Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як беларус 100 гадоў таму ледзь не ўзарваў Крэмль

04.01.2020 общество
Як беларус 100 гадоў таму ледзь не ўзарваў Крэмль

Казімір Кавалевіч кінуў дзёрзкі выклік ВЧК і партыі бальшавікоў.

Група анарха-эсэраўскіх баевікоў, адным з лідараў якой быў ураджэнец Беларусі Казімір Кавалевіч, 100 гадоў таму кінула дзёрзкі выклік ВЧК і партыі бальшавікоў.

Фота yandex.by 

Афіцэрскі дзённік

Увосень 1919 года на руінах Расійскай імперыі, разбуранай рэвалюцыяй, другі год ішла грамадзянская вайна. «Белыя» і «чырвоныя», «зялёныя» і розныя нацыянальныя фарміраванні, а таксама замежныя інтэрвенты з паўтара дзясятка дзяржаў вялі паміж сабою лютую барацьбу. Па абодва бакі лініі фронту насельніцтва цярпела рэквізіцыі і проста рабаванні ды гвалт. Але калі такое стаўленне з боку войскаў расійскіх нацыяналістаў або акупантаў было цалкам тлумачальнае, то «харчразвёрстка» бальшавікоў і самавольства «надзвычаек» разумення ў працоўных і сялян не выклікала. Аднак, пакуль гаворка ішла пра пагрозу рэстаўрацыі старых парадкаў і вяртання зямлі памешчыкам, шматмільённая сялянская маса гатовая была трываць.

Дзянікіну і Калчаку супрацьстаялі не толькі бальшавікі, але і левыя эсэры, анархісты, максімалісты, дый мноства беспартыйных сялян і гарадскіх працоўных. Супраць польскай акупацыі разгортвала партызанскую барацьбу Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Ва Украіне ледзь не вырашальнай сілай супраціву акупантам і белагвардзейцам была рэвалюцыйная паўстанцкая армія Украіны (РПАУ) Нестара Махно.

У верасні 1919 года войска Махно, падавалася, было ўжо безнадзейна заціснутае расійскімі белагвардзейцамі пад Уманню. Але перад шыхтамі зачыталі дзённік белага афіцэра, як дзянікінцы падсмажвалі селяніна-махноўца на распаленым лісце жалеза: «Спачатку спінку, потым жывоцік... А затым паручнік Мікі знёс яму галаву разрыўнымі...» Лютым ударам паўстанцкая конніца змяла белых, Сімферопальскі афіцэрскі полк быў высечаны амаль цалкам. Ад Умані пачаўся дзёрзкі рэйд махноўцаў па тылах Дзянікіна, што сарваў яго наступ на Маскву. Шмат каму ў РПАУ ўжо бачыўся новы саюз з савецкай уладай — з анархісцкай аўтаноміяй на поўдні Украіны. Але ў сталіцы чырвонай Расіі адбываліся зусім іншыя падзеі.

Бомба ў завулку

У Маскве, у былым асабняку графіні Уваравай у Лявонцьеўскім завулку, 25 верасня 1919 года ішла нарада Маскоўскага камітэта РКП(б). Яе вёў Аляксандр Мяснікоў-Мяснікян, той самы, па загадзе якога ў снежні 1917 года быў разагнаны Усебеларускі з’езд у Мінску. Нават на пасадзе ваеннага наркама ССРБ Мяснікян працягваў выступаць супраць яе незалежнасці. Пасля дакладаў Бухарына і іншых пачалі абмяркоўваць план школьнай працы. Многія пацягнуліся да выхаду.

Мяснікоў запрасіў выходзіць хутчэй. У гэты час, разбіўшы акно, у залу ўляцеў нейкі прадмет. Людзі кінуліся да выхаду, сакратар МК партыі бальшавікоў Уладзімір Загорскі рушыў да пабітага шкла, і ў гэты момант жудаснай сілы выбух страсянуў памяшканне.

Ад выбуху абрынулася столь і адна са сценаў. 12 чалавек былі забітыя, 55 — параненыя. Сярод параненых быў Юры Сцяклоў, рэдактар «Известий». Мяснікова, які атрымаў кантузію, вывелі пад рукі.

Першая думка — будынак узарвалі белагвардзейцы з падпольных арганізацый, якімі кішэла тады Масква. Але неўзабаве на вуліцах Масквы з’явілася адозва: «Увечары 25 верасня на сходзе бальшавікоў у Маскоўскім камітэце абмяркоўвалася пытанне аб мерах барацьбы з бунтам народу. Уладары бальшавікоў у адзін голас выказаліся на пасяджэнні аб прыняцці самых крайніх мераў для барацьбы з тымі, хто паўстае — рабочымі, сялянамі, чырвонаармейцамі, анархістамі і левымі эсэрамі, — аж да ўвядзення ў Маскве надзвычайнага становішча з масавымі расстрэламі». Адозва была падпісаная ад імя «Усерасійскага паўстанцкага камітэта рэвалюцыйных партызан». Але ўсё роўна многія працягвалі лічыць, што гэта — правакацыя белых. Многія анархісты яшчэ ўваходзілі ў Саветы і савецкія ўстановы, служылі ў Чырвонай Арміі.

Фота pastvu.com 

Шэраг легальных анархісцкіх груповак адмежаваліся і асудзілі замах, а адна з іх нават заклікала ВЧК да адплаты. Таму бальшавіцкая газета «Праўда» нават выпусціла артыкул: «Дзянікінцы пад маскай анархістаў».

Пасля высветлілася — асабняк у Лявонцьеўскім завулку сапраўды ўзарвалі прыхільнікі безуладдзя. Толькі падпольныя.

Паводле жудаснай іроніі гісторыі, большасць загінулых ад выбуху склалі працоўныя. З чатырох забітых і памерлых ад ранаў жанчын трое былі простымі працаўніцамі.

Атаман Маруся

У дынаміце, што рвануў у Лявонцьеўскім, сканцэнтраваліся ўсе ўзаемныя супярэчанні і нянавісць, што разгарэлася паміж былымі саюзнікамі па Кастрычніцкай рэвалюцыі. У чэрвені 1919 года бальшавіцкае камандаванне, абвінаваціўшы Махноўскую брыгаду Чырвонай Арміі ў раскладанні, разарвала саюз з «бацькам». Пагаворвалі, што за гэтым стаяў Леў Троцкі, які моцна недалюбліваў сялянскіх камандзіраў. Як бы там ні было, але чальцы штабу Махно на чале з левым эсэрам і былым афіцэрам Озеравым былі арыштаваныя ў Харкаве. Паўстанцаў нібы правакавалі да вайны на два франты — з «белымі» і «чырвонымі».

У чэрвені ў Вялікім Такмаку бацька Махно сустрэўся з анархісткай Марусяй Нікіфаравай. Адносіны паміж двума атаманам, што канкуравалі за ўплыў на поўдні Украіны, таксама былі напружаныя.

Маруся Нікіфарава

Рэвалюцыйная біяграфія Марусі пачалася ў Старадубскім раёне, які ўваходзіў тады ў сферу ўплыву Палескага камітэта РСДРП з цэнтрам у Гомелі. Але 16-гадовая дзяўчына далучылася да больш радыкальных эсэраў-максімалістаў, падчас рэвалюцыі 1905 года ўдзельнічала ў тэроры і экспрапрыяцыях. Трапіла на катаргу. У арганізацыі ўцёкаў яе і іншых зняволеных жанчын з Маскоўскай турмы ўдзельнічаў Уладзімір Маякоўскі, які ў маладосці таксама захапляўся анархісцкімі ідэямі. У Парыжы яна вучылася ў мастака-імпрэсіяніста Рэнуара, а потым пайшла добраахвотнікам у французскую армію. Падчас рэвалюцыі 1917 года і грамадзянскай вайны яна вылучалася радыкалізмам і жорсткасцю, якімі абураўся нават Махно, што сам на мяккасць характару не пакутаваў.

Па словах начальніка штаба РПАУ Віктара Белаша, на сустрэчы ў Такмаку Маруся агучыла свой план: яе атрады «анарха-тэрарыстаў» разгорнуць баявыя дзеянні ў тыле як белых, так і бальшавікоў. З трох атрадаў два накіроўваліся супраць белагвардзейцаў — адзін на чале з самой Нікіфаравай выязджаў у Крым і Растоў для замаху на Дзянікіна, другі ехаў у Сібір — узрываць Калчака. Баявая група пад кіраўніцтвам Казіміра Кавалевіча выпраўлялася ў Харкаў вызваляць з ЧК штаб Махно.

Нестар Махно

Для гэтых аперацый Маруся прасіла ў бацькі грошай. Махно сродкаў даваць не хацеў. Справа, па словах Белаша, ледзь не дайшла да перастрэлкі. Нарэшце бацька плюнуў і выдаў атаманшы 250 тысяч рублёў. На тым і развіталіся.

У ліпені ў Сімферопалі Маруся Нікіфарава разам са сваім мужам анархістам Вітольдам Бжостэкам была апазнаная і павешаная па загадзе генерала Слашчава. Атрад Кавалевіча выехаў у Харкаў, але вызваліць таварышаў не паспеў: да гэтага часу Озераў і яго штабісты ўжо былі без усякай віны расстраляныя. У адплату баевікі хацелі спачатку ўзарваць штаб мясцовай «надзвычайкі», але потым выправіліся ў Маскву: на думку лідара групы Казіміра Кавалевіча, менавіта ў Маскве была сканцэнтраваная вяршыня новай улады і «ўсё зло».

Баявік з Пінску

Казімір Кавалевіч («Яфім») нарадзіўся ў Пінскім павеце Мінскай губерні ў сям’і сялян. Вядома, што з 1916 года ён працаваў на Маскоўска-Курскай чыгунцы. Можна меркаваць, што пасля заняцця Пінска нямецкай арміяй малады працоўны эвакуяваўся ўглыб Расіі разам са шматлікай масай бежанцаў. Тады ж Кавалевіч далучыўся да нелегальнай анарха-сіндыкалісцкай арганізацыі, спрабаваў арганізаваць прафсаюз работнікаў чыгункі.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года Кавалевіч быў адным з заснавальнікаў Маскоўскай федэрацыі анархісцкіх груповак і яе сакратаром. Ён валодаў пэўным літаратурным талентам, шмат пісаў у газеце МФАГ «Анархія» і прафсаюзным выданні «Думы чыгуначніка». Анархіст з Пінска выступаў супраць Часовага ўрада і за незалежнасць прафсаюзаў ад любых палітычных партый.

Увосень 1917 года Кавалевіча абралі чальцом ЦК Усерасійскага Саюза чыгуначнікаў. Ён актыўна падтрымаў стачку чыгуначнікаў у кастрычніку 1917 года. Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Маскве, чалец Чыгуначнага рэўкама. Ігнаруючы распараджэнні меншавіцкага кіраўніцтва прафсаюза, арганізаваў перапраўку ў Маскву атрадаў Чырвонай Гвардыі, удзельнічаў у вулічных баях. Аднак неўзабаве, як анархіст, заняў да новай улады рэзка крытычную пазіцыю. На думку анарха-камуністаў, бальшавікі ўзурпавалі паўнамоцтвы Саветаў, якія павінны былі стаць структурамі новага грамадства без капіталістаў і дзяржаўнай бюракратыі.

Вясной 1918 года бальшавікі і левыя эсэры раззброілі атрады пад чорнымі сцягамі, што раней легальна дзейнічалі ў Маскве. Тады з’явіліся першыя падпольныя групоўкі анархістаў. Увесну 1919-га Кавалевіча арыштоўвалі па абвінавачванні ў экспрапрыяцыі «Цэнтратэкстылю», здзейсненага адной такой групоўкай, але за недаказанасцю абвінавачвання вызвалілі. У траўні ён выступіў з дакладам на тэму рэарганізацыі Маскоўскай Федэрацыі анархістаў, а затым выправіўся ў брыгаду Махно, што ўваходзіла тады ў Чырвоную Армію, працаваў у контрразведцы Махно ў Марыупалі. Затым Кавалевіч далучыўся да арганізацыі «анархістаў падполля» Нікіфаравай-Бжостэк. І зноў апынуўся ў Маскве.

Здольны арганізатар, Казімір Кавалевіч разгарнуў актыўную дзейнасць. Найперш ён падняў свае старыя сувязі ў асяроддзі працоўных-чыгуначнікаў, што спачувалі анархісцкім ідэям. Кавалевіч наладзіў сетку канспіратыўных кватэр і друкарню для выпуску прапагандысцкіх выданняў. Ён жа ўзначальваў літаратурную групу. Баявой групай кіраваў Пётр Собалеў.

Першапачаткова анархісты меркавалі разгарнуць масавы працоўны рух за замену «камісарадзяржаўя» «вольнымі Саветамі». Але ва ўмовах жорсткага кантролю РКП і ЧК за сітуацыяй аб масавым руху марыць не даводзілася. І тады было вырашана засяродзіцца на тэрарыстычнай дзейнасці. Пасля, паламаўшы рэпрэсіўны апарат «катаў рэвалюцыі» «тэрорам злева», меркавалася разгарнуць і «масавую пралетарскую барацьбу».

У верасні Казімір Кавалевіч усталяваў сувязь з самай крайняй фракцыяй левых эсэраў на чале з Данатам Чарапанавым (мянушка «Чарапок»). Сын маскоўскага антрэпрэнёра, ён, па ўспамінах паэта з беларускімі каранямі Уладзіслава Хадасевіча, быў падобны да «хулігана». Але ў 1917 годзе Чарапанаў далучыўся да левых эсэраў і з галавой сышоў у рэвалюцыю.

Данат Чарапанаў. Фота telegrafua.com

Калі ў цэлым партыя левых эсэраў, нягледзячы на ганенні, ва ўмовах наступу Дзянікіна выступала супраць узброенай барацьбы з бальшавікамі, то «чарапанаўцы» былі зусім непрымірымымі. Левыя эсэры-актывісты, як і «анархісты падполля», лічылі — рэвалюцыю ад рэстаўрацыі старых парадкаў выратуе толькі сілавое звяржэнне бальшавікоў. На думку левых радыкалаў, менавіта камуністы сваёй дыктатурай і антысялянскай палітыкай рыхтавалі прыход рэакцыі.

Да падполля далучылася таксама антыбальшавісцкае крыло эсэраў-максімалістаў. Зрэшты, падчас падрыхтоўкі імі «экса» на патронным заводзе ў Туле ў групе адбыўся раскол, які ледзь не скончыўся стральбой.

Сярод удзельнікаў баявых груп былі розныя людзі, у тым ліку і тыя, хто хаваўся ад прызыву ў Чырвоную Армію, і проста беспрацоўныя. Так, нейкі Васіль Цямін доўга не мог знайсці працу — і атрымаў ад Кавалевіча прапанову працаваць у арганізацыі анархістаў «па сувязі з працоўнымі». З наступных паказанняў многіх вымалёўваецца часцяком такая карціна: былы чырвонаармеец ці партызан, анархіст, беспартыйны або нават камуніст трапляе ў Маскву, хварэе на тыф, застаецца без працы. І тут сустракае Кавалевіча, які дае яму кватэру, грошы і паступова вярбуе.

Аб’яднаная арганізацыя была гучна названая «Усерасійскі паўстанцкі штаб рэвалюцыйных партызан». Ім быў здзейснены шэраг дзёрзкіх рабаванняў банкаў у Маскве, Івана-Вазнясенску і кааператыва ў Туле. Толькі ў Туле было ўзята 5 мільёнаў рублёў. Зрэшты, большую частку грошай забралі анархісты-латышы, якія з’ехалі на радзіму ствараць арганізацыю «анархістаў падполля» там.

Пётр Собалеў завербаваў супрацоўніцу ВЧК Кацю, якая перадала яму адрасы дзясятка сакрэтных супрацоўнікаў ЧК.

Спачатку «падпольнікі» хацелі падарваць будынак ВЧК. Але потым Кавалевіч з Чарапанавым прыйшлі да высновы, што чэкісты і асабіста Дзяржынскі з’яўляюцца ўсяго толькі «прыладай партыі бальшавікоў». У ЧК у той час служыла пэўная колькасць былых анархістаў і левых эсэраў. «Анархісты падполля» вырашылі біць па галаве, а не па руках. Пасля таго, як у савецкай прэсе быў апублікаваны анонс пасяджэння Маскоўскага камітэту РКП з вялікім спісам высокапастаўленых партыйных дзеячаў, выбар мэты быў вызначаны канчаткова. У былы асабняк графіні Уваравай планаваўся прыезд і Уладзіміра Леніна-Ульянава. Да свайго шчасця, у той дзень старшыня Саўнаркама прыбыць не змог. Цікава, што для Леніна і Луначарскага анарха-баевікі рабілі выключэнне, заяўляючы, што паважаюць іх як рэвалюцыянераў і забіваць не жадаюць.

Бомбу ў Маскоўскі камітэт партыі кінуў Пётр Собалеў. Ёсць у гэтай справе пэўная містыка — у Лявонцьеўскім завулку ў Маскве загінулі 12 чалавек, столькі ж сяброў штабу Махно расстралялі ў Харкаве.

Адозва пра выбух была напісаная Казімірам Кавалевічам, які адказваў за ідэалогію групы. Відавочна, што менавіта Кавалевічам быў напісаны і праграмны артыкул Усерасійскай арганізацыі анархістаў падполля «Час адмежавацца». У ім ён прыводзіць фрагменты сваіх дыскусій яшчэ легальнага перыяду, граміць і «прыслужнікаў буржуазіі» меншавікоў, і бальшавікоў. Аўтар пракламацыі прызнае, што бальшавікі таксама «сацыяльныя максімалісты», і ў будучыні імкнуцца да безуладдзя. Але на справе яны, як і меншавікі — «паступоўцы». Не адмовіліся ад войска, паліцыі і іншых элементаў дзяржавы, і паступова адрадзілі «самадзяржаўна-капіталістычны лад».

Артыкул прысвечаны размежаванню не толькі з камуністамі, але і з ранейшымі таварышамі — легальнымі анархістамі. Рашуча асу¬джаліся не толькі тыя, хто пайшоў на супрацоўніцтва з Савецкай уладай, служыў у Чырвонай Арміі ды іншых органах. Але і тыя з прыхільнікаў безуладдзя, хто, выступаючы за падполле, самі не прымыкаюць да яго.

Зрэшты, акрамя заклікаў замены дзяржавы «вольнымі канфедэрацыямі працы», вытрыманых у звыклым для анарха-сіндыкалізму духу, ва ўлётках анарха-падполля загучалі новыя ноткі. У «Дэкларацыі анархістаў падполля»: «Няхай будзе кожны забяспечаны сродкамі вытворчасці, наколькі ён умее іх прадукцыйна выкарыстоўваць, незалежна ад іншых або сумесна з іншымі... Кожны толькі тады будзе вольны, калі можа быць забяспечаны па-за дамовай з грамадствам, і тады, калі свабодна заключае дамову». Тут ужо абазначыўся ўхіл у бок анарха-індывідуалізму, выкліканы гадамі «ваеннага камунізму».

Зрэшты, неўзабаве ідэйная эвалюцыя тэарэтыкаў падполля была перапыненая. ВЧК нарэшце напала на след «рэвалюцыйных партызан». Спачатку былі арыштаваныя некаторыя анархісты, якія знаходзіліся на легальным становішчы, а пад назіранне былі ўзятыя ўсе вядомыя старыя адрасы. Чэкісты зрабілі засаду і на ранейшай кватэры Марусі Нікіфаравай.

У той жа дзень у дзверы пагрукалі. На парозе стаяў малады чалавек з цёмнай бародкай і апушчанымі ўніз вусамі. Чэкісты загадалі яму падняць рукі, але той імгненна выхапіў браўнінг і ва ўпор стрэліў у камісара МЧК. Адчайна адстрэльваючыся, баявік дастаў бомбу і кінуў яе ў чэкістаў. Бомба не разарвалася, а баявік быў забіты. Дакументы ў яго кішэні апынуліся падробленымі. Але па картатэцы з фотаздымкамі, якая была ва ўстанове Дзяржынскага, высветлілі: загінулы — Казімір Кавалевіч, служачы Маскоўска-Курскай чыгункі.

Затым у чарговай засадзе на канспіратыўнай кватэры на Арбаце ў перастрэлцы з чэкістамі быў забіты і іншы лідар «анархістаў падполля» — Пётр Собалеў. Маючы велізарныя грошы, ён шкадаваў марнаваць іх асабіста на сябе і не купіў у спекулянтаў на Сухараўцы штаны, якія падаліся яму занадта дарагімі. Так і памёр — у старых залатаных штанах.

Апошні выбух анархістаў падполля

З паказанняў арыштаваных сталі вядомыя іншыя адрасы і прозвішчы. Адным з першых на допыце «паплыў» Вася Цямін — «талстовец», чалавек у арганізацыі выпадковы. Чэкісты даведаліся, што ў гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі «анархісты падполля» рыхтавалі новую тэрарыстычную акцыю суп¬раць партыі бальшавікоў, «якія здрадзілі ідэалам Кастрычніка». Меркавалася ўзарваць... Крэмль!

Для гэтага ўжо праводзілася разведка шляхоў, па якіх можна было даставіць выбухоўку. Нябожчык Собалеў разлічыў, што для выбуху неабходна 60 пудоў піраксіліну. Выбуховыя рэчывы «рэвалюцыйным партызанам» дастаўляліся з завода ў Бранску. А бомбы яны рабілі ў сваёй лабараторыі на дачы ў Краскава.

За некалькі дзён да святкавання рэвалюцыі атрад чэкістаў спешна выехаў у Краскава. Захапіць дынамітчыкаў хацелі пад раніцу, знянацку, але гэта не ўдалося — баевікі неслі кругласутачнае дзяжурства. Завязаўся сапраўдны бой. Анархісты адстрэльваліся з рэвальвераў і кідалі самаробныя бомбы. Пасля дзвюх з паловай гадзін перастрэлкі стала зразумела — супраціў бессэнсоўны. Анархісты-падпольшчыкі вырашылі жывымі не здавацца, і велізарнай сілы выбух узняў дачу ў паветра…

Такі лёс

Восем чалавек з ліку арыштаваных па справе «анархістаў падполля» былі расстраляныя. Аднак ЧК адмовілася ад аднаўлення «чырвонага тэрору» з нагоды выбуху Маскоўскага камітэта РКП(б), то-бок ад расстрэлу закладнікаў. Афіцыйна «Весткі ВЧК» тлумачылі гэта гуманнымі меркаваннямі і нежаданнем паўтараць перагібы мінулага. Аднак тут, мабыць, была яшчэ адна калізія: у закладніках звычайна знахо¬дзіліся прадстаўнікі буржуазных слаёў і адпаведных партый. «Рэвалюцыйныя партызаны» ж былі рабочымі, сялянамі і службоўцамі, і менавіта ад іх імя змагаліся і са старой, і з «новай буржуазіяй» — як называлі анархісты савецкіх чыноўнікаў.

Апошні з ацалелых «рэвалюцыйных партызан» Данат Чарапанаў быў арыштаваны ў пачатку 1920 года. Скарыстацца сваёй зброяй левы эсэр не паспеў, але смяротнага прысуду ён пазбег па іншай прычыне — 17 студзеня 1920 года ў сувязі з перамогамі на франтах грамадзянскай вайны смяротнае пакаранне ў савецкай рэспубліцы было адмененае. Аднак у жывых Чарапанаў усё роўна не застаўся. Па адных звестках, ён скончыў жыццё самагубствам у турэмнай камеры, па іншых — памёр у ссылцы ад тыфу.

Барацьбу за «вольныя Саветы» працягнула паўстанцкае войска Нестара Махно. У яго шэрагах былі і анархісты з Беларусі. Былы цырульнік і анархіст-«безматыўнік» з Гародні Макс Чарадняк камандаваў у Махно брыгадай, адзін час быў начальнікам контрразведкі ў Бярдзянску. Чарадняк трапляў у палон да белых, быў катаваны, але здолеў збегчы. У 1930 годзе ён эміграваў з СССР. Гарадзенскі анархіст Бутавецкі ўвосень 1919 года быў палітычным кіраўніком Палтаўскай групы РПАУ. Адзін са стваральнікаў «чорнасцяжнага» напрамку ў анархізме Гросман-Рошчын, які наведваў у 1919 годзе штаб Махно, сустракаў там былых таварышаў па анархісцкім руху ў Гродзенскай губерні.

Юрый Глушакоў, «Новы Час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]