У Мінску прайшла традыцыйная вечарына памяці Вацлава Гавела.
«Вацлаў Гавел да апошняга моманту прысвячаў свой час, свае думкі тым месцам на мапе свету, дзе робіцца несправядлівасць. Адным з такіх месцаў была Беларусь», — адзначыў, адкрываючы вечарыну, старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч. Пра гэта піша «Новы час».
Па ягоных словах, дзесяць год таму, у 2010 годзе людзі выйшлі на вуліцы з патрабаваннем пераменаў, каб Беларусь была дэмакратычнай, незалежнай, грамадства вырашала, як далей жыць краіне — але супраць іх былі прымененыя рэпрэсіі.
«Сутнасць рэжыму не змяняецца», — упэўнены Губарэвіч.
Ён пабачыў паралелі паміж той сітуацыяй, якая была ў Чэхаславакіі часоў Гавела і сённяшняй Беларуссю. «Чым натхняюцца людзі, якія змагаюцца ў такіх умовах?» — спытаў, дадаўшы, што хацелася б перайсці да наступнага кроку, думаць таксама пра іншае: як адбываюцца трансфармацыі, калі зрынаецца рэжым.
«Што рабіць з эканомікай? Што рабіць з палітыкай? Гэта ўсё тое, што на ўласным досведзе спазнаў Вацлаў Гавел», — адзначыў палітык.
Губарэвіч пажадаў, каб 2020 год быў годам сапраўдных пераменаў для Беларусі.
Пасол Чэхіі Томаш Перніцкі распавёў, што сам быў удзельнікам студэнцкіх страйкаў у Чэхаславакіі.
«Для нас было важна, каб прэзідэнтам стаў Гавел. Мы былі ўпэўненыя, што ён верне нас у Еўропу. І толькі пасля ягонага абрання мы закончылі студэнцкія забастоўкі. Я не кажу, што не было б у нас Гавела, мы б не былі ў ЕС і НАТА. Але мы б не былі там так хутка», — падкрэсліў дыпламат.
За апошні час у Беларусі быў адзін месяц — жнівень — калі нікога не затрымлівалі, і праваабаронцы раслабіліся, адзначыў кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі.
«І я думаю, што б сказаў у сённяшняй сітуацыі Вацлаў Гавел беларусам. Каб мы не думалі, што мы адны, генералы без войска. Зменіцца сітуацыя, з’явяцца войскіі», — падкрэсліў Бяляцкі.
Па ягоным меркаванні, спадчына Гавела актуальная для Беларусі да гэтага часу.
Гасцям паказалі пастаноўку п’есы Гавела «Пратэст», якую зрэжысіраваў Васіль Дранько-Майсюк. Закончылася вечарына выступам Андруся Такідтанга.