Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Гісторык: Лёс БНР прадвызначыла чыгунка Ліда—Сарны

10.01.2020 общество
Гісторык: Лёс БНР прадвызначыла чыгунка Ліда—Сарны

Невядомыя эпізоды савецка-польскіх перагавораў 1920-1921 гадоў.

На навуковай канферэнцыі ў Варшаўскім універсітэце «Падзеленая / уз’яднаная краіна: Беларусь і Польшча ў верасні 1939 года» гісторык з Гомеля Рыгор Лазько падзяліўся сваім бачаннем месца Польшчы і Беларусі ў Еўропе падчас фарміравання ў 1919-1921 гадах новай палітычнай сітуацыі, якую назвалі “версальскім ладам”. А склалася яна ў выніку падпісання Польшчай Версальскага, а затым і Рыжскага дагавора. Гэта праблематыка, як лічыць даследчык, яшчэ недастаткова вывучана, перадае polskieradio.pl.

Напрыклад, цікава, што беларускія палітыкі прымалі ўдзел у польска-савецкіх перагаворах у Рызе ў 1921 годзе — у прыватнасці, кіраўнікі урадаў Беларусі: ад БНР Вацлаў Ластоўскі і ад ССРБ Аляксандр Чарвякоў. Хаця Беларусь афіцыйна не была прадстаўлена на перагаворах, якія тычыліся яе тэрыторыі. Але Ластоўскі і Чарвякоў знаходзіліся ў Рызе.

— У кулуарах польска-савецкіх мірных перагавораў у Рызе сустэліся Ластоўскі і Чарвякоў. Чарвякова мусілі запрасіць, праўда, ён, старшыня Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Беларусі, не прымаў удзел у якасці афіцыйнага прадстаўніка ССРБ, а знаходзіўся “пад рукой” у кіраўніка савецкай дэлегацыі Іофэ на той выпадак, калі польскі бок падтрымае праект стварэння несавецкай беларускай буфернай дзяржавы на чале з Ластоўскім.

Рыгор Лазько звяртае ўвагу на тое, што хаця вынікам Рыжскага міру стаў падзел беларускіх зямель паміж Польшчай і Савецкай Расіяй, быў і іншы варыянт развіцця падзей.

— Кіраўнік польскай дэлегацыі на перагаворах Домбскі ў пачатку кастрычніка 1920 года падчас адной з таемных сустрэч з Іофэ прапанаваў адвесці польскія і савецкія войскі на 25 км ад беларускай этнічнай тэрыторыі, на захад ад Буга і на Смаленшчыну, на той выпадак, калі Савецкая Расія не пагодзіцца аддаць Польшчы чыгуначную лінію Ліда—Сарны. Палякі казалі, што ў такім выпадку падтрымаць БНР на гэтай тэрыторыі. Савецкая дэлегацыя атрымала рашэнне Палітбюро, каб саступіць чыгунку, але не пагаджацца на адвод войск.

Аднак праект стварэння несавецкай формы беларускай дзяржаўнасці палякамі не быў ажыццёўлены, — канстатуе Рыгор Лазько. Гісторык лічыць, што “версальскі лад” у Еўропе ў выпадку ажыццяўлення прапановы польскага палітыка Домбскага па стварэнні несавецкай беларускай дзяржавы меў бы іншую форму. Але інтарэсы беларускага народа не былі ўлічаны тымі, хто фарміраваў новы “твар” Еўропы, — гаворыць Рыгор Лазько.

Рыгор Лазько лічыць, што той лад, які ва Усходняй Еўропе склаўся пасля Першай сусветнай вайны, правільней называць следам за польскай гістарыяграфіяй не версальскім, а версальска-рыжскім.

— Хаця рыжскі элемент быў прыбудоўкай да асноўнай версальскай канструкцыі, утворанай на Парыжскай мірнай канферэнцыі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]