Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Абуджэнне

06.01.2020 политика
Абуджэнне

Чаму 2019 год можна параўнаць з ракой.

2019 год мне хочацца параўнаць з… ракой, дакладней з невялікай рачулкай Палатой, якая цячэ ў Полацку і каля Сафійскага сабора ўпадае ў Дзвіну. Уявіце сабе: плыве шырокая, павольная, дрымотная рака, і раптам ёй пад бок дае адчувальнага кухталя імклівая, нібы збягае з гор, рэчка. Палата з разгону будзіць сонную Дзвіну, закручвае на яе паверхні віры, у месцы іх сутыкнення нават колер вады змяняецца.

Гэткім будзіцелем у чарадзе апошніх залішне спакойных гадоў, якія праходзілі, нібы ў санлівым анабіёзе, бачыцца мне і сыходзячы год. Ён не ўзняў штармавую хвалю ў плыні нашага часу, але заўважна ўзвірыў яе па ўсім рэчышчы, раскатурхаў і пазбавіў балотнага спакою.

Згадаем наўскідку, не прэтэндуючы на ўсеахопнасць, тыя падзеі, вакол якіх закручваліся віры грамадскай думкі і паскорваў сваю хаду беларускі час.

Падзеяй года, бясспрэчна, стала пахаванне Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863 года ў Вільнюсе. Тысячы беларусаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі здзейснілі своеасаблівы хадж да сваіх святыняў, як мусульмане ў Мекку (нездарма паэт Уладзімір Жылка сто гадоў таму напісаў: “О Вільня, крывіцкая Мекка, / ці варта прарока ты стрэць?”). І гэта не было чарговай выязной акцыяй апазіцыі – з падвозам удзельнікаў дапамагла Беларуская чыгунка, чые два дадатковыя цягнікі з’явіліся надзіва своечасова. А ўдзел у жалобнай урачыстасці беларускага віцэ-прэм’ера, трэба думаць, канчаткова спыніў у афіцыйных СМІ недарэчныя дыскусіі пра Каліноўскага як “польскага мяцежніка”.

Будуць помніцца і зладжаныя на дзяржаўным узроўні адкрыцці двух знакавых помнікаў – Льву Сапегу ў 50-тысячным Слоніме і Гедыміну ў 100-тысячнай Лідзе. Здавалася, што ўсё насельніцтва гэтых гарадоў прысутнічала на ўрачыстасцях, настолькі яны былі масавымі. Прычым чыноўнікаў не бянтэжылі нацыянальныя сцягі, якія луналі над людскім морам, ніводзін сцяганосец не быў затрыманы. Паказальна, што з Ліды і Слоніма вырашылі ўзяць прыклад Навагрудак і Дзятлава – там неўзабаве будуць усталяваны помнікі Міндоўгу і Канстанціну Астрожскаму.

2019-ы запомніцца і мірнымі шэсцямі ў абарону незалежнасці, якія прайшлі ў Мінску па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам Паўла Севярынца, які заслугоўвае звання “Чалавек года”. Не маючы за сабою афіцыйнай партыі ці зарэгістраванай арганізацыі, ён змог вывесці на сталічныя вуліцы тысячы неабыякавых людзей, якія годна і гучна сказалі “не” імперскім памкненням Масквы.

2019 год паказаў арганізацыйныя магчымасці схаваных у сецівапавуціне блогераў. Нейкі Nexta раптам кідае кліч, і на сталічнай плошчы Свабоды ні з пушчы ні з поля збіраецца тысяча маладзёнаў, палова з якіх таксама з’яўляюцца блогерамі і таксама пры неабходнасці могуць кінуць кліч…

У 2019-м кінастудыя “Беларусьфільм” нарэшце зняла нацыянальнае кіно – праўдзівы фільм пра Янку Купалу. Настолькі праўдзівы, што рэжысёру Уладзіміру Янкоўскаму давялося перанесці запланаваную на снежань прэм’еру – каб не дражніць Маскву, дзе беларускі пясняр загінуў пры засакрэчаных дагэтуль абставінах.

А яшчэ ў 2019-м прагучала адна дужа абнадзейваючая дзяржаўная вымова – дырэктарцы беларускамоўнай Дзяржынскай гімназіі Галіне Паўхлеб, якая паспрабавала русіфікаваць давераную ёй установу адукацыі. І гэта таксама адбылося ў нашай краіне ўпершыню, што, несумненна, паслужыць добрым урокам усім астатнім дырэктарам, якія сваволю бацькоў былі гатовы паставіць па-над Канстытуцыяй…

Сыходзіць у гісторыю год, які не спарадзіў нейкіх тэктанічных зрухаў у беларускіх нетрах. Але ён шматкроць штурхануў нас, раскатурхаў ад доўгай дрымоты, якая пагражала перайсці ў летаргічны сон. Вельмі хацелася б, каб тыя жывыя штуршкі ад свайго папярэдніка падхапіў і надаў ім моцы 2020-ы, які ўжо ступае на наш парог.

Міхась Скобла, «Народная воля»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]