Каліноўскі не загінуў, жыве ў кожным з нас.
Тэму роздуму падказала назва маёй новай паэмы — «Вечны пароль», дзе галоўным героем выступае просты беларус. Планетарныя падзеі змушаюць звяртацца да гісторыі Айчыны, бачыць дасягнутае і драматызм памылак продкаў, значнасць нацыянальнага патэнцыялу, які нам трэба рэалізаваць.
У красавіку 1991 года я апублікаваў эсэ «Беларускае сэрца». Праз два гады пад такой назвай выйшла кніга. Мяркую, што думкі, выкладзеныя ў ёй, не састарэюць ніколі. Вось яны: «Роднае, роднасць… Якой неспасцігальнаю таямніцаю людской трываласці, якім глыбокім і высокім сэнсам жыцця поўняцца такія звыклыя словы! Вось чаму незатаптанае, нездратаванае нацыянальным нігілізмам і манкурцтвам беларускае сэрца абдымае сваёй любоўю і, як сказаў волат айчыннае духоўнасці, геніяльны Францішак Скарына, «вялікаю ласкаю» ўсё блізкае, крэўнае. Высокія пачуцці прымушаюць сэрца сапраўднага беларуса біцца часцей, калі ён успамінае пра сваю далучанасць да нашай шматпакутнай, сціплай і такой прыгожай, шчодрай зямлі, да ўзгадаванага на ёй самаахвярнага, цярплівага, трывушчага, працавітага, таленавітага і мужнага народа — сваёй вялікай радні, да роднае мовы, культуры.
У паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, аднаго з самых палымяных і шчырых змагароў за волю і лепшую долю беларусаў, быў пароль: «Каго любіш?» — «Люблю Беларусь!» — «Дык узаемна!» Заўважым: «каго?». Гэтым самым адважныя дзецюкі сцвярджалі, што Беларусь для іх не проста нейкі сімвал, а жывая плоць і жывы дух. Кім уяўлялася яна змагарам: маці, сястрою, каханаю, дачкою? Ды ўсімі і ўсім! Бо нельга ў такім разуменні Айчыны адасобіць, раскласці на паліцы зямлю, народ, мову. Беларусь была іхняю існасцю.
Але, на жаль, выхаваць такое пачуццё ва ўсёй грамадзе беларусаў не ўдалося. Гісторыя ад мінуўшчыны, схаванай у тумане часу, і да сёння сведчыць, што не было ў нас ніколі спакойнага, нармальнага чалавечага развіцця, пастаянна ішло знясільваючае змаганне за права «людзьмі звацца».
Больш чвэрці стагоддзя мінула, а сітуацыя з умацаваннем нацыянальнага духу не мяняецца. Лакальныя зрухі да лепшага выглядаюць выключэннем і здзейснены толькі намаганнямі энтузіястаў, а не незалежнай дзяржавай, якая носіць імя — Рэспубліка Беларусь.
Нават беларусы, якія лічаць сябе «прасунутымі» ў нацыянальным плане, не даходзяць да глыбокага разумення важнасці беларускасці, стваральнага стаўлення да яе, якое было ў К. Каліноўскага і іншых паўстанцаў.
Варта ўважліва ўгледзецца і ўчытацца ў яго тэксты. Якая выдатная мова! Каліноўскі бярэ за душу сваёй выключнай шчырасцю, апантанай прагай свабоднага жыцця, непаказной эмацыйнасцю, узнёсласцю пачуццяў, менавіта нашымі размоўнымі стылёвымі спосабамі. Лацінка ніколькі не перашкаджае ўспрыняццю напісанага...
Усе атрыбуты нацыі важныя, але мова мае галоўны статус. З часоў Ф. Скарыны яна захоўвае нас на Зямлі. Родная мова —гэта нацыянальны генны код. Калі ўладныя і прыўладныя манкурты, пустадомкі і боўдзілы яго разбураць, мы знікнем. На тэрыторыі ад Брэста да Оршы, ад Браслава да Лельчыц будзе жыць не нацыя, а людзі без апазнавальных знакаў, якім дастаткова чаркі гарэлкі, лусты хлеба, скрыля сала, гуляў, наладжаных чыноўнікамі. Нездарма сёння тысячы беларусаў устрывожаны станам мовы, пішуць лісты ў адміністрацыі, у рэдакцыі газет, заклікаюць яе ратаваць.
У свой час грамадства апанавала эйфарыя: ах, якая падзея, такая радасць — у нас міністр культуры гаворыць па-беларуску! Слухаю размову былога міністра і дыпламата з прапагандыстам М. Маркавым, і на табе — цытуючы пароль паўстанцаў К. Каліноўскага, ён кажа не «Каго любіш?», а «што». Падумалася, можа чалавек агаварыўся, такое здараецца, але ж…
Але практыка паказвае, што Беларусь не стала жывым арганізмам, плоццю і крывёю для больш чым дзевяцімільённага народа. Мы застаемся тутэйшымі ў горшым сэнсе слова. З горам напалам размнажаемся, бо дэмаграфічны стан і здароўе людзей кепскія, гадуем, як умеем і можам, дзяцей. Усё скіравана на выжыванне. Ні скуты беднасцю і запалоханы народ, ні забяспечаная, самазадаволеная і самаўпэўненая ўлада не заклапочаны нацыянальнымі перспектывамі.
У правіцеля і яго клана любові да Беларусі няма. Яна патрэбна ім для таго, каб распараджацца людскімі лёсамі і матэрыяльнымі рэсурсамі, мець уладу, а разам з ёю — зямельныя ўчасткі, нерухомасць тут і за мяжой, банкаўскія рахункі, званні, зоркі на пагонах. Усе «патрыятычныя» словы чыноўнікаў і прапагандыстаў, якія пераважна выйшлі з вайскоўцаў і «палітрукоў», — суцэльная дэмагогія. Што ім да гісторыі і будучыні Айчыны! Які Каліноўскі, якая родная мова, якая нацыя?!
Я часта пішу пра тое, што пакуль існуе аўтарытарны рэжым, не будзе ўмоў для самарэалізацыі як кожнага асобнага грамадзяніна, так і ўсёй нацыі, што хлуслівая прапаганда разбурае не толькі нацыянальны падмурак, але і мараль, вядзе да дэградацыі. А вось думка збоку — вядомага расійскага літаратара Д. Быкава: «К сожалению, главная проблема в том, что рабство не проходит даром. И 25 лет фактического рабства в Беларуси, которое мы наблюдали, оно также даром не прошло. Я видел /…/ ужасную деградацию на всех уровнях».
Так, мы згубілі 25 гадоў. Новыя дамы, дарогі і тратуарная плітка, якая раз за разам перакладваецца, — не апраўданне. Ніякай стабільнасці і прагрэсу няма, у падвешаным стане знаходзіцца наша незалежнасць, эканоміка, сацыяльнае забеспячэнне, адукацыя, культура, родная мова. У нас многа людзей-робатаў і ў пагонах, і ў модным цывільным адзенні з «наварочанымі» смартфонамі і ноўтбукамі ў руках...
Улічваючы значнасць постаці К. Каліноўскага ў айчыннай гісторыі, я са студэнцкіх гадоў стаўлюся да яго не толькі з піетэтам, удзячнасцю, але і па-філасофску. Яшчэ тады рамантычнымі радкамі хацеў падкрэсліць, што ён неўміручы, што прага волі, закладзеная ім у душы землякоў, не знікла:
З агаркам свечкі ў лабірынце лесвіц
Не быў ён схоплены, сышоў уніз,
Дзе хмары на крыжы касцёлаў лезлі,
Дзе Вільні разбягаліся агні.
Як факелы, яго гарэлі вочы,
Якім не гаснуць доўгія вякі,
І толькі вецер выдзімаў праз вокны
«Мужыцкай праўды» белыя лісткі.
Нібы зубамі, ляскаў зноў затворам
Жандар збялелы, змрочны на двары,
Русавалосы малады затворнік
І кулю ад сябе адгаварыў.
Каліноўскі не загінуў, жыве ў кожным з нас… Трэба толькі зазірнуць сабе ў душу, абудзіць сумленне і сказаць: «Не! Так жыць нельга! Мы не дазволім, каб нашым лёсам, будучыняй нашчадкаў распараджаліся паталагічныя ўладалюбцы і пустадомкі!»
Узурпатар, збіраючы служак, лаючы або падхвальваючы міліцыю, КДБ, армію, на якіх спадзяецца ў крытычны момант, далдоніць: «Это наша страна, и мы её никому не отдадим!»
Не, гэта не ваша вотчына, а краіна ўсіх грамадзян. Праз стагоддзі беларусаў вялі да незалежнасці мільёны сапраўдных патрыётаў, пачынаючы ад ліцвінскіх ваяроў і да юнакоў і дзяўчат з пасляваеннага антысталінскага падполля ў Паставах і Глыбокім.
Сардэчна, шчыра віншую з Калядамі і Новым годам жыхароў Беларусі і суайчыннікаў за мяжой, зычу здароўя, дабрабыту і шчасця!
Канспірацыя прадугледжвае змену пароляў. Робіцца гэта, каб выяўляць здраду і не дапускаць пранікнення ў сваё асяроддзе чужых...
А наш пароль не мяняецца, застаецца вечным:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь!
— Дык узаемна!
Сяргей Законнікаў, sn-plus.com