Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Тры факты пра беларускiя Каляды

07.01.2020 общество
Тры факты пра беларускiя Каляды

Ці ведаеце вы, што Каляды — гэта памінальнае свята, а калядавалі не па ўсёй Беларусі?

Каляды — свята памінання продкаў

У традыцыйнай карціне свету беларусаў памерлыя спрыялі дабрабыту жывых. Калядная куцця мела шмат супольнага з застоллямі на Дзяды. «Куццёй» звалі кашу, што была галоўнай каляднай стравай, і абрадавае каляднае застолле. Кашай часта завяршаліся трапезы падчас пахаванняў і Дзядоў. На Каляды куццю елі ці першай, ці апошняй. Колькасць страў на Дзяды была няцотнай. У беларускай традыцыйнай культуры няцотнасць суадносіцца са светам памерлых, а цотнасць — са светам жывых. Старыя запісы з Сенненскага павета і сучасныя з Крупскага і Капыльскага раёнаў сведчаць, што на першую куццю таксама гатавалі няцотную колькасць страў. Праўда, часта сустракаецца і лічба дванаццаць. Але тут няма супярэнасці: у традыцыйнай сімволіцы гэта лік, звязаны з касмаганічнымі з’явамі. Сустракаюцца звесткі, што і на Дзяды гатавалі дванаццаць страў.

Шырока вядомае запрашэнне на вячэру: «Мароз-Мароз, хадзі куццю есці!» Сустракаюцца таксама заклікальныя тэксты, звернутыя да птушак, што сімвалізавалі душы продкаў (Уздзенскі раён), ці да саміх продкаў (Лагойскі, Чэрвеньскі, Мастоўскі і Пружанскі раёны). У вёсцы Свяціца Ляхавіцкага раёна нават наведвалі могілкі перад кожнай куццёй. У Заходняй Беларусі на калядны стол дасюль ставяць пустую талерку для продкаў. Сустракаюцца звесткі, што для памерлых лілі па троху вадкіх страў у падпечак ці на абрус, адкладалі стравы на асобную талерку, што для таго з родных, хто нядаўна памёр (верагодна, на працягу апошняга года), пакідалі вольнае месца за калядным сталом. Верылі, што нябожчыка можна нават пабачыць, калі паглядзець у хату праз адтуліну для замка. Рэшткі вячэры пакідалі на стале на ўсю ноч, як і на Дзяды.

Топячы хату на Каляды, казалі «каб душачкі маглі абагрэцца». Каляднікі выступалі як прадстаўнікі Тагасвету, а персанажы Дзед і Баба ўвасаблялі продкаў. Падарункі і пачастункі каляднікам былі фактычна ахвярай, што сімвалічна «перапраўлялася» на Той свет, і чым шчадрэйшай яна была, тым большыя былі шанцы гаспадаркі на дабрабыт (ва ўсіх сэнсах) у наступным годзе.

Варажылі не толькі дзяўчаты

Дзявочых калядных варожбаў апісана нашмат больш, чым хлапечых. Але ўсё ж такі і хлопцы варажылі, хаця такія запісы сустракаюцца радзей. Хлапечыя варожбы зафіксаваныя ўсіх асноўных відаў:

Магчымасць пабачыць лёс у сне

«У нас кралі падушкі хлопцы ў дзеўкі. Кажуць, еслі паспіш на той падушцы, то сасніш, на ком жэнішся» (вёска Доўгае Салігорскага раёна).

З кнігі «Пінчукі» Д. Булгакоўскага: «Хлопцы і дзяўчаты ходзяць да агароджы і абхопліваюць плот рукамі: калі ў абхваце атрымаецца парны лік — хутка вяселле, няпарны — не хутка».

З прадметамі

«Хлопцы возьмуць чатыры шапкі, паложаць на лаву ў рад і пад адну шапку паложаць зеркала, пад другую — кусочак хлеба, пад трэцюю — ляльку скруцяць, а чацвёртая — пустая, і хто што выцягне. Калі пуста пад шапкай — гэты год ні жэніцца; каторы зеркала — ой фарсіста будзе; а хлеб — так багатую возьме; а лялька — то з дзіцям возьме» (вёска Вярбілкі Шчучынскага раёна).

З кнігі «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» Казіміра Сержпутоўскага: «На першую куццю пасля вячэры хлопцы падслухоўваюць пад вокнамі, што там гамоняць, і па той гаворцы мяркуюць, ці кахаюць іх дзеўкі ці не. Часамі таксама робяць і дзеўкі, але гэта толькі марцовыя дзеўкі ці тыя, каторыя ніяк не могуць зразумець сваіх каханкаў, ці шчыра яны кахаюць, ці толькі кпяць». «Марцовыя», судзячы па дыялектных слоўніках, азначае «юрлівыя». Такім чынам, у гэтым запісе калядная варажба пад вокнамі выступае як пераважна хлапечы занятак, не вельмі прыстойны для дзяўчат.

З якога боку возьме жонку

«Жадаючы даведацца, з якога боку будзе нявеста, хлопец уласнаруч пячэ блін, пакрывае ім галаву і адпраўляецца на перакрыжаванне: у якім баку забрэшуць сабакі — адтуль будзе нявеста. Калі варажба задавальняе, хлопец кідае блін у бок сабачага брэху, у адваротным выпадку ён ці кідае ў супрацьлеглы бок, ці нясе дадому» (Віцебшчына, запіс этнографа Мікалая Нікіфароўскага). Як бачым, варажба шчыльна судакраналася з магіяй, калі на лёс таго, хто варожыць, мог паўплываць ён сам ці нехта іншы: часам гаспадары, зачуўшы, што нехта слухае пад вокнамі, адмыслова мянялі тэму гутаркі.

Дык няўжо шлюб хваляваў дзяўчат больш, чым хлопцаў? Можа быць, і так, але магчыма, што пытанне пра хлапечыя варожбы даследчыкі проста не задавалі, ды і апытваюць пераважна жанчын, бо яны лічацца асноўнымі захавальніцамі традыцый.

Хто такі Цярэшка і навошта яго жаніць на Каляды?

Не ўсюды галоўным абрадавым дзеяннем на Каляды быў абыход двароў. У паўночнай Беларусі акцэнт змяшчаўся на моладзевае ігрышча «Жаніцьба Цярэшкі». Яно праходзіла ў адзін з калядных вечароў (а па звестках з Глыбоцкага раёна магло доўжыцца і тры вечары запар). Моладзь збіралася ў хаце ці карчме і танчыла, прыглядаючыся адно да аднаго. Каля поўначы пачыналася ўласна «жаніцьба». Абіраліся «бацька» і «матка», якія падбіралі пары. Бацька выводзіў дзяўчыну, матка хлопца і «скручвалі» ў танцы. Пасля гэтага «маладыя» звалі адно аднаго «бабулька» і «дзядулька», пераўвасабляючыся такім чынам у продкаў. Калі ўсе пары «перакручваліся», удзельнікі абраду па чарзе лавілі адзін аднаго, суправаджаючы працэс вясёлымі прыпеўкамі-«цярэшкамі».

Што за Цярэшка? Імя сустракаецца ў назве абрада па ўсёй Віцебшчыне, у Лагойскім і Вілейскім раёнах Мінскай вобласці, але пра гэты міфічны персанаж амаль нічога не вядома. У казках Цярэшка — драўляная фігурка, што пры пэўных умовах ажывае. У тапанімічным паданні аб вёсцы Цярэшкі Вілейскага раёна яе заснавальнік Цярэшка — мудры і таямнічы чалавек, які ведае час сваёй смерці і памірае на самоце, як паміралі, згодна з беларускімі вераннямі, чарадзеі і варажбіты. Таксама «цярэшкам», адпаведна слоўніку Івана Насовіча, звалі матылька, які, як вядома, «засынае» на зіму, робіцца нежывым, а ўвесну «ажывае», як драўляны хлопчык з казкі. Даследчыкі сыходзяцца ў меркаванні, што за вобразам Цярэшкі можа хавацца старажытнае боства кахання.

Часам жартаўлівая «Жаніцьба Цярэшкі» вяла да стварэння сапраўднай сям’і, таму вяскоўцы ставіліся да яе досыць сур’ёзна. Вось як апісваў падбор пар у вёсцы Каптуркі Віцебскай губерні ў 1908 годзе А. Пшчолка: «Гэта працэдура цягнецца вельмі доўга, усім ніяк не дагодзіш. То дзяўчына хлопцу не падабаецца, то хлопец ад дзяўчыны хаваецца… Зусім часам забываюцца, што гэта толькі гульня. Здаецца ім, што тут адбываецца сапраўднае сватаўство».

Абрад жаніцьбы Цярэшкі захоўваецца ў жывой традыцыі вёсак Лепельшчыны, аднаўляецца ў Глыбоцкім раёне, а ў вялікіх гарадах традыцыю пераймаюць аматары фальклору. Што цікава, і для сучасных гараджан удзел у старажытнай Цярэшцы часам сканчваецца сапраўдным шлюбам. Я асабіста ведаю некалькі такіх пар.

Алена Ляшкевіч, novychas.by

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]