Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Хадзіў у паліто Машэрава і разам з Гілевічам напісаў «Сказ пра Лысую гару»

14.01.2020 культура
Хадзіў у паліто Машэрава і разам з Гілевічам напісаў «Сказ пра Лысую гару»

10 невядомых фактаў пра паэта Міколу Аўрамчыка.

14 студзеня споўнілася б 100 гадоў з дня нараджэньня Міколы Аўрамчыка (1920–2017). Ён ня зьведаў жахаў сталінскіх лягераў, але правёў амаль тры гады ў нямецкім палоне, дзе адпакутаваў на шахтах Рура. Яшчэ да вайны на яго зьвярнулі ўвагу Якуб Колас і Янка Купала. А пасьля ён ужо сам спрыяў юным творцам Караткевічу, Барадуліну, Наўроцкаму.

Яго найлепшыя вершы вызначаюцца ляканізмам і ўнутранай гармоніяй. Многія бязь ценю камплімэнтарнасьці называлі Аўрамчыка адным з самых сумленных, чулых, спагадлівых і добрых беларускіх пісьменьнікаў, перадае «Радыё Свабода».

1. У дзяцінстве ледзь не загінуў, калі ўпаў з млына

Мікола Аўрамчык. 1969 г.

«...з двума сябрамі мы надумалі залезьці ў вятрак, які пуставаў за вёскай... Дзьверы былі забітыя... Жэрдкай падсадзілі сябра ўгару, той пранік у вятрак і апусьціў крыло. Па адным садзіліся на крыло, а сябра падымаў нас... залезьлі ў шапку ветрака. Там, на драўлянай перакладзіне тормаза, замест грузу віселі медныя дэталі ад машын, знаходзіліся алюмініевыя кольцы артылерыйскіх снарадаў. Грудзьмі я налёг на перакладзіну і стаў адбіваць адно з кольцаў. Перакладзіна саскочыла, і я церазь яе нырнуў уніз. Не забіўся толькі таму, што, падаючы, тройчы стукнуўся аб бэлькі, якія замарудзілі падзеньне. Усьлед за мной па лесьвіцы... зьляцелі і мае сябры. Яны выбілі дзьверы, прынесьлі... балотнай вады і пачалі адліваць мяне» (М. Аўрамчык. Пра сябе / Анкета. Мн., 1990).

Мікола Аўрамчык, 1952 г.

2. Якуб Колас параўноўваў яго зь Лермантавым

У газэце «Чырвоная змена» за 8 красавіка 1939 году чытаем: «...Маю ўвагу спыніў верш Аўрамчыка „Адлёт жураўлёў“. Верш надзвычай сьвежы. Па сіле і эмацыянальнасьці я стаўлю яго ў рад такіх вершаў, як лермантаўскі „Парус“».

Якуб Колас. Канец 30-х гг. (БДАЛіМ)

3. Палонным штодзень чакаў калецтва альбо сьмерці

Пра гэта пісаў у вершах, якія складаў у 1944 годзе, калі працаваў шахцёрам у Руры:

Не прыбралі хлопца маладога

З пераломанымі ўшчэнт рукамі,

Як паблізу тут жа на другога

З вышыні зваліўся цяжкі камень.

Мне пакутваць засталося мала,

Не мінуць і мне гэтай дарогі...

Ад сьцяны адваліцца кавалак

І раструшчыць рукі або ногі...

(Зь верша «Думы ў капальні» / М. Аўрамчык. Выбраныя творы. Мн., 2015)

Сёньня

Побач на нарах

Памёр мой сусед.

Больш ня будзе ён трызьніць у сьне.

Зараз я на чарзе... (Аўрамчык, 2015).

4. Параўноўваў Лукаша Бэндэ з эсэсаўцамі і са служкамі Берыі

Аўрамчык успамінаў, як у канцы 1950-х «...у невялікай залі Саюзу пісьменьнікаў... Бэндэ літаральна атакаваў мяне... і на поўным сур’ёзе даказваў, як ён ашчасьлівіў Янку Купалу, ледзьве не сілком справадзіўшы таго ў саўгас „Сосны“, дзякуючы чаму паэт і напісаў паэму „Над ракой Арэсай“... калі я глядзеў на яго аголеную грушападобную галаву, на глыбока пасаджаныя вочы, ён чамусьці мне нагадваў эсэсаўца. А калі неўпрыкмет сьлізгаў позіркам па ягонай гімнасьцёрцы, напушчанай на галіфэ, і па наглянцаваных ботах, Бэндэ здаваўся мне берыеўскім апрычнікам» (Зь імем Купалы — у сэрцы / Аўрамчык, 2015).

Лукаш Бэндэ. Першая палова 30-х гг. (БДАЛіМ)

5. Яго намаўлялі, каб вярнуў з-за мяжы паэта-эмігранта Алеся Салаўя

«Аднойчы ў пару хрушчоўскай адлігі рэдактар газэты „Голас Радзімы“ Леанід Прокша зьвярнуўся да мяне: „Зьвярніся праз нашу газэту да Алеся Салаўя (сябраваў з Аўрамчыкам у канцы 30-х, застаўся ў Беларусі пад акупацыяй, пасьля вайны жыў у Аўстраліі. — РС), каб ён вярнуўся з чужыны на бацькаўшчыну“.

...гэта... напалохала мяне... Радавы, што... трапіў у фашысцкі палон, адкуль быў вызвалены ангельскімі войскамі, я сам на бацькаўшчыне жыў на птушыных правах. Мне не хацелася ўцягваць у непрыемную гісторыю іншага чалавека... Але наадрэз адмовіцца было рызыкоўна... нічога не заставалася, як пагадзіцца. Праўда, я паабяцаў выканаць просьбу толькі пасьля таго, як Прокша прынясе мне для азнаямленьня вершы, якія Алесь Салавей друкаваў у час вайны... Ня ведаю... ці адпаведныя органы не пажадалі знаёміць мяне з творчасьцю Алеся Салаўя, але Прокша больш не прыйшоў...» (Пакутныя блуканьні / Аўрамчык, 2015).

Друкарская машынка Міколы Аўрамчыка

6. Абураўся тым, як прайшло перапахаваньне Янкі Купалы

«У 1962 годзе, напярэдадні 80-годзьдзя з дня нараджэньня паэта, было вырашана перавезьці з Масквы ў Менск яго астанкі і пахаваць на Вайсковых могілках. Аднак... шырокая грамадзкасьць была ўведзена ў зман. Прызначыўшы пэўны час для правядзеньня жалобнага мітынгу, кіраўніцтва за некалькі гадзін да таго... употайкі ад народу пахавала... паэта. Гэты ўчынак абурыў... Было сорамна за нашых гора-кіраўнікоў» (Зь імем Купалы — у сэрцы / Аўрамчык, 2015).

У 90-я гг. у вершы «Сон» знаходзім такія радкі:

Як заўсёды, маўклівы,

Купала

Прамовіў з загадкай

І з папрокам нямым у вачах

На мяне паглядзеў:

«Таямнічую сьмерць

Абвясьцілі няшчасным выпадкам

І мой прах пахавалі

Употай ад многіх людзей»

(М. Аўрамчык. Запрашэньне да роздуму. Мн., 1994).

Сяргей Грахоўскі, Мікола Аўрамчык, Уладзімер Дубоўка, Уладзіслаў Нядзьведзкі і Васіль Вітка. Здымак 1960-х гадоў

7. Адшукаў забытую магілу Максіма Багдановіча

Як вядома, у 1920-я гады згубленую магілу аўтара «Вянка» знайшоў Уладзімер Дубоўка, але пасьля 2-й усясьветнай месца пахаваньня Багдановіча ізноў загубілася. Знайсьці даручылі Аўрамчыку.

«Я павінен быў адшукаць магілу паэта, параіцца з інжынэрам наконт яе добраўпарадкаваньня. Я доўга хадзіў па Ауцкіх могілках, пакуль нарэшце ў непралазным гушчары пры разьвілцы дзьвюх утравянелых сьцежак ня ўбачыў добра знаёмую па фатаздымку ў даваенным акадэмічным двухтомніку паэта надмагільную пліту. Цяпер я кожную восень наведваю магілу паэта, якую засланілі вялізныя надмагільныя помнікі. Спрабаваў пасеяць на ёй васількі. Але яны чамусьці не ўзышлі...» (М. Аўрамчык. Нашы вандроўкі / Анкета. Мн., 1990).

Магіла Максіма Багдановіча ў Ялце

8. На яго пакрыўдзіўся старэйшы сын Якуба Коласа

«Мяне заўсёды сьмяшылі людзі, якія спрабавалі ўзьвялічыць нашых духоўных апосталаў [Янку Купалу і Якуба Коласа] аднаго над адным або аддавалі перавагу камусьці зь іх... недарэчны выпадак адбыўся са мною ў Ленінградзе зімою 1958 года. Пісьменьнікі гэтага горада наладзілі вялікі літаратурны вечар, прысьвечаны жыцьцю і творчасьці Янкі Купалы і Якуба Коласа. Пасьля гасьціннай вячэры... мяне затрымаў старэйшы сын Якуба Коласа Даніла... З балючай крыўдай і дакорам ён пачаў ушчуваць, што яго бацька прыкмеціў мяне, юнака, і добрым словам публічна дабраславіў у літаратуру, а я, няўдзячны, болей люблю Янку Купалу...» (Духоўны прарок і зямны чалавек / Аўрамчык, 2015).

Мікола Аўрамчык каля роднай хаты ў вёсцы Плёсы на Бабруйшчыне

9. Пасьля вайны хадзіў у паліто Машэрава

Аўрамчык у той час амаль ня меў гардэробу і пайшоў разам з жонкай на Чэрвеньскі рынак, дзе ў адной жанчыны ўбачыў добрае паліто.

«Жанчына прасіла за яго тысячу рублёў... Яно аказалася ледзьве не да пят. Уладальніца рэчы запэўнівала, што ў любой майстэрні паліто ўкароцяць... Нібы апраўдваючыся, яна прызналася, што муж пашыў яго для паездкі за мяжу, але не апрануў ні разу. Я запытаў імя мужа. „Машэраў“. Каб падахвоціць... жанчына ўступіла сотню рублёў... Доўга франціў я ў ім пасьля вайны, потым пераніцаваў, а яно ўсё ня мела зносу» (Зь ягонай лёгкае рукі / Аўрамчык, 2015).

10. Аўрамчыку было сорамна за «Сказ пра Лысую гару».

«Караткевіч крычаў: „Мала нашага брата чэрняць!“ Гэтаксама супраць яе выказваўся і Міхась Стральцоў... Сказаць па праўдзе, мне цяпер так сорамна за гэтае суаўтарства (склаў супольна зь Нілам Гілевічам, яны схаваліся пад псэўданімам Вядзьмак Лысагорскі. — РС). Многа там крыўдлівага і несправядлівага. Нельга так зьдзекавацца зь людзей, зь іхніх прозьвішчаў. У гэтым выпадку я паддаўся Гілевічу, а калі пачынаеш займацца зубаскальствам, меры няма ніякай. Пасьля напісаньня я ня мог спакойна хадзіць па дачах. Здавалася, што ўсе ведаюць, хто аўтар. Я гатовы быў нават перапрасіць у пакрыўджаных. Аднак Гілевіч сказаў: „Ты што, сьмяесься?!“ І тады я зразумеў, што ён чакае, пакуль я дам дуба, і тады скажа, што аўтар ён» (Дзяржаўная ідэалёгія бяз мовы — глупства! / Tut.by, 25.04.2010​).

Мікола Аўрамчык на лецішчы каля Лысай гары

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]