Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Беларусы не зьмірыліся з калгасамі: падпальвалі маёмасьць, забівалі камуністаў»

14.01.2020 общество
«Беларусы не зьмірыліся з калгасамі: падпальвалі маёмасьць, забівалі камуністаў»

У Беларусі выдалі дакумэнты пра жыцьцё ў БССР з сакрэтнага ў савецкі час архіву.

У савецкі час гэтыя дакумэнты выдаваліся толькі ўпаўнаважаным асобам. За іх страту маглі асудзіць на 10 гадоў турмы. І асуджалі. У некалькіх тысячах сакрэтных спраў устрымлівалася інфармацыя пра рэальную сытуацыю ў савецкай Беларусі, піша Дзьмітры Гурневіч у артыкуле для «Радыё Свабода».

Пра існаваньне Сакрэтнага аддзелу / Асобага сэктару ЦК КП(б)Б доўгі час мала хто ведаў. Гісторыкі атрымалі да яго доступ толькі ў 1990-х. Але ажыятажу гэтае адкрыцьцё архіваў ня выклікала. Дагэтуль з сакрэтнага фонду друкаваліся толькі асобныя дакумэнты.

Гісторык Ірына Раманава пачала працаваць з гэтымі матэрыяламі 20 гадоў таму. Яна правяла ў архіве сотні гадзін, прачытала дзясяткі тысяч дакумэнтаў. Нядаўна частка зь іх выйшла больш як на 1000 старонках пад адной вокладкай. Зборнік «Улада і грамадзтва. БССР у 1929–1939 гадах» разьмялі з кнігарняў імгненна.

Пра працу ў архіве, сабраныя дакумэнты і высновы зь іх Ірына Раманава расказала ў інтэрвію Радыё Свабода.

«За страту дакумэнта маглі асудзіць на 10 гадоў»

Да пачатку 1930-х гадоў інфармацыя пра сапраўднае становішча ў сельскай гаспадарцы, прамысловасьці, мэдыцыне, культуры і іншых галінах жыцьця ў БССР зьнікла з адкрытых крыніц. Цяпер патрабаваліся доказы дасягненьняў савецкай улады на ўсіх франтах.

Паралельна была сфармавана закрытая сыстэма распаўсюду інфармацыі. Партыйныя працаўнікі, прачытаўшы кожны дакумэнт, павінны былі вярнуць яго назад. Ён зьнішчаўся спэцыяльнымі ўпаўнаважанымі асобамі або захоўваўся ў сакрэтным архіве. Гэтага правіла прытрымліваліся вельмі жорстка, і за страту дакумэнта з грыфам сакрэтнасьці вінаватага маглі асудзіць на 10 гадоў.

«Каштоўнасьць матэрыялаў гэтага фонду і ў тым, што менавіта тут можна бачыць дакумэнты, якія нельга знайсьці ў іншых месцах, — кажа Ірына Раманава. — Напрыклад, фонд НКВД БССР зусім пусты, але ў Асобым сэктары ёсьць некаторая колькасьць дакумэнтаў пра дзейнасьць дадзенага наркамату, тут можна знайсьці дакумэнты па масавых апэрацыях НКВД 1937–1938 гг., пра мэтады вядзеньня сьледзтва, пра мэханізм рэпрэсій у прынцыпе і г. д.»

Дакумэнты, зь якімі працавала Ірына Раманава, сьведчаць, што кіраўнікі краіны ведалі і пра памеры голаду, і пра рэальнае стаўленьне да іхнай улады, і пра шмат якія іншыя «схаваныя» бакі савецкага жыцьця, пра якія афіцыйна не гаварылася.

Што было ў архіве, дзе працавала Ірына? Практычна ўся дакумэнтацыя насіла грыф «Сакрэтна», «Зусім сакрэтна», «Асабіста сакратару ЦК». Дакладныя запіскі, інфармацыйныя зводкі і агляды, тэматычныя даведкі, якія падаваліся вузкаму колу вышэйшага дзяржаўнага і партыйнага кіраўніцтва, рэгулярна зьбіраліся ў маштабах усёй БССР і шырэй — СССР.

«Для беларускіх гісторыкаў эра адкрыцьця архіваў пачалася ці не з адкрыцьця гэтага вопісу. Але за ўвесь час да яго дайшло вобмаль людзей. Сёе-тое друкаваў Расьціслаў Платонаў. Але гэта былі вельмі вузкія тэмы і адзінкавыя дакумэнты», — кажа Раманава.

Праца пачалася ў 1999 годзе, але скончылася толькі летась. Зборнік выйшаў напярэдадні сьвятаў у выдавецтве «Логвінаў». Сам выдавец Ігар Логвінаў прызнаўся Ірыне, што для яго гэта было адно з самых складаных выданьняў. У кнізе амаль 1200 старонак.

«Выбіраць тое, што ўвойдзе ў кнігу, было вельмі складана. Усяго ў архіве было 2618 спраў. Справы былі вельмі розныя. Часам на 10 старонках, а часам — на 300–400. Таму, калі ў мяне пытаюцца — а якія вашыя ўлюбёныя дакумэнты? — то я адказваю, што найперш тыя, якія ўвайшлі ў гэтую кнігу».

«Беларусы не зьмірыліся з калгасамі: падпальвалі маёмасьць, забівалі актывістаў»

У лютым 1930 году камуністы Беларусі папрасілі «цэнтар» прызнаць БССР рэспублікай суцэльнай калектывізацыі. Абгрунтаваньнем служыў «нябачаны размах калгаснага руху». Але дакумэнты сьведчаць пра зусім іншую карціну, кажа Ірына Раманава.

«Адказ сялянства на калектывізацыю быў радыкальны — пачалася жорсткая барацьба супраць бальшавіцкіх пераўтварэньняў на вёсцы. Эпіцэнтрам падзей на Беларусі сталі калектывізаваныя амаль на 90% раёны, найперш раёны Палесься. Сяляне падпальвалі маёмасьць, забівалі актывістаў. Толькі за тры з паловай першыя месяцы 1930 году ў Беларусі адбылося больш за 500 сялянскіх выступленьняў. Улады дзеля здушэньня бунтаў выкарыстоўвалі ўзброеных салдат».

Складовай часткай гэтай барацьбы з калектывізацыяй сталі так званыя бабскія бунты.

Сцэнар быў даволі просты: зьбіраўся натоўп жанчын, якія эмацыйна патрабавалі распусьціць калгас, вярнуць ім іхную маёмасьць, раней абагуленую ў калгасе, а таксама адкрыць царкву і вызваліць «кулакоў». Натуральна, улады не зьбіраліся задавальняць іх патрабаваньні. Тады жанчыны пераходзілі да актыўных дзеяньняў: зьбівалі замкі са складоў і хлявоў, разьбіралі сельскагаспадарчы інвэнтар, жывёлу, насеньне і г. д. Спробы ўладаў супрацьдзейнічаць гэтаму вялі да эскаляцыі канфлікту, перарасталі ў бойкі, у якіх часам здараліся ахвяры.

«Улады сутыкнуліся зь нечаканай формай супраціву — бабскія галашэньні. У адной дакладной пісалася: «Дэманстрацыі (асабліва з боку жанчын) супраць штрафаў і суд-загаду ў момант рэалізацыі, у шэрагу выпадкаў лямант пра напад бандытаў, чым зьбіраюць натоўп, сьлёзы і галашэньне ўсёй сям’ёй, упрошваньне на каленцах аб літасьці, пагрозай пакончыць з сабой і дзецьмі (кідаюцца зь сякерай на дзяцей, хапаюць вяроўкі і бягуць вешацца на гумно і г. д.)». Далей прадстаўнік улады адзначаў, што такая тактыка стала для партыйнай ячэйкі нечаканаю, «загнала камуністаў у тупік», яны разгубіліся і ня ведалі, што рабіць «з-за іх непаваротлівасьці, апартуністычнай сьлепаты, мяккацеласьці».

Сялянства не зьмірылася з калгасамі. Органамі НКВД у БССР з 1 студзеня 1933 г. па 10 верасьня 1934 г. было зарэгістравана 1163 тэрарыстычныя акты ў вёсцы. Сярод іх 117 забойстваў актывістаў і 861 падпал калгасных двароў.

А ў 1937 годзе ўлады зноў шукалі «дадатковыя аргумэнты» для таго, каб загнаць у калгасы больш за 100 тыс. аднаасобных гаспадарак.

«За крадзеж жорстка каралі, а сяляне кралі і кралі»

Узяць нешта ў калгасе ніколі не лічылася крадзяжом. Тым больш у часы голаду.

«Кралі ўласнае зерне, каб ня даць дзяржаве адняць яго шляхам хлебанарыхтовак, уласную жывёлу з калгасных хлявоў. Дзяржава на гэта адказала законам ад 7 жніўня 1932 г., згодна зь якім за крадзеж калгаснай і каапэратыўнай маёмасьці прадугледжвалася найвышэйшая мера пакараньня — расстрэл, які пры зьмякчальных абставінах мог быць заменены на 10 гадоў пазбаўленьня волі».

Вайна бальшавікоў супраць сялянства прывяла да масавага голаду ў СССР. У Беларусі найбольшых памераў ён дасягнуў на Палесьсі. Зьвесткі пра голад на Беларусі зь месцаў у «цэнтар» пачалі паступаць зь лета 1932 году. Зь лета 1933 году яны сталі масавымі.

Карткі на харчовыя тавары выдаваліся толькі працоўным дзяржаўнага сэктару і іхнім утрыманцам. Гэта было новае сацыяльнае расслаеньне. У некаторых месцах адбыліся выступленьні працоўных. Калгасы, прызнаныя сабатажнікамі, заносіліся на «чорную дошку», што фактычна азначала асуджэньне цэлае вёскі на галодную сьмерць.

Зь лета 1933 г. сыгналы зь месцаў у цэнтар пра голад сталі масавымі.

Ва Ўзьдзенскім раёне па 8 калгасах налічвалася 1290 чалавек, якім патрабавалася дапамога хлебам.

Ва Ўшацкім раёне: «многія калгасьнікі ўжо цяпер ня маюць хлеба і харчуюцца рознымі сурагатамі».

У цяжкім становішчы, адпаведна дакладной з Жыткавіцкага раёну, былі 33 калгасы раёну, альбо каля 4,5 тыс. чалавек.

Па 68 калгасах зоны Клімавіцкай МТС з 4200 сем’яў 3000 ня мелі ўвогуле ніякіх прадуктаў.

З 500 спраў, якія знаходзіліся на разглядзе ў Жыткавіцкім нарсудзе на 25 красавіка 1934 г., абсалютную большасьць складалі справы аб крадзяжы жывёлы і прадуктаў харчаваньня.

Рабочыя пісалі ў ЦВК:

«Мы рабочие работающие хотели бы так жить, как в Америке безработные и мы больше ничего не хотели бы... в газетах наших пишут, что за границей безработные в мусорных ямах гнилые яйца собирают и кушают и что стоят в очередях за чашкою супа. Попробуйте у нас найти в мусорных ямах гнилое яйцо, уверяем, что не найдете, ибо у нас работающий сам его скушает...».

Зь ліста, які быў кваліфікаваны як антысавецкі, у рэдакцыю сеньненскай райгазэты «Камунар»:

«Сами ходим голые поели усю траву, липовый лист, брагу з Оболи и Янова а з нас требуют молока мясо [...] ни знаю как передать как вы издеваетесь над нами писать есть чево да некому чытать это подумать изгалить Украину теперь принялись за Белоруссию и послед смерть СТАЛИНУ долой социализм».

«Адзіная лічба, якую пакуль удалося знайсьці адносна колькасьці памерлых ад голаду на Беларусі, — гэта тысяча чалавек у Нараўлянскім раёне. Але ж галадалі ня толькі ў Нараўлянскім раёне», — кажа Ірына.

«Лепельскія маўчальнікі ўцякалі на балоты і ў лес»

У 1937 годзе адбываецца Ўсесаюзны перапіс насельніцтва. У анкету ўносіцца пытаньне пра веравызнаньне. Па ўсёй краіне пачынаюць распаўсюджвацца чуткі, што веруючых занумаруюць, арыштуюць, вышлюць або створаць ім невыносныя ўмовы існаваньня. Той факт, што перапіс быў прызначаны на адну ноч, перад Калядамі, падліў алею ў агонь — вернікі ўспрынялі гэта як кляйменьне д’ябла.

Вось такая плётка распаўсюджвалася ў Буда-Кашалёўскім раёне:

«У ноч з 5 на 6 студзеня 1937 г. будзе лятаць вогненны зьмей, які будзе пытацца, хто за Савецкую ўладу, хто супраць. Тых, якія скажуць, што за бальшавікоў, тых зьмей будзе запісваць, а таму патрэбна быць стойкімі і не паддавацца спакусе зьмея».

Пра безвыходнасьць і страх, якія ахапілі насельніцтва, сьведчаць факты зьбіцьця і нават забойства перапісчыкаў.

«У Лепельскім раёне арганізуецца маўклівы бунт. Людзі сыходзяць у балота і лясы, каб іх толькі не палічылі. Страху нагналі ім неверагоднага. Пра тое, што там адбываецца, стала вядома Сталіну. Ён узяў пад кантроль падзеі ў Лепельскім раёне і прыслаў сюды асабіста Якаўлева, які ў суправаджэньні шасьці машын паехаў туды. Я размаўляла з тымі бабулямі, якія некалі, будучы дзецьмі, прымалі ў гэтым удзел. Яны кажуць: О, годныя людзі прыяжджалі, не такія, як мы, гразь. Шакалядкі нам давалі. А мы ўсё адно не гукалі (не размаўлялі — ІР), пашпарты ня бралі і ў калгас ня йшлі», — кажа Ірына Раманава.

Людзі працягвалі маўчаць і падчас арышту, і пазьней, і нават на судзе.

Вынікі перапісу не задаволілі Сталіна практычна па ўсіх парамэтрах: неадпаведная агульная колькасьць насельніцтва, нізкія паказчыкі пісьменнасьці і адукацыі, недастаткова высокія тэмпы прыросту гарадзкога насельніцтва і г. д. У выніку атрыманыя дадзеныя былі абвешчаныя вынікам «шкодніцкага правядзеньня перапісу» і засакрэчаныя, арганізатараў жа мерапрыемства абвінавацілі ў наўмысным недаўліку насельніцтва, абвясьцілі ворагамі народу і рэпрэсавалі.

«Рэпрэсіі працавалі як народна-гаспадарчы плян»

У кнізе ёсьць цэлы разьдзел, прысьвечаны масавым рэпрэсіям. Хоць у фондзе няма асабістых спраў, там багата матэрыялаў пра масавыя апэрацыі НКВД 1937–1938 гадоў, па так званай «кулацкай апэрацыі», па «нацыянальных» апэрацыях.

«Праз дакумэнты можна прасачыць, як усё гэта працавала. А працавала гэта як народна-гаспадарчы плян. На Менск прыходзілі лічбы з Масквы. Менск разьмяркоўваў далей гэтыя лічбы па абласьцях, вобласьць па раёнах, далей ліміты вызначаліся на кожнага сьледчага. Працавала матэматычная лёгіка», — кажа Ірына.

З матэрыялаў справы аб працы Віцебскага УНКВД: супрацоўнік Сакалоў «папрасіўся ехаць дадому на выходны дзень, Левін сказаў: «Калі сёньня паднацісьнеш, то заўтра паедзеш». Сакалоў прыступіў да допыту арыштаваных, за гэты дзень атрымаў прызнаньне шасьці арыштаваных.

У хуткім часе з месцаў пайшлі просьбы ў цэнтар аб павелічэньні квотаў. Калі на 30 ліпеня квоты па Беларусі былі 2 тыс. і 10 тыс., то на 1 студзеня 1938 г. ужо адпаведна 6 тыс. і 14,5 тыс., на 1 сакавіка — 7,5 тыс і 14,5 тыс., і г. д.

«Асаблівы ўдар зазналі прыгранічныя раёны, вёскі. Побач жа традыцыйна „варожая Польшча“. Справа даходзіла да таго, што тут арыштоўвалі амаль усё мужчынскае насельніцтва! Наркам унутраных спраў прыводзіў наступныя дадзеныя: у адной зь вёсак Тураўскага раёну (80 двароў) пасьля праведзеных арыштаў усё мужчынскае насельніцтва складала 3 чалавекі; у калгасе „Чырвонаармеец“ Плешчаніцкага раёну з 29 мужчын у канцы 1937 і пачатку 1938 году было арыштавана 23, і г. д.», — кажа Раманава.

Вельмі цікава і тое, як тлумачылі сабе самі арыштаваныя, чаму іх — сумленных людзей — абвінавачваюць у варожай дзейнасьці.

«Ну, пакуль арыштоўвалі іншых, то, як вядома, можа «дыму без агню не бывае...», «а можа і сапраўды ён/яна/яны ворагі?», «лес сякуць — трэскі ляцяць», і г. д. Але ты ж дакладна не шпіён, ня вораг... Прывяду вытрымку зь ліста былога капітана 13 стралковай дывізіі Кунда Густава ў ЦК:

«Думаў, што арыштаваны памылкова, але калі ў камэру 88 прыбыло яшчэ каля 20 камандзіраў пераважна ня рускай нацыянальнасьці, я зразумеў, што гэта не памылка, а нешта іншае, што — патлумачыць не маглі... Былі і вэрсіі, што камандны склад пасьля праверкі будзе накіраваны ў Кітай і Гішпанію і што арышт і пратаколы зьяўляюцца маскіроўкай мерапрыемства...»

Усяго ж зь ліпеня 1937 г. і да лістапада 1938 г. НКВД Беларусі арыштаваў ня менш як 54 845 чалавек, зь іх ня менш як 27 391 быў расстраляны.

Калі ў 1938 г. з органамі НКВД пачалі разьбірацца за іх папярэднюю дзейнасьць, цэнтар фактычна ініцыяваў збор дакумэнтаў адносна «недапушчальных мэтадаў сьледзтва» саміх гэтых органаў. У фондзе захоўваецца багата апісаньняў гэтых «мэтадаў».

«У НКВД БССР арыштаваных зацягвалі ва ўтаймавальныя кашулі, аблівалі халоднай вадой і выстаўлялі на мароз, улівалі ў нос нашатырны сьпірт, зьдзекліва называны „кроплямі шчырасьці“, арыштаваных прымушалі прысядаць сотні разоў зь Бібліяй у выцягнутых руках, гаўкаць па-сабачы і інш. Для арыштаваных ствараліся такія ўмовы, што яны прызнавалі ўсё, чаго ад іх дабіваліся сьледчыя, якія мелі „нормы выпрацоўкі“. Прымяняліся гэтак званыя „стойкі“, „канвэерныя допыты“, заключэньне ў карцэр ці рэжымныя камэры, утрымліваньне ў спэцыяльна абсталяваных сырых, халодных ці вельмі гарачых („парылкі“) памяшканьнях, пазбаўленьне сну, вады, зьбіцьцё і інш».

Калі ў 1938 г. было ўзьнятае пытаньне аб адхіленьні ад працы тых энкавэдзістаў, якія бралі ўдзел у зьбіваньні арыштаваных, Панамарэнка заявіў, што гэта немагчыма, бо гэта тычылася ня менш як 80% апарату НКВД.

З дакумэнтаў вынікае, што многія сьледчыя працавалі аддана, атрымлівалі сапраўднае задавальненьне «ад працы». Ня менш цікавыя і тлумачэньні самімі энкавэдзістамі сваіх зьвярыных паводзін.

«Свой унёсак у рэпрэсіі, безумоўна, зрабілі і даносы. У зборніку ёсьць шэраг такіх. Самы цікавы зь іх, на мой погляд, — данос Калесьнікавай на кампазытара Туранкова. Жанчына цалкам шчыра выкрывае яго „за фармалізм у музыцы“. Пры гэтым яна сама, насуперак усім, правяла цэлае расьсьледаваньне! Не пашкадавала ні часу, ні нэрваў», — кажа Ірына Раманава.

Выбары 1938 году: забойствы, падпалы, напады на ўчасткі

Канстытуцыя СССР 1936 г. (БССР — 1937 г.) заяўляла аб гарантыях свабоды сумленьня і веравызнаньня і аднаўляла ў грамадзянскіх правах «лішэнцаў» — людзей, пазбаўленых выбарчых і іншых правоў, у тым ліку былых кулакоў, чальцоў рэлігійных сэктаў і іншых маргінальных груп. Усе яны станавіліся паўнапраўнымі чальцамі савецкага грамадзтва. Цяпер выбары ў саветы павінны былі быць усеагульнымі, роўнымі, простымі і таемнымі, зь некалькімі кандыдатамі на адзін пост. (Ад апошняга неўзабаве адмовіліся).

Пра ход прапрацоўваньня тэксту Канстытуцыі зь месцаў у «цэнтар» ішлі дакладныя запіскі, якія будаваліся па даволі стандартным для такога роду дакумэнтаў узоры: 1) праведзеная арганізацыйная праца мясцовых органаў, 2) імітацыя масавай падтрымкі шляхам уключэньня станоўчых прыкладаў, выказваньняў, а таксама публічных выкрыцьцяў «схаваных ворагаў»; 3) адмоўныя настроі, якія кваліфікаваліся як антысавецкія настроі «асобных элемэнтаў».

Зь іншага боку, вернікі сапраўды паспрабавалі скарыстаць новыя канстытуцыйныя абяцаньні свабоды сумленьня. У дакладных асобна падкрэсьлівалася, што «слугі культу» самі наладжвалі абмеркаваньне Канстытуцыі ў парафіях. Мітрапаліт Віцебскі накіраваў з гэтай мэтай 40 сьвятароў для тлумачальнай працы. Па ўсёй краіне разгарнулася кампанія па зборы подпісаў за адкрыцьцё цэркваў, касьцёлаў, сынагог, за вяртаньне сьвятароў. Толькі пад заявамі з просьбай аб адкрыцьці непрацуючых цэркваў за 1936 і 1937 гг. па БССР было сабрана да 90 тыс. подпісаў.

«Барацьба „вернікаў і царкоўнікаў“ за свае правы набыла новы характар, яны дзейнічалі ў адпаведнасьці з законам, але насуперак уладзе, і — са спасылкай на Канстытуцыю або на самы высокі ўладны аўтарытэт: „Нам Сталін дазволіў маліцца Богу“. Вернікі спрабавалі вярнуць сабе царкву, касьцёл, сынагогу самастойна: калі не забаронена, значыць, дазволена».

Такая пільная ўвага ўладаў зрабіла «бачнымі» нават драбнюткія праявы рэлігійнасьці: распаўсюджваньне «сьвятых лістоў», адмова ад атрыманьня матэрыяльнай дапамогі па шматдзетнасьці ( «гэта продаж дзяцей дзяржаве»), чытаньне Эвангельля і рэлігійнай літаратуры, выкананьне кашруту юдэямі, посту перад Вялікаднем — хрысьціянамі, нават тое, што «дзяўчаты адмаўляліся танцаваць на танцах падчас посту» і да т. п.

Як у час выбараў, так і пасьля іх працягвала паступаць інфармацыя аб дзейнасьці «контрарэвалюцыйнага царкоўнага элемэнту». НКВД БССР прыводзіў факты ня толькі распаўсюджваньня чутак, але і адмовы ад удзелу ў выбарах у шэрагу населеных пунктаў.

З дакумэнтаў вынікае, што на выбарчых сходах сяляне вылучалі ў кандыдаты былых ворагаў народу і вернікаў, зрывалі сходы, байкатавалі іх, кралі выбарчыя сьпісы, падпальвалі будынкі, праводзілі антысавецкую агітацыю, усчыналі бойкі.

«У Чавускім раёне селянін прывёў на сустрэчу каня і патрабаваў запусьціць яго на сход. Сяляне секлі сякерамі савецкія лёзунгі і партрэты кандыдатаў. У Рагачоўскім раёне людзі баяліся хадзіць на такія сходы, бо была група людзей, якая палохала іх зьбіцьцём. У Чэрвеньскім раёне сваякі рэпрэсаваных зьбілі чальцоў выбарчых камітэтаў. У Пухавіцкім раёне ў ваду на выбарчай сустрэчы падсыпалі соль і махорку. Агітавалі за байкот. У сам дзень галасаваньня рвалі бюлетэні, пісалі там пракляцьці савецкай уладзе, дадавалі імёны Гітлера, Троцкага, цара або рэлігійныя пасланьні».

Цэлыя вёскі байкатавалі выбары, распаўсюджваліся антысавецкія ўлёткі. У Менску нехта кінуў у скрыню старонку з граматыкі беларускай мовы Тарашкевіча. У Бабруйску на ўчастку парвалі сьпісы выбарцаў, тое самае адбылося і ў Лельчыцкім раёне. У Мазырскім раёне сын рэпрэсаванага пачаў на ўчастку зьбіваць выбарчую камісію. У Аршанскім раёне падпалілі хату старшыні выбарчай камісіі. У Кіраўскім раёне актыўнага чальца камісіі забілі.

Факты зь дзейнасьці тых, каго ўлады называлі «царкоўнікамі і сэктантамі», «кулакамі» і да т. п., наўрад ці сьведчылі пра існаваньне сур’ёзнай пагрозы для рэжыму, зь якой ён ня змог бы справіцца. Гаворка, хутчэй, ішла пра тое, што трэба было выявіць і ліквідаваць усе праявы рэальнага ці патэнцыйнага супраціву, кажа Раманава.

«Натуральна, правесьці нейкі колькасны падлік, хто за, а хто супраць, мы ня можам. Па-першае, рэакцыяй асноўнай масы насельніцтва на ціск зьверху становіцца „ўскосны ўдзел і ўхіленьне“ ад кантактаў з прадстаўнікамі ўлады; па-другое, складаліся такія дакумэнты тэндэнцыйна і часьцей за ўсё ўтрымлівалі дзьве часткі: пазытыўныя настроі, нэгатыўныя настроі. Аднак, нягледзячы на колькасную перавагу апошніх, трэба ўлічваць і той факт, што дадзеныя зьвесткі не адлюстроўваюць усяго маштабу апазыцыйнасьці насельніцтва, а толькі сьведчаць пра яе існаваньне».

«Трэба працаваць з тым, што ёсьць цяпер»

Ірына Раманава кажа, што вельмі часта ў Беларусі гаворыцца пра закрытасьць архіваў. І гэта гучыць як апраўданьне, чаму нельга дасьледаваць тыя ці іншыя тэмы.

«Сядзім і чакаем, калі нам адкрыюць усё і адразу. Я прапаную ўсё ж пачаць працаваць з тым, што можам узяць ужо цяпер. А гэта вельмі нямала. А ўлічваючы, колькі ўжо зроблена замежнымі дасьледчыкамі, у тым ліку расейскімі і ўкраінскімі, нам ёсьць куды ўбудоўваць тыя веды, якія мы можам атрымаць з адкрытых фондаў. Гісторыкі самі пойдуць у архіў і возьмуць там значна больш, чым я ім прапаную ў дадзеным зборніку. Я вельмі спадзяюся, што дадзенае выданьне будзе заўважана журналістамі, настаўнікамі, студэнтамі».

Паводле Раманавай, як бы сёньня ні расьпісваліся жахі таталітарызму, колькі б мільёнаў-мільярдаў нявінна забітых ні называлі, але пакуль будзе захоўвацца «традыцыйны» падыход да структураваньня матэрыялу, мы ня зможам наблізіцца да ўсьведамленьня праблемы рэпрэсій, сутнасьці таталітарызму.

«Сёньня гісторыкаў цікавіць найперш адказ на пытаньне адносна ўзаемасувязі паміж грамадзтвам і доўгачасовасьцю існаваньня дыктатуры (у дадзеным выпадку камуністычнай). Выйсьце ў дасьледаваньні ня толькі гісторыі палітычных інстытутаў і структур, ня толькі дзеяньняў палітычных функцыянэраў і іх непасрэдных праціўнікаў — ня менш важную частку павінен скласьці матэрыял, які будзе паказваць: чаму гэта стала магчыма, якім чынам усё шырэйшыя колы насельніцтва ня толькі стваралі базу для функцыянаваньня таталітарнага рэжыму, але самі станавіліся часткай гэтага мэханізму. Неабходна тут паказаць, што варыятыўнасьць паводзін «маленькага чалавека» абмежаваная, што нярэдка гэта выглядала так — «хто ня з намі, той супраць нас». Ня менш важна і тое, што сыстэма жыцьцезабесьпячэньня ў 1930-я гады была пабудаваная так, што толькі інтэграцыя ў савецкі праект дазваляла разьлічваць на кавалак хлеба.

Тым цікавей паглядзець, якія месцы або пытаньні прымушалі пераходзіць ад згодніцтва або пасіўнага ўспрыманьня рэжыму, нягледзячы на ўзгаданы вышэй кавалак хлеба, да супраціву і нават збройнай барацьбы супраць яго».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]