Біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці павіншаваў вернікаў са святам Раства Хрыстовага.
Віншаванне з Нараджэннем Пана 2019 біскупа Аляксандра Яшэўскага апублікаваў сайт catholic.by:
«Будзем жа святкаваць без раскошаў, па-Божаму; не па-свецку, але як тое, што па-над светам; не нашае свята, а свята Таго, Хто стаў нашым, а лепш жа сказаць — свята нашага Валадара; не свята немачы, а свята аздараўлення; не свята стварэння, а свята аднаўлення».
Св. Грыгорый Назіянзскі, Слова 38 на Божае Нараджэнне
Дарагія браты і сёстры і ўсе людзі добрай волі!
Святу Божага Нараджэння папярэднічае Адвэнт — перыяд чакання. А мы ведаем, што вялікія і каштоўныя рэчы нярэдка настаюць праз доўгі час, перыяд устрымання і падрыхтоўкі.
Дзве тысячы гадоў таму Усемагутны Бог прыйшоў на зямлю ў пакоры і беднасці як маленькае бездапаможнае немаўлятка, якое нарадзілася ў яслях. Такім простым было першае Божае Нараджэнне.
Ці магчыма перажыць свята Божага Нараджэння ў аўтэнтычнай радасці, не памятаючы пра Дзіцятка, якое нарадзілася для нас? Як жа важна аднавіць яслі нашага сэрца, каб падрыхтавацца да прыйсця Немаўляці-Караля.
Святкаванне нараджэння Хрыста з’яўляецца пачаткам для кожнага з нас — магчымасцю аднавіць нашае жыццё нанава, стаць ізноў нібы маленькімі дзецьмі, нанава адкрыць цнатлівасць і дабрыню, уменне здзіўляцца і радавацца, давяраць і любіць.
Жадаю вам Божай дапамогі ва ўсіх добрых справах і добрых пачынаннях, здароўя, спакою, шчасця і дабрабыту. Няхай ззянне Бэтлеемскай зоркі апраменіць душу святлом праўды, веры, надзеі і любові, а сэрца напоўніць моцаю, міласэрнасцю і добразычлівасцю. Няхай надыходзячы Новы 2020 год няхай будзе для вас шчодрым і благаслаўлёным!
Аляксандр Яшэўскі
Біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці