Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Жульніцкая дзяльба не застанецца вечнай

17.12.2019 политика
Жульніцкая дзяльба не застанецца вечнай

Практыка перамагае прапаганду.

Як бы правіцель, чыноўнікі і афіцыйныя СМІ ні расхвальвалі аўтарытарную дзяржаву, а яе сутнасць застаецца нязменнай — гэта шчодрая кармушка для начальнікаў і механізм прыгнёту, цынічнага выкачвання грошай з астатніх, звычайных грамадзян.

Сэнс майго роздуму палягае не ў тым, каб разглядаць сацыяльны канфлікт паміж беднымі і багатымі людзьмі. Заўсёды трэба памятаць, што паняцце справядлівасці прадугледжвае не маёмасную і грашовую роўнасць усіх людзей, бо яны маюць неаднолькавыя фізічныя і разумовыя дадзеныя, а толькі стварэнне ўмоў для самарэалізацыі кожнага працаздольнага чалавека. Акрамя таго, дзяржава абавязана клапаціцца пра інвалідаў, старых людзей і дзяцей, забяспечваць ім магчымасць прыстойнага жыцця.

Калі маёмасць і грошы нажыты законным чынам, то — на здароўе. Пасля савецкай ураўнілаўкі, якая ўсім абрыдла, суайчыннікі пачалі з разуменнем ставіцца да прыватнай уласнасці. Грамадства, хіба толькі за выключэннем хранічных алкаголікаў і наркаманаў або лайдакоў-люмпенаў, стала паважаць ініцыятыўных, працавітых людзей.

У Беларусі індывідаў, якія валодаюць велізарным капіталам, не надта шмат. Пра тое, як яны разбагацелі, маюцца звесткі ў інтэрнэце, а таму цікаўнасць можна задаволіць. Ёсць у нас, як сведчаць замежныя фінансавыя арганізацыі і эксперты, нават засакрэчаныя доларавыя звышбагацеі, але гэта тэма іншай гаворкі.

Я ж звярну ўвагу на «бюджэтных багацеяў», якія сталі тормазам на шляху грамадства да дэмакратычнага, цывілізаванага жыцця.

У суверэннай Рэспубліцы Беларусь за перыяд аўтарытарызму на змену савецкай «дыктатуры пралетарыяту», або гэтак званага «народаўладдзя», ціхай сапай прыйшла дыктатура бюракратыі. Яе характэрныя адзнакі — рост дзяржаўнага апарату і рэпрэсіўных сілавых структур, адсутнасць адкрытых, сумленных выбараў і справаздачнасці ўлады перад народам.

Пазбавіцца ад дыктатуры бюракратыі можна толькі намаганнямі значнай часткі грамадства. Правільна кажа расійскі палітык Р. Яўлінскі: «Чтобы начать освобождать страну от мафии, чтобы участвовать в построении будущего, нас должно быть больше, наша позиция — четче, наш голос — громче».

Але народ не гатовы да змен, знаходзіцца ў стане чакання «з мора пагоды». Яшчэ бяда ў тым, што ў гаспадаранні пануе дзяржаўны сектар, не праведзены рэформы, не развіваецца малы і сярэдні бізнес. Па звестках Белстата ў 2018 годзе колькасць занятага насельніцтва ў дзяржаўнай уласнасці складала 39,7%, у прыватнай — 56,1% (у тым ліку з доляй дзяржаўнай — 19,6%), у замежнай — 4,2%. За тры гады колькасць прыватнікаў знізілася, а «дзяржаўнікаў» — павялічылася. Прытым прыватны сектар знаходзіцца ў няроўных умовах з дзяржаўным, бо апошні мае дапамогу ад улады. Аўтарытарная, закасцянелая Беларусь і алігархічная, заманапалізаваная Расія ў эканоміцы не ідуць наперад, а топчуцца на месцы або адступаюць.

Кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі А. Крэмер, аналізуючы стан тутэйшай эканомікі, падкрэсліў: «У доўгатэрміновай перспектыве траекторыя росту будзе залежаць ад таго, наколькі краіна дасягне поспехаў у паляпшэнні ўмоў для прыватнага бізнесу, і ад таго, ці будзе дзяржсектар тармазіць эфектыўнасць эканомікі».

Пакуль павароту да прагрэсу няма. Замест таго каб даваць свабоду, ажыўляць эканамічны працэс шляхам народнай ініцыятывы і мець вынікі, улада, нібы баскакі (мангольскія чыноўнікі) і бесермэны (мусульманскія купцы) ў час панавання Арды на Русі, тупа нацэлена на збор «ясака» і «тамгі». Дарэчы, ад апошняга цюрскага слова і паходзіць тэрмін «таможня», які замацаваўся ў рускай мове.

Бюджэтны «пірог» складаецца ў першую чаргу з асноўных падаткаў (85%), якія выплачваюцца арганізацыямі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі або на месцы працы вылічваюцца з фізічных асобаў. Але значную долю ў ім займаюць і дадатковыя прыбыткі: транзіт, растаможка тавараў, штрафы, пені. Уладзе асабліва падабаецца скубсці фінансава палітычных апанентаў, якія праводзяць пратэстныя акцыі. Тут адміністратыўны рэсурс раскручваецца «на ўсю катушку».

Выдатна, што ў краіне ёсць значны пласт смелых і мужных грамадзян, якія, нягледзячы на рэпрэсіі, не спыняюць змагання за лепшае жыццё. Але цяжка сказаць, калі сябе выявяць усе беларусы.

Аналізуючы стан грамадства, ад якога залежаць змены, бо зверху на гэта палітычнай волі ніколі не будзе, трэба прызнаць, што яно — незгуртаванае і ў значнай меры «пафігісцкае», абыякавае. Нягледзячы на рост недаверу да ўлады, людзі, якія ад яе залежаць, баяцца згубіць тое мізэрнае, што маюць. На іх не ўплываюць запэўніванні экспертаў, што пры пераходзе ад аўтарытарызму да дэмакратыі абвальнага пагаршэння жыцця не будзе, што пачнецца рост дабрабыту, як у Польшчы. Там грамадзяне адгукнуліся на заклік суайчынніка К. Вайтылы (Папы Рымскага Яна Паўла ІІ): «Не бойцеся!» — і не шкадуюць. А ў нас, хоць фальсіфікуюцца яўка і галасы, на выбарчыя ўчасткі ўсё ж клыпаюць з кульбамі старыя, сагнутыя людзі, камандзірамі заганяюцца вайскоўцы, куратарамі — студэнты. Іх гоніць страх перад уладай...

Бюджэтны пірог дзеліцца, а каля яго з талеркамі стаіць чарга. Першымі ў ёй — чыноўнікі, дэпутаты і сілавікі, а ў хвасце — астатнія бюджэтнікі. Малюнак уражлівы. Што б ні «вяшчаў» А. Лукашэнка пра «дэмакратыю і справядлівасць, якім Захаду трэба вучыцца», а гэтая дзяльба — наскрозь жульніцкая. Каб пераканацца, дастаткова зірнуць на лічбы. На абслугоўванне дзейнасці прэзідэнта выдзелена 23 мільёны рублёў. Толькі органам унутраных спраў выдаткавана 854 мільёны рублёў, што болей, чым на вышэйшую і агульную сярэднюю адукацыю разам. А яшчэ ёсць армія, КДБ і іншыя сілавікі.

Што тычыцца заробкаў і выплат, то Белстат сведчыць, што да 300 рублёў у месяц атрымлівае 3% працаздольных, ад 300 да 800 — 51,6%, ад 800 да 1500 — 35,2%. Начальства (у тым ліку пенсійнае), як правіла, уваходзіць у графу ад 1500 рублёў і вышэй, такіх шчасліўцаў — 9,1%. Звыш 10000 рублёў мае 0,1% грамадзян.

Насельніцтва выдаткуе заробленае такім чынам: харчаванне — 39,5%, прамысловыя тавары — 31,3%, аплата паслуг — 26,3%. Як бачым, сэканоміць на «чорны дзень», на летні адпачынак, на тэатр або канцэрт немагчыма. Даводзіцца абыходзіцца бясплатнымі гуляннямі і салютамі па святах.

Паралельна з катэджамі ў Драздах расце колькасць людзей, якія з торбамі і каляскамі абыходзяць гарадскія сметніцы. А. Лукашэнка нядаўна заявіў: «Я сижу в лесу за забором». Безумоўна, высокія агарожы не дазваляюць не толькі яму, але і ўсім начальнікам бачыць збядненне большасці насельніцтва.

Бюджэт краіны на 2020 год адрозніваецца ад папярэдняга толькі тым, што ён дэфіцытны — амаль на 1 мільярд рублёў. А дзеліцца, як і раней.

Жульніцкая дзяльба не застанецца вечнай. Але драмы не пазбегнуць. Калі аўтарытарнае, рабаўніцкае і невуцкае кіраванне краінай закончыцца банкруцтвам, то адказваць за гэта будзе некаму. Вінаватыя «зліняюць» за мяжу да «нажитых непосильным трудом» нерухомасці і рахункаў або сыдуць на пенсію, каб спакойна спажываць накрадзенае.

А замбаваны люд, які славіў «нашего президента», нарэшце спахопіцца, здзіўлена разявіць рот, ахне і пачне клясці «ў хвост і ў грыву» ўсіх. Ды толькі зноў не самога сябе…

Сяргей Законнікаў, n-plus.com

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]