты ўсё, што раней гаварылася і рабілася, як рыхтавалася пастка.

Насуперак апалагетам А. Лукашэнкі, палітолагам і журналістам, якія лісліва і бессаромна ўзвялічваюць яго як «ратавальніка беларускага народа ад галоднай смерці», я, як і многія публіцысты, даўно сцвярджаю ў друку, што пасля набыцця незалежнасці стасункі паміж Беларуссю і Расіяй можна было будаваць абсалютна інакш. Тады ні знешнепалітычная, ні ўнутраная сітуацыя не вымагалі нашага прыніжэння і жабрацтва з працягнутай рукой. Прызнанне Беларусі на міжнароднай арэне, развітая навука, прамысловасць і сельская гаспадарка, нафтавы, газавы, чыгуначны, аўтамабільны транзіт і яшчэ шмат акалічнасцяў дазвалялі спакойна і ўпэўнена настойваць на раўнапраўным двухбаковым партнёрстве, пра якое цяпер з вялікай крыўдай на суседку пастаянна талдычыць А. Лукашэнка.

Гісторыя стасункаў з Расіяй іншых постсавецкіх краін, хоць ім таксама было складана пачынаць самастойнае жыццё, сведчыць, што яны занялі правільную пазіцыю. А тутэйшы ўзурпатар улады і яго каманда абралі лёгкі і прымітыўны шлях — спачатку банальнае выпрошванне рознай халявы, а пазней — дыпламатычныя хітрыкі і адкрыты шантаж. Яны спадзяваліся, што так будзе вечна, але кожнай лафе прыходзіць канец.

Акрамя таго, параўнаўча доўга трымаліся ўладныя амбіцыі А. Лукашэнкі, бо ў палітычным хаосе, які ў 90-х гадах ХХ стагоддзя панаваў на абсягу былой савецкай імперыі, былому дырэктару саўгаса хацелася стаць расійскім царом, на белым кані ўехаць у Крэмль. Грунтам грандыёзных планаў была ягоная пэўная вядомасць за кошт папулісцкіх фантазій сярод разгубленага люду, які страціў свой звыклы дом — СССР, і тая інтэграцыйная дамова, што павісла гірай на шыі ў Беларусі.

Час пераканаўча паказаў заганнасць аўтарытарнай сістэмы і яе праколы. Таму заўжды ўюнамі на гарачай патэльні выглядаюць удзельнікі тэлевізійнага «Клуба редакторов». Ім рэгулярна, пыкаючы і мыкаючы, даводзіцца апраўдвацца за ўладную хлусню і ўласныя фальсіфікацыі і падтасоўкі. Адразу ўспамінаецца фраза з фільма савецкага часу «Берегись автомобиля», калі герой вядомага акцёра А. Папанава кажа зяцю: «А ты не воруй!» Сапраўды, каб не апраўдвацца — не хлусіце.

На пасяджэнні, якое было прысвечана перазахаванню ў Вільні паўстанцаў 1863—1864 гг., яны нервова тузаліся, накідваліся з абвінавачваннямі на незалежныя СМІ, дайшлі нават да пошласці і непрыстойнасці, але так і не сказалі, чаму ў афіцыйных тэлерэпартажах «знікла» мноства людзей з гербам «Пагоня» і бел-чырвона-белымі сцягамі. Дарэчы, «вялікія знаўцы мінулага» дагаварыліся да таго, што нашага нацыянальнага гістарычнага сімвала не існавала да 1917 года (!). Імі раптам «забыты» баявыя сцягі войска ВКЛ у ХV стагоддзі, сцяг Святога Юр’я, пад якім кавалерыя граміла непрыяцеля ў бітве пад Оршай, сцяг на шляхецкім гербе «Котвіч» — «у срэбным полі чырвоны пас», бел-чырвона-белыя стужкі і сцяжкі паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Ніколі не працытуюць яны і памятныя словы нацыянальнага героя: «…Я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжо не будзе».

Безумоўна, недалёка ад мясцовых фальсіфікатараў адышлі і польскія хлуслівыя прапагандысты, якія ў тэлесюжэтах спрабавалі падаць беларускі бел-чырвона-белы сцяг за свой. Але гэта тэма асобнай гаворкі.

Даўно заўважаю і пішу пра тое, што аўтарытарная прапаганда пастаянна прыпісвае сабе ўсё лепшае, зробленае ў гады савецкай улады. Вось і зноў, гаворачы пра К. Каліноўскага, у «Клубе редакторов» выдалі: «У нас улицы называют его фамилией». Адна фраза, а выдае іх з галавой. Таму адначасова не магу не заўважыць, што маса афіцыйных ідэолагаў, прапагандыстаў, журналістаў не толькі прафесійна слабая, але і проста не ўмее гаварыць прыстойна ні па-беларуску, ні па-руску. Такое ў нас «двухмоўе».

Рэжым 25 гадоў носіцца як чорт з пісанай торбай з інтэграцыяй. А што за гэты час ён зрабіў для ўмацавання нацыі і дзяржаўнасці, для адраджэння роднай мовы, культуры, удасканалення адукацыі? Наадварот, ліквідуюцца нацыянальныя школы, не арганізаваны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання. Калі б беларусы не змарнавалі чвэрць стагоддзя на абслугоўванне індывіда, які намёртва ўчапіўся за ўладу, то несумненна мелі б значныя набыткі ў нацыянальным, эканамічным і сацыяльным плане.

Лавіць хамелеонаў за руку і тыкаць носам у імі створанае паскудства трэба абавязкова. Душыцелі свабоды, забойцы, садысты, знішчальнікі мовы народа спадзяюцца, што пройдзе час — і ўсё забудзецца, так, як гэта адбылося са сталінскімі галаварэзамі. Нічога не выйдзе, «господа»! У гісторыі з дапамогай новых тэхналогій занатуецца кожнае злачынства…

Радыё «Эхо Москвы» паведаміла: «Российско-белорусские переговоры, прошедшие в канун 20-летия подписания Договора о создании Союзного государства, не привели к принятию программы углубленной интеграции. По итогам пятичасовой встречи в Сочи Владимир Путин и Александр Лукашенко даже не вышли к журналистам».

Паралельна з інтэграцыйнымі перамовамі ў Сочы праведзены шматлюдныя пратэстныя акцыі ў Мінску. Іх удзельнікі прайшлі па вуліцах і плошчах, у прамовах, плакатах, лозунгах, малюнках, перформансах дасціпна і з’едліва выкрылі нахабных хамелеонаў Беларусі і Расіі. Запомнілася разумнае, шчырае выказванне простай беларускай жанчыны: «Мы хочам і будзем жыць з суседзямі дружна, але ў сваёй хаце!»

У імперскай Расіі засталася цяпер толькі адна інтэграцыйная «лялька» —Рэспубліка Беларусь, бо ўсе астатнія «браты» і «сёстры» па СССР адпалі. А таму яна будзе тузаць самую бліжэйшую суседку за нафтавыя, газавыя, камплектуючыя, тэхналагічныя, гандлёвыя, навуковыя, інфармацыйныя, культурныя, моўныя і іншыя «нітачкі» да той пары, пакуль А. Лукашэнка са сваім халуйскім кланам не падыме рукі ўгару. Пакуль ён знаходзіцца на чале нашай краіны, вялікая небяспека застаецца.

Увогуле, калі (не дай Бог!) нешта кепскае і вырашыцца ў дачыненні да незалежнасці Айчыны, то ўсё адбудзецца без ведама беларускага народа, спадцішка і знянацку, як апісана мною ў лютым 1997 года ў вершы «Пелька»:

Прачынаешся раніцай — на табе:

І не дома ты, і не ў гасцях…

А пакуль што паміж Масквой і Мінскам «согласованы не все вопросы», таму шабас палітычных і прапагандысцкіх хамелеонаў працягваецца.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]