Віншаванне на Божае Нараджэнне 2019 года біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі.
Віншаванне на Божае Нараджэнне 2019 года біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі апублікаваў сайт catholic.by:
Анёл сказаў ім: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан» (Лк 12, 10)
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце! Людзі добрай волі!
Святкаванне Божага Нараджэння — гэта час радаснага адкрыцця любові Бога і блізкіх нам людзей. Стварыцель і Адкупіцель адкрываецца нам як Той, хто прыходзіць у свет, каб быць прадказаным прарокамі Эмануэлем — «Богам з намі» (пар. Іс 7, 14; 8, 10. Мц 1, 22–25).
Гэты найвялікшы скарб усіх часоў, аб’яўлены нам ва ўбогай стаенцы ў Бэтлееме, ёсць і застанецца дарам для кожнага пакалення людзей ажно да сканчэння свету.
Няхай жа радасць Евангелля — Добрай Весткі аб прыйсці ў свет Збавіцеля — напаўняе нашыя сэрцы сапраўдным супакоем і жывой верай у кожны дзень надыходзячага 2020 года.
Праўда аб тым, што Сын Божы прыйшоў і застаецца з намі няспынна, няхай асвятляе надзеяй кожную справу і будзе крыніцай веры ў дабро, якое заўсёды перамагае (гл. Мц 28, 16–20). Найсвяцейшая Дзева Марыя і святы Юзаф, якія чуваюць каля ясляў Нованароджанага Дзіцяткі Езуса, няхай выпрошваюць для кожнага з нас усе неабходныя Божыя ласкі і шчодрае благаслаўленне.
З нагоды надыходзячага святкавання Божага Нараджэння звяртаюся да кожнага з вас з каляднымі і навагоднімі віншаваннямі. Няхай жа гэты час будзе для ўсіх нас такім жа радасным і прыгожым, як гэта перажывалі шматлікія мінулыя пакаленні нашых продкаў. Няхай перажыванне таямніцы Уцелаўлення Божага Сына ўносіць у нашае жыццё святло веры ў непераможнасць вечных каштоўнасцяў дабра і праўды. Няхай святкаванне Божага Нараджэння будзе для кожнага з нас не сустрэчай з прыгожым паданнем ці легендай, але станецца фактам рэальнага спаткання з Божай Любоўю, якая адзіная мае моц перамяніць розумы і сэрцы людзей на лепшае.
Ціхая і святая ноч Хрыстовага Нараджэння няхай заяснее святлом Бэтлеемскай зоркі ў нашай штодзённасці, перамяняючы сумненне ў радасць, няўпэўненасць у адважны позірк у будучыню, давераную Міласэрнаму Богу.
Хрыстус нарадзіўся — славім Яго!
З пажаданнямі Божага благаслаўлення і святочнымі віншаваннямі,
Антоні Дзям’янка, біскуп Пінскі.