Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Уладзімір Някляеў: Я да гэтага часу ўдзячны людзям Плошчы

20.12.2019 политика
Уладзімір Някляеў: Я да гэтага часу ўдзячны людзям Плошчы

Паэт і палітык — пра ўзвышэнне беларускага нацыянальнага духу.

Палітык і былы палітвязень Уладзімір Някляеў узгадаў для сайта palitviazni.info снежаньскія падзеі дзевяцігадовай даўніны.

19 снежня 2010 году ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары і вечарам таго ж дня ў сталіцы адбылася масавая акцыя пратэсту.

– З часам ацэнкі тых снежаньскіх падзей змяняюцца, – кажа Уладзімір Някляеў. – Нехта з удзельнікаў лічыць вынік Плошчы-2010 паразай, хтосьці – перамогай, але для мяне ў любым выпадку тыя падзеі – гэта ўзвышэнне нацыянальнага беларускага духу, дэманстрацыя ўнутранай годнасці беларусаў і разуменне таго, у якім свеце яны жывуць і што з гэтым часам рабіць. А час патрэбна было змяняць. Каб змяніць час і ўмовы жыцця, людзі ў 2010 годзе і выйшлі на вуліцу.

– Па некаторых падліках, тады пратэставала каля 50 тысяч чалавек…

– Іх было значна больш, чым падавала афіцыйная прапаганда, і нават больш, чым мне ўяўлялася перад тым, калі рыхтавалася акцыя.

На жаль, тое, што меркавалася зрабіць (а ставілася задача – змена рэжыму), мы не дасягнулі. Шмат абставін паўсталі ўпоперак на шляху да дасягнення гэтай мэты. Нейкія былі аб’ектыўныя, нейкія – суб’ектыўныя.

Да суб’ектыўных магу аднесці тое, што я, напрыклад, не меў тады такога палітычнага досведу, які маю на сёняшні дзень. Гэтым і былі абумоўлены мае аб’ектыўныя памылкі.

Цяпер бы тыя памылкі я ўжо не дапусціў, але, як кажуць, позна воз запрагаць, калі каня згубіў.

На той час я зрабіў усё, што мог. Шчыра скажу: не чакаў я тады, што мяне спецназ спыніць адразу, што саб’юць, што апынуся ў палаце рэанімацыі. І не чакаў гэтага па той прычыне, што мяне напярэдадні нашы заходнія партнёры пераконвалі – беларускія ўлады, маўляў, знаходзяцца ў складанай эканамічнай сітуацыі, няпростых стасунках з Расіяй, а таму на брутальны разгон акцыі не пойдуць.

Тады і насамрэч з Расіяй былі досыць няпростыя адносіны, па расійскіх тэлеканалах паказвалі фільмы пра Лукашэнку, якія прадстаўлялі яго не ў самым лепшым свеце. Здавалася, што беларускія ўлады паставілі на Расіі крыж, і ў такой сітуацыі яны дастаткова спакойна адрэагуюць на мірную акцыю пратэсту.

– Але ўсё пайшло па іншым плане…

– Усе памыліліся і ў веданні характара беларускага кіраўніка, і ў беларуска-расійскіх стасунках. Плошча адбылася 19 снежня, а 9 снежня Пуцін паклікаў Лукашэнку ў Крэмль і там бакі дамовіліся па энерганосьбітах.

Пасля гэтага агульная сітуацыя ў краіне рэзка змянілася. Але тая частка беларусаў, якая разумее жыццё не толькі як спосаб есці і піць, выйшла на плошчу. І я гэтым людзям да гэтага часу вельмі ўдзячны!

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]