Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Пра судзілішчы ў каралеўстве крывых люстраў

12.01.2020 политика
Пра судзілішчы ў каралеўстве крывых люстраў

Такое немагчыма ўявіць у краіне, якая абапіраецца на падтрымку патрыётаў і аўтарытэт выбітных грамадзянаў.

У судах па ўсёй Беларусі праходзяць судовыя працэсы над удзельнікамі і арганізатарамі акцый у падтрымку дзяржаўнай незалежнасці. Дзясяткі грамадзянаў былі пакараныя велізарнымі штрафамі за рэалізацыю канстытуцыйнага права на ўдзел у мірных сходах. Памеры спагнанняў часта перавышаюць сярэднія заробкі па краіне, але суддзі, выносячы такія неадэкватныя прысуды, асабліва не пераймаюцца празмернай жорсткасцю. У дачыненні да арганізатараў акцый прымяняюцца больш сур’ёзныя санкцыі. Так, Павел Севярынец, разам з непад’ёмнымі штрафамі, быў пакараны ў сукупнасці 45 суткамі адміністрацыйнага арышту. Усе калядныя і навагоднія святы правядуць у ізалятарах блогеры Шэры Кот і Сяргей Ціханоўскі. Падчас судоў не абышлося без кур’ёзаў. Журналістку “Новага Часу” Дзіяну Серадзюк судзяць за ўдзел у акцыі, на якой яна не прысутнічала фізічна.

У прынцыпе, калі ўважліва аналізаваць месыджы ўлады, то пераслед удзельнікаў антыінтэграцыйных акцый не павінен асабліва здзіўляць. Пагроза незалежнасці з боку партнёра па так званай «cаюзнай дзяржаве» – гэта рэч гіпатэтычная. Чаго не скажаш пра цалкам сабе рэальных беларускіх апазіцыянераў.

Але самыя ганебныя старонкі масавых расправаў над патрыётамі – гэта факты судовага пераследу дэпутатаў Вярхоўнага савету ХІІ склікання і вядомых беларускіх літаратараў. Судзілішча над Уладзімірам Арловым, які ў часы Перабудовы напісаў знакавае эсэ “Незалежнасць – гэта…”, дакладна ўвойдзе ў падручнікі па гісторыі Беларусі. У сярэдзіне 1990-х я, сталічны школьнік, пайшоў у раённую бібліятэку ў Менску, каб узяць якую-небудзь кнігу на роднай мове. Памятаю, як папрасіў у бібліятэкаркі твор з беларускай класікі. Тая, нядоўга думаючы, працягнула мне зборнік апавяданняў Уладзіміра Арлова „Дзень, калі ўпала страла”.

То бок, яшчэ чвэрць стагоддзя таму супрацоўніца бібліятэкі ўбачыла ў асобе Уладзіміра Арлова класіка беларускай літаратуры. Аднак гэтыя абставіны не бянтэжаць людзей у форме, якія сведчаць у судзе і складаюць пратаколы на чалавека, якога ў іншай краіне за заслугі насілі б на руках. Па прачытанні навінаў пра суды над асобамі калібру Уладзіміра Арлова, Лявона Баршчэўскага, Пятра Садоўскага, Уладзіміра Някляева і іншых паважаных людзей міжволі адчуваеш тыя самыя эмоцыі, калі ў чарговы раз атрымліваеш адмову аб адкрыцці беларускамоўнай групы ў дзіцячым садку ці класа ў школе. Такое немагчыма ўявіць у сапраўды незалежнай краіне, якая абапіраецца на падтрымку патрыётаў і аўтарытэт выбітных грамадзянаў. Пасля падобных судзілішчаў пераконваешся ў тым, што за чвэрць стагоддзя ў Беларусі была збудаваная не моцная і квітнеючая дзяржава, як навязліва пра гэта нас інфармуюць білборды, а каралеўства крывых люстраў.

Мікола Бянько, «Радыё Рацыя»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]