Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Пытанне не ў тым чаму «зараз», а ў тым, чаму «дасюль...»

23.12.2019 политика
Пытанне не ў тым чаму «зараз», а ў тым, чаму «дасюль...»

Такіх, як Гараўскі, Паўлічэнка ды іншыя, хапае ў Беларусі.

Яны выконвалі і выканаюць любыя загады, і нават калі пасля раскажуць пра свае злачынствы, будуць рабіць гэта будзённа і без пакутаў сумлення. Гэтыя людзі атрымліваюць добры заробак з нашых з вамі кішэняў. Яны ці ўжо атрымалі, ці абавязкова атрымаюць добрую пенсію. І заўсёды на любыя папрокі ў парушэнні закона будуць адказваць: «Я толькі выконваў загад».

Як вядома, 16 снежня (Deutsche Welle апублікавала відэа/news/377987/), у якім Юрый Гараўскі, які назваўся байцом спецыяльнага атраду хуткага рэагавання (САХР), распавёў, як удзельнічаў у выкраданні і забойстве апанентаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму. Тады ў Беларусі зніклі апазіцыянеры Юрый Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Таксама быў апублікаваны тэкст падрабязнага інтэрв’ю з Гараўскім. Не буду ўсё пераказваць, вы ўжо самі шмат пра гэта ведаеце.

Гараўскі сцвярджае, што можа расказаць усё, што яму вядома, пад прысягай у судзе. DW адзначае, што Юрый Гараўскі прадаставіў ім арыгіналы і копіі дакументаў, якія пацвярджаюць яго асобу і гісторыю. Пасля праверкі паведамленых ім фактаў — наколькі гэта было магчыма, — і прымаючы пад увагу іх значнасць, DW вырашыла апублікаваць інтэрв’ю.

Адразу пасля публікацыі загучалі абвяржэнні з боку тых, каго абвінаваціў Гараўскі, версіі і развагі наконт таго, чаму гэта інтэрв’ю з’явілася менавіта цяпер, і шмат іншых здагадак, версій і меркаванняў.

Напрыклад, Алесь Бяляцкі ліыць, што агучаная Гараўскім інфармацыя патрабуе абавязковага расследавання. І што бяздзейнасць Следчага камітэта ў гэтай сітуацыі можна будзе расцэньваць як жаданне ўладаў схаваць страшную праўду.

У адказе на зварот «Радыё Свабода» Следчы камітэт паведаміў: «Пакуль мы ў стадыі высвятлення. Калі інфармацыя будзе падрыхтаваная, мы яе апублікуем».

У Генеральнай пракуратуры «Свабодзе» паведамілі, што рэагаваць на новыя факты, агучаныя ў апублікаваным нямецкімі журналістамі фільме, можа Следчы камітэт. Гэта абумоўлена тым, што справа аб знікненні Ганчара, Захаранкі і Красоўскага па-ранейшаму расследуецца.

«Справа не закрытая, яна расследуецца, — паведаміў прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Дзмітрый Брылёў. — Уся новая інфармацыя, у тым ліку публікацыі ў СМІ, следчаму цікавыя. Яны могуць быць разгледжаныя. Пазіцыю наконт гэтага павінен фарміраваць Следчы камітэт». МУС на той момант для каментароў быў недасяжны.

«Яго словы трэба прымаць за праўду. Можа, ён не ўсё бачыў і не ўсё ведае. Гэта трэба ўлічваць. Ён на сябе такі цяжар узяў, я думаю, што ён за яго годна адкажа. Гэта не жарты, не калі рыбу скраў у краме», — кажа экс-начальнік СІЗА № 1 Алег Алкаеў.

На думку Алега Волчака, які ўзначальваў грамадскую камісію расследавання знікненняў экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, апазіцыянера Віктара Ганчара і ягонага сябра Анатоля Красоўскага, Юрый Гараўскі пацвярджае звесткі пра расстрэльны пісталет, вядомыя са словаў Алега Алкаева, а таксама былых супрацоўнікаў пракуратуры.

Цалкам зразумела, што Паўлічэнка абвяргае агучаную Гараўскім інфармацыю і кажа, што той ніякага дачынення да САХР не мае. Юрый Сівакоў, які кіраваў унутранымі войскамі ў 1999–2000 гадах, назваў прызнанні Гараўскага ўкідам напярэдадні перамоваў Лукашэнкі і Пуціна.

Дарэчы, не адзін Сівакоў лічыць гэта інтэрв’ю калі не фабрыкацыяй, то адмыслова зробленым для ціску на Лукашэнку. Гэта версія можа, канечне, існаваць, але мала хто з сур’ёзных аналітыкаў будзе яе прытрымлівацца.

Так, безумоўна, гэта інтэрв’ю можна разглядаць як спробу прыстрашыць Лукашэнку магчымым злівам іншай жахлівай інфармацыі. І што? Нібыта ніхто ў краіне ці за яе межамі не ведае, хто такі А. Лукашэнка і на што ён здольны?

Можна інтэрв’ю Гараўскага разглядаць і як спробу давесці: бачыш, мы ўсё гэта ведаем і мы цябе прымаем, але цывілізаваная Еўропа не прыме. Але няўжо хтосьці яшчэ верыць, што кіраўніку Беларусі хочацца ў цывілізаваную Еўропу?

Таму, калі сапраўды нехта прыспешыў выхад гэтага інтэрв’ю ў спадзяванні на патрэбны подпіс пад дакументамі на сустрэчы з Пуціным, — ён памыліўся.

Асабіста мяне больш хвалюе пытанне, не чаму цяпер з’явіліся прызнанні экс-байца, а чаму дасюль, да гэтага часу, пры ўсёй інфармацыі і доказнай базе, тыя, хто мае дачыненне да справаў зніклых, не пакараныя судом? Хаця, канечне, гэта пытанне можна лічыць рытарычным. Адказ на яго відавочны…

«Пры цяперашняй уладзе мы з гэтай інфармацыяй мала што можам зрабіць. Мяне трасе, калі ўсё гэта чытаю, а нічога не магу зрабіць. Спрабую нешта прыдумаць. Вось ён кажа, што можа ўказаць месца, дзе забілі Ганчара і Красоўскага. І што, калі мы туды прыедзем, што будзе? Хто нам дазволіць туды прайсці? І ўвогуле, я перакананая, што іх целаў ужо не знойдзеш», — разважае Святлана Завадская.

Аднак яшчэ больш мяне хвалюе тое, што такіх, як Гараўскі, Паўлічэнка ды іншыя, хапае ў Беларусі. Яны выконвалі і выканаюць любыя загады, і нават калі пасля раскажуць пра свае злачынствы, будуць рабіць гэта будзённа і без пакутаў сумлення. Гэтыя людзі атрымліваюць добры заробак з бюджэту, то-бок з нашых з вамі кішэняў. Яны ці ўжо атрымалі, ці абавязкова атрымаюць добрую пенсію, якая будзе ў разы большая, чым наша з вамі. І заўсёды на любыя папрокі ў парушэнні закона будуць адказваць: «Я толькі выконваў загад».

Аксана Колб, «Новы час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]