Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

12 ваяроў, якія складаюць айчынную вайсковую славу

07.01.2020 общество
12 ваяроў, якія складаюць айчынную вайсковую славу

Надыйшоў час, каб браць з іх прыклад.

Прыгадваем славутыя прозвішчы асобаў, якія прынеслі ліцвінам і іх нашчадкам – беларусам вайсковую славу і гонар.

Давыд Гарадзенскі (каля 1283 – 1326)

Вайсковы і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, князь, стараста гарадзенскі. Мужны ваяр, палкаводзец, які заклаў падмуркі нашай вайсковай славы і вызначыўся тым, што ніколі не быў разбіты ў баях. Ён быў абаронцам, пры жыцці якога нага ворага так і не ступіла трывала ў Гародню, паведамляе «Радыё Рацыя». Здабыў сабе сапраўдную славу абаронцы гораду. Першы ведамы бой з крыжакамі адбыўся зімой 1305 году. Ворагі на чале з славутым комтурам Конрадам Ліхтэнхагенам, якія колькасна пераўзыходзілі мясцовае войска, былі разбітыя. Найвыдатнейшую перамогу над тэўтонцамі здабыў у 1314 годзе. Пасля той бітвы амаль ніхто з вялікага рыцарскага войска на чале з маршалам Тэўтонскага ордэну ў Прусію не вярнуўся. Сваім хітрым рэйдам уратаваў ад крыжакоў Наваградак. Пазней здзяйсняў прускія паходы. Дапамагаў ён і Пскову, дзе яго добра памяталі.

Вялікі князь Альгерд (каля 1295-24 траўня 1377).

Адзін з самых актыўных кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага, які значна пашырыў межы дзяржавы. Вядомы найперш сваёй перамогай увосень 1362 году ў бітве на рацэ Сінія Воды (цяпер Сінюха). Войска пад кіраваннем вялікага князя Альгерда перамагло тады войска трох татарскіх кіраўнікоў Падольскай зямлі – Крымскай, Перакопскай і Ямбалуцкай ордаў. Пасля гэтай бітвы Падолле, а ў стратэгічным выніку Кіеўшчына і іншыя землі былі ўлучаныя ў склад ВКЛ, яго ўладанні значна пашырыліся на поўдзень у кірунку Чорнага мора. 21 лістапада 1368 году ў бітве на рацэ Тросна войска ВКЛ на чале з вялікім князем Альгердам у час паходу на Маскву перамагло войска Маскоўскага княства. Потым здзейсніў яшчэ два паходы на Маскву, браў Крэмль. Пражыў больш за 80 гадоў, кіраваў дзяржавай 32 гады. Летапісы адзначалі, што гэты князь “ня так сілаю, як розумам ваяваў”.

Вялікі князь Вітаўт Кейстутавіч (1350-27.10.1430)

Адзін з найбольш вядомых кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага, яшчэ пры жыцці празваны Вялікім. Вітаўт і Ягайла былі арганізатарамі разгрому нямецкіх рыцараў пад камандаваннем магістра Тэўтонскага ордэна Ульрыха фон Юнгінгена ў Грунвальдскай бітве 1410 году. Роля Вітаўта, прызначанага Ягайлам галоўнакамандуючым, у гэтай знакамітай бітве вырашальная, нягледзячы на тое, што хада бітвы і ацэна дзеянняў удзельнікаў працягваюць выклікаць спрэчкі гісторыкаў. Бітва пад Грунвальдам паклала канец гегемоніі ордэна і змяніла геапалітычнае становішча Вялікага Княства Літоўскага. Крыжацкі Ордэн мусіў вызваліць усе захопленыя землі і заплаціць пераможцам 300 тысяч дукатаў. Была спынена 200-гадовая агрэсія нямецкіх рыцараў на ўсход. Вялікі князь Вітаўт значна пашырыў межы дзяржавы.

Міхал Глінскі (каля 1410-24 верасня 1534)

Дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. На чале з Міхалам Глінскім у бітве пад Клецкам 1506 году войска ВКЛ перамагло войска Крымскага ханства на чале з сынамі Менглі-Гірэя Біці і Бурнашом. Клецкая бітва была найбольш значнай паразай татараў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Яна паклала канец іх буйным набегам за Прыпяць. Хан Менглі-Гірэй пад уражаннем вынікаў бітвы на пэўны час стаў хаўруснікам ВКЛ. Канстанцін Астрожскі (каля 1460 – паміж 15 і 25 жніўня 1530). Палітычны, вайсковы і культурны дзеяч ВКЛ.

Канстанцін Астрожскі (каля 1460 – паміж 15 і 25 жніўня 1530). Палітычны, вайсковы і культурны дзеяч ВКЛ.

На чале з Канстанцінам Астрожскім войска ВКЛ разграміла 8 верасня 1514 году пад Воршай маскоўскае войска. Адна з найбуйнейшых бітваў у гісторыі Еўропы XVI стагоддзя. Дзень беларускай вайсковай славы. Ініцыятыва ў шматгадовай вайне трывала перайшла да ВКЛ. Усе захопленыя Масквой гарады, апрача Смаленску, былі вызваленыя. Пачаў развальвацца скіраваны супраць нашай краіны таемны альянс Масковіі і еўрапейскіх дзяржаў. Вызначыўся таксама ў бітве ля ракі Альшаніца (30 кіламетраў ад Кіева) 27 студзеня 1527 – паміж войскам ВКЛ на чале з вялікім гетманам Канстанцінам Астрожскім, палявым гетманам Янушам Радзівілам і войскам крымскіх татараў. Войска Крымскага ханства было разбіта. Было вызвалена 80 тысяч палонных, вернутая нарабаваная маёмасць. Крымскія татары спынілі значныя набегі на землі ВКЛ. Здабыў яшчэ мноства іншых перамогаў. На яго надмагіллі ў Кіева-Пячорскай лаўры зроблены напіс пра 63 перамогі “над масквою і татарамі”.

Юры Радзівіл (каля 1480-красавік 1541)

Дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Меў мянушкі Літоўскі Геркулес і Віктар Пераможца. Займаў розныя дзяржаўныя пасады. Праславіўся сваім удзелам у войнах, перамогамі ажно ў 30 бітвах. У 1508-ым удзельнічаў у вайне з Маскоўскай Дзяржавай. У 1511-ым разам з слуцкім князем Юрыем Алелькавічам разбіў крымскіх татараў ва ўрочышчы Рутка непадалёк Кіева. Удзельнічаў у пераможнай Вішнявецкай бітве 1512 году з татарамі. У час Аршанскай бітвы 1514-га камандаваў лёгкай конніцай. У 1519-ым удзельнічаў у бітве з маскоўцамі пад Крэвам. Разам з Кастусём Астрожскім разбіў татараў у бітве на Альшаніцы 1527 году. Камандаваў войскам ВКЛ у вайне супраць Масковіі у 1534-37 гадах. Быў адным з багацейшых магнатаў ВКЛ.

Ян Караль Хадкевіч (1560-24 верасня 1621)

Вайсковы і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, магнат. 27 верасня 1605 году адбылася Кірхгольмская бітва (сучасная тэрыторыя Латвіі – Саласпілс) паміж войскамі ВКЛ на чале з Янам Хадкевічам і Швецыі. Перамога войска ВКЛ. Гэта была адна з найбуйнейшых бітваў вайны Рэчы Паспалітай з Швецыяй 1600-1611 гадоў. Уваходзіць у лік поўных перамог над супернікам меншымі сіламі. Пасля паразы шведскі кароль быў змушаны зняць аблогу Рыгі і адмовіцца ад кантролю над Паўночнай Латвіяй і Эстоніяй. 4 сакавіка 1609 году 2-тысячнае войска на чале з гетманам Янам Хадкевічам штурмам узяло горад Пярну (цяпер Эстонія), які абараняў шведскі гарнізон. “Правадыр крылатых вершнікаў” камандаваў таксама да сваёй смерці аб’яднаным войскам Рэчы Паспалітай і ўкраінскага казацтва ў бітве пад Хоцінам.

Януш Крыштап Радзівіл (2 снежня 1612 – 31 снежня 1655)

Дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ. У палітычнай арыентацыі быў прыхільнікам ідэі незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага. У час вайны Рэчы Паспалітай ў Масковіяй 1634-34 гадоў ваяваў за Смаленск.. У час Трынаццацігадовай вайны з Масковіяй здабыў перамогу над маскоўскім войскам Чаркаскага ў бітве пад Шкловам 12 жніўня 1654 году.

Тадэвуш Касьцюшка (30 лістапада 1745, паводле іншых звестак 4 лютага 1746 – 15 кастрычніка 1817)

Дзяржаўны і вайсковы дзеяч, кіраўнік паўстаньня 1794 году. Найбольшую вайсковую славу яму прынесла Рацлавіцкая бітва пад Кракавам, якая адбылася 4 красавіка 1794 году. Гэта была першая буйная бітва ў час вызвольнага паўстання. Паўстанцы пад камандаваннем Касьцюшкі (4100 чалавек рэгулярнага войска з 12 гарматамі і 2 тысяч сялян-касінераў) перамаглі расейскае войска пад камандаваннем генерала Аляксандра Тармасава (каля 3 тысяч чалавек з 12 гарматамі). У бітве Касьцюшка ўпершыню ў паўстанні паспяхова выкарыстаў у змаганні з рэгулярным войскам атрады касінераў – сялян, узброеных косамі. Перамога ў бітве спрыяла разгортванню паўстання на іншай тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Якуб Ясінскі (24 ліпеня 1759 – 4 лістапада 1794)

Вайсковы і палітычны дзеяч, інжынер, паэт, адзін з кіраўнікоў вызвольнага паўстання 1794 году. У час вайны з Расеяй камандаваў інжынерным корпусам, які мог выставіць максімум тысячу ваяроў. 10 чэрвеня 1792 году ўдзельнічаў у бітве пад Мірам, дзе вызначыўся асабістым гераізмам. Аднак рэспубліканскае войска пацярпела паразу. 16 красавіка 1794 году ўзначаліў вызвольнае паўстанне ў ВКЛ. Быў кашталянам Вільні, генеральным камандуючым узброенымі сіламі ВКЛ. Кіраваў арганізацыяй новай арміі, набіраючы шляхту, мяшчанаў і сялянаў у войска. Камандаваў паўстанцкімі сіламі ў бітве пад Соламі 26 чэрвеня 1794 году, якая была адной з найбольш крывапралітных цягам збройнага чыну. Ясінскаму давялося адступіць, хоць і не парушаючы баявога парадку. Загінуў пры абароне прадмесця Варшавы Прагі.

Людвік Нарбут (31.08.1832 – 04.05.1863)

Вайсковец, адзін з кіраўнікоў вызвольнага паўстання 1863 году. На рахунку Людвіка Нарбута няма вялікаколькасных перамог, аднак у нашу гісторыю ён увайшоў як прыклад ахвярнасці і мужнасці. Адным з першых у лютым 1863-га ён арганізаваў партызанскі атрад на Беларусі, з якім 3 месяцы паспяхова вёў змаганне супраць акупантаў. Спачатку атрад Нарбута дзеіў у ваколіцах Начы і Эйшышак. 13 лютага загадам Віленскага рэвалюцыйнага камітэта быў прызначаны ваенным начальнікам Лідскага павету. Пазней да яго далучыўся Леў Краінскі са сваім невялікім атрадам. У адрозненне ад іншых паўстанцкіх камандзіраў, Людвік Нарбут дзеіў пад сваім прозвішчам, што надавала яму дадатковую павагу. Паспяхова ваяваў і адбіваў напады карнікаў у раёне Нача-Дубічы-Бершты-Новы Двор. Загінуў у баі пад Дубічамі (цяпер Дубічай, Літва)

Станіслаў Булак-Балаховіч (10 лютага 1883 – 10 траўня 1940)

Беларускі ваенна-палітычны дзеяч, кіраўнік паўстання супраць савецкай улады. У розны час афіцэр кавалерыі Расейскай імператарскай арміі, генерал-маёр Белай арміі, генерал Асобнага атраду БНР, камандзір добраахвотніцкіх атрадаў польскай арміі ў 1920-ым. Армія генерала Булак-Балаховіча ў пачатку лістапада 1920 году налічвала каля 20 тысячаў чалавек. Перад Рыжскай мірнай дамовай паміж палякамі і бальшавікамі, войска Балаховіча здзейсніла свой апошні паход у глыб акупаванай бальшавікамі тэрыторыі. Войска адкрыта рушыла пад бел-чырвона-белымі сцягамі, а Балаховіч, падтрыманы шэрагам беларускіх вайсковых і палітычных арганізацый, абвесціў сябе Начальнікам беларускай дзяржавы. 27 верасня 1920 году войскі Станіслава Булак-Балаховіча занялі Пінск, 6 лістапада пачалі наступ з Турава на ўсход, 10 лістапада – занялі Мазыр. Балахоўцы вызвалілі ад саветаў частку Усходняга Палесся, але мусілі адступіць пад ціскам мацнейшых сілаў ворага.

Напэўна можна прыгадаць і іншых айчынных ваяроў, што змагаліся за вызваленне ці славу нашай зямлі ў розныя гістарычныя эпохі. Слава Вялікаму Княству! Жыве Беларусь!

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]