Спыніць іржавую змову інтэграцыі можа толькі сам народ.
«Апошні пэрыяд года поўны падзей і ўрачыстых, і трывожных. Але будзем казаць аб галоўным», — піша ў артыкуле на сайце «Беларуская салідарнасьць» лідар партыі КХП-БНФ Зянон Пазьняк.
«Галоўная ўрачыстая, жалобная і ганаровая падзея года – перапахаваньне герояў Паўстаньня 1863 года ў Вільні. Гэта факт сімвалічны, які засьведчыў, што Каліноўскі ёсьць Сьцягам Беларускай нацыі. Ён засьведчыў, што Вільня была і будзе для беларусаў сьвятым горадам, куды і адкуль вядуць усе шляхі велічы нашай гісторыі.
Непрыяцелі Беларусі, між іншым, добра разумеюць беларускую сакральнасьць Вільні і лучнасьць зь ёй Каліноўскага. Яны хацелі разарваць гэтую лучнасьць, прымітыўна нашкодзіць ажыцьцяўленьню вялікай падзеі. Але нічога зь іхнай авантуры «падпіснога ліста» ня выйшла. Я рады, што сябры нашай Партыі актыўна паспрыялі захаваньню цэласнасьці падзеі і спынілі шкодныя прапановы.
Тым часам сітуацыя зноў вельмі трывожная ў сувязі з актывізацыяй маскоўскай палітыкі па анэксіі Беларусі. Працэс падаецца пад назовам «паглыбленьня інтэграцыі», дзе складаецца дэталёва распрацаваны плян анэксіі Беларусі і адбываецца гандаль краінай паміж дзьвюма мафійнымі (у рэчаіснасьці крымінальнымі) групамі ўлады Масквы і Менска. Нягледзячы на тое, што зьмест змоўніцкіх напрацовак схаваны ў сакрэце, сам працэс плянаваньня захопу Беларусі адбываецца навідавоку ўсяго беларускага грамадзтва. Грамадзтва ўсё гэта бачыць, але складваецца ўражаньне, што людзі ніяк ня могуць паверыць, што на вачах ва ўсіх рыхтуецца сьмерць іхняй краіны. Ім падаецца тое неверагодным.
Тым ня менш «тое» адбываецца незаконна, неканстытуцыйна, бяспраўна. І ўсе на гэта са зьдзіўленьнем і трывогай глядзяць.
Мне ўжо прыходзілася зьвяртаць увагу, што змова аб інтэграцыі, якая адбываецца за зачыненымі дзьвярыма, і якую мы назіраем, мае ўсе прыкметы дзяржаўнай здрады і менавіта гэтак можа быць ацэнена. Пры наступленьні яе, народ мае права да пакараньня здраднікаў усімі даступнымі сродкамі, уключна да ліквідацыі злачынцаў. Тут не пагроза, але канстатацыя права ў выключных абставінах.
Мы бачым, што ў гандлі пра інтэграцыю змоўшчыкі кіруюцца не законамі, не правам, а палітычнымі інтарэсамі. Гэта мэтадалёгія вайны. Яна небясьпечная тым, што калі прымаецца палітычнае рашэньне не аснованае на законах і на праве, то яно становіцца прычынай і повадам для агрэсіі. Менавіта так адбываўся захоп Крыма і Данбаса і агрэсія Расеі супраць Украіны.
Тады, калі ня дзейнічаюць законы, супраціў і актыўнасьць народа могуць перамяніць становішча. Задача палітычнай партыі змаганьня рыхтаваць народны супраціў. Мабілізацыя можа стаць пачаткам вялікіх перамен», — піша палітык.
Зянон Пазьняк адзначае, што пратэсты супраць змовы інтэграцыі Беларусі ў Расею пачнуцца ў Менску ўжо 20-га сьнежня. Назаўтра, 21-га ў суботу, на мітынг-сход запрашаюцца людзі з усёй Беларусі.
«Трэба мець на ўвазе: тое, што Масква адмовілася ад голаснага аб’яўленьня аб выніках змовы і перавяла працэс у рэжым спатканьняў і ўзгадненьняў, тое зусім не абазначае, што змова спынілася і што гэтым яны ня будуць займацца. У разбойстве ёсьць сутнасьць расейскай псіхічна хворай дзяржавы. Для яе характэрна: падрыхтоўка агрэсіі, захопу, разбурэньня эканомікі суседзяў, інвазія, прапагандысцкі напад, падрыўная дзейнасьць, агентурная дэзарганізацыя жыцьця іншых краін, вайна і пагроза вайны. Падрыхтоўка агрэсіі і падрыў Беларусі з боку Расеі ніколі ня спыняцца. Напад можа быць адкрыты, як на Грузію і Украіну, альбо павольны. Будуць тачыць, як іржа, адкусваць па кавалачку, але ніколі не перастануць, незалежна ад палітычнага характару іхняй улады.
Спыніць гэтую іржавую змову інтэграцыі можа толькі сам народ. І таму патрэбна яго мабілізацыя.
Змаганьне супраць інтэграцыйнай змовы і мабілізацыя людзей на гэтае змаганьне павінна стаць цяпер нашай прыярытэтнай задачай. Нельга недаацэньваць падступнасьці змоўшчыкаў. Тактыка валакіты, зацягваньня і перамоваў, якую яны пачалі, не павінна нас расслабляць. Мы ведаем, што ў любы час яны могуць прымяніць свой бандыцкі выскок. Але задушыць Беларусь зьнянацку ня ўдасца, нават калі палезуць з танкамі, якія дыслякавалі на ўсходніх межах нашай краіны. Мы яшчэ станем сьведкамі краху імпэрыі зла», — упэўнены Зянон Пазьняк.