Грашовыя штрафы і выклікі ў суды атрымалі актывiсты з Гомеля.
Праваахоўныя органы працягваюць пераслед удзельнікаў акцый у абарону незалежнасці. Грашовыя штрафы і выклікі ў суды атрымалі гомельцы Ўладзімір Няпомняшчых і Барыс Анікееў, якія з пачатку снежня ўдзельнічаюць у антыінтэграцыйных мітынгах у Менску, паведамляе "Радыё Рацыя".
Пенсіянер Міністэрства ўнутраных справаў Уладзімір Няпомняшчых нагадвае цяперашнім міліцыянтам, што абарона незалежнасці дзяржавы – гэта канстытуцыйны абавязак кожнага грамадзяніна.
– У сувязі з тым, што над Беларуссю навісла пагроза яе незалежнасці, я ездзіў у Менск на мітынг 7-га снежня, чым і ганаруся. А ганаруся, бо ў Канстытуцыі напісана, што абарона Айчыны з’яўляецца свяшчэнным абавязкам кожнага грамадзяніна. У тым ліку Лукашэнкі, супрацоўнікаў міліцыі і ўсіх астатніх.
Сябра Руху “За Свабоду” Барыс Анікееў атрымаў позву ў суд Ленінскага раёна Менска на 30 студзеня.
– На самой справе я жыву ў незалежнай краіне. Незалежнасць гэтая краіна атрымала ў 1991 годзе. А гэты “прэзідэнт” прыйшоў толькі ў 1994. На якой падставе ён мае права гандляваць незалежнасцю?
Акцыі ў падтрымку дзяржаўнага суверэнітэту ў Менску і ў некаторых беларускіх гарадах пачаліся 7 снежня напярэдадні сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. У дачыненні да многіх удзельнікаў мітынгаў былі складзеныя пратаколы па факце ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. У гэты момант адбываюць адміністрацыйныя арышты Яўген Афнагель, Алесь Чахольскі, Павел Севярынец, Сяргей Ціханоўскі, Стась Шашок і іншыя апазіцыйныя лідары.