Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Выбранецкія шыхты

23.01.2020 общество
Выбранецкія шыхты

Як патрыёты стварылі самую вялікую арганізацыю яшчэ ў савецкі час.

Дзесяцігоддзе з сярэдзіны 1980-х было неверагодна багатым на ўзнікненне разнастайных асветніцкіх моладзевых суполак. Большасць з іх узрастала са студэнцкіх лаваў, аднак знакамітыя «Выбранецкія шыхты» сталі аднымі з першых, хто распачаў сваю дзейнасць, не прывязваючыся да пэўнай навучальнай установы. Але пра самую вялікую рэспубліканскую арганізацыю пачатку 1990-х гадоў сёння амаль няма звестак.

Рэктар прыслухоўваўся да студэнтаў

У перабудову ў беларускіх ВНУ шчыравалі моцныя культурніцка-асветніцкія моладзевыя суполкі. Студэнты раптам адчулі, што акрамя ўніфікаваных вучэбных праграмаў існуюць людзі, якія могуць распавесці ўнікальныя факты пра беларусаў, беларускую мову і гісторыю. Аб’яднанні раслі, бы грыбы, менавіта з патрэбы даведацца пра свае карані. Дый моладзь не толькі дзялілася ў тых суполках этнаграфічнымі вышукамі, бабульчынымі песнямі і танцамі. Суполкі дамагаліся, каб кіраўніцтва інстытутаў дазволіла прымаць экзамены, пісаць дыпломы ці чытаць лекцыі па-беларуску — і гэта ў часы рускамоўнай адукацыйнай завядзёнкі.

Дырэктар выдавецтва «Кнігазбор» Генадзь Вінярскі распавядаў, як напрыканцы 1980-х гадоў суполка «Радзіма» на геафаку БДУ дабілася, каб факультэт упершыню за паўстагоддзе набраў першакурснікаў у беларускамоўную групу. У тэхналагічным інстытуце чальцы аб’яднання «Світанак» паціху «перацягвалі» на свой бок выкладчыкаў. І калі тыя выказвалі жаданне чытаць лекцыі па-беларуску, рэктар падтрымліваў памкненне.

«За акном яшчэ панаваў Савецкі Саюз, а на вечарыне, арганізаванай “Світанкам”, слухалі вершы Анатоля Сыса і ўсёй талакой спявалі “Пагоню”. Вы б бачылі, як у той момант разгубіліся сакратар камсамолу і сакратар парткама інстытута, што прысутнічалі ў зале», — усміхаецца адзін з тагачасных актывістаў суполкі, сённяшні бізнесовец Георгій (Франак) Швайбовіч.

Адна складанасць — аб’яднанні ўзнікалі ў студэнцкім асяроддзі, і як толькі іх касцяк заканчваў навучанне, развальваліся. «Выбранецкія шыхты» не залежалі ад месца вучобы, і на старце яны мелі больш шанцаў на шматгадовае існаванне.

Экзатычная назва

Арганізацый з такімі несавецкімі назвамі ў той час не было, таму «Выбранецкія шыхты» адразу былі на слыху ў Мінюсце, выканкамах, падатковых органах, банках і іншых установах.

Назву прапанаваў гісторык Анатоль Грыцкевіч, а іншыя варыянты і не разглядаліся. Выбранецкія шыхты — дробная шляхта, што ў XVIІ стагоддзі панавала на Случчыне. Яна была часткай войска Рэчы Паспалітай. На Случчыне існавалі цэлыя выбранецкія вёскі, якія мусілі першымі мабілізавацца пры любой пагрозе.

Па ўспамінах выбранцаў ХХ стагоддзя, іх таксама аб’ядноўвала жаданне навучыцца пастаяць за сябе і прага абараняць маладую краіну. Дзеля гэтага яны ладзілі не толькі спартовыя лагеры, каб нарошчваць мускулы, а яшчэ этнаграфічныя экспедыцыі і культурныя мерапрыемствы, каб даведацца больш пра свае карані.

Ахоўвалі незалежных дэпутатаў і вулічныя акцыі

У 1990 годзе «Світанак» (суполка ў тэхналагічным інстытуце, якую заснаваў у другой палове 1980-х Алесь Гуркоў) ужо натуральным чынам адгараў сваё, выпускнікам жа лесагаспадарчага факультэта Ігару Міхно і Франку Швайбовічу хацелася працягнуць культурніцкую дзейнасць. Так, літаральна з сяброўскіх размоваў, узніклі «Выбранецкія шыхты» — афіцыйна зарэгістраваная рэспубліканская моладзевая арганізацыя. На чале стаў Ігар Міхно. Сярод намеснікаў — Франак Швайбовіч. За эканамічны сектар адказваў сын вядомага перакладчыка Васіля Сёмухі Сяргей. Сваёй мэтай выбранцы называлі культурна-асветніцкую дзейнасць і абавязковую фізічную загартоўку чальцоў.

«Апошняе мне было надзвычай даспадобы, — кажа Франак. — Сам я — былы спартовец, кандыдат у майстры спорту па веславанні. Таму мне заўсёды былі цікавыя не толькі культурніцкія справы, але і фізкультура. У маладосці хацелася навучыцца пастаяць за сябе».

Адразу ж для юнакоў арганізавалі трэніроўкі па ўсходніх адзінаборствах. У расклад абавязковых мерапрыемстваў упісалі пешыя паходы, спартовыя лагеры з элементамі гонак на выжыванне. Не дзіва, што фізічна падрыхтаваных хлопцаў нярэдка клікалі ахоўваць з’езды БНФ, сачыць за парадкам на вулічных акцыях.

Па словах Швайбовіча, у дні жнівеньскага путчу 1991 года менавіта выбранцы арганізоўвалі ўнутраную ахову апазіцыйных дэпутатаў Вярхоўнага Савета падчас мітынгаў на плошчы. Тады ж яны сарвалі прасавецкі мітынг Уладзіміра Жырыноўскага.

«Яго выступ скончыўся, так і не распачаўшыся. Выбранцы пастроіліся клінам, рассеклі натоўп, а пасля асобныя групкі павыціскалі з плошчы. Уладзімір Вольфавіч шалеў, хаяў нас, аднак быў вымушаны ўрэшце вярнуцца ў гатэль», — расказвае Швайбовіч.

Па мясцінах Каліноўскага

Да 1992 года «Выбранецкія шыхты» займелі адмысловы сцяг, на якім гарэлі старажытнабеларускія рунічныя знакі, набылі форму. Выбранцаў запрашалі не толькі ахоўваць масавыя мерапрыемствы ў Мінску, але клікалі ў рэгіёны — напрыклад, у Віцебску яны ахоўвалі апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча. У арганізацыі пачалі з’яўляцца філіі. Гомельскае аб’яднанне «Талака», якім у той час кіраваў Зміцер Сасноўскі, стала філіяй «Шыхтоў».

«Дарэчы, у “Шыхты” я ўладкаваўся з сапраўднай працоўнай кніжкай акурат пасля атрымання дыплому. Мяне адразу ўзялі ў радцы — намеснікі каманданта Міхно. Усклалі дзве задачы: арганізацыйная праца і выбранецкая інфармацыйная служба. Апошняя была афіцыйна зарэгістраваная. Мы падводзілі вынікі ўсіх вандровак і спартова-краязнаўчых лагераў, паведамлялі пра этнаграфічныя даследаванні. На той час усе цэнтральныя газеты былі зацікаўленыя ў нашай інфармацыі», — згадвае Вінярскі.

З навінаў можна было даведацца пра спартова-краязнаўчую вандроўку па Ляхавіцкім і Баранавіцкім раёнах да 130-х угодак Кастуся Каліноўскага. Выбіраліся і ў паход па азёрах і балотах Заходняй Віцебшчыны, праходзілі па 40–50 кіламетраў у дзень. Да такіх мерапрыемстваў часта падключалі студэнтаў з педінстытута і філфаку БДУ.

Паміж Парэччам і «беларускім» Калінінградам

Выбранцы неаднаразова ўдзельнічалі ў раскопках пад кіраўніцтвам Эдварда Зайкоўскага, арганізоўвалі экспедыцыі на Случчыну, Клеччыну, Ляхавіччыну і ў іншыя рэгіёны. Выязджалі і за межы Беларусі: збіралі беларускія легенды і паданні на Дзвіншчыне і ў Латгаліі (Латвія), танчылі і спявалі народныя песні на кафедры беларусістыкі ў Віленскім універсітэце і ў беларускамоўнай гімназіі, вазілі падручнікі і ўдзельнічалі ў этнаграфічных святах у Калінінградзе, разам са старшынёй тамтэйшага беларускага культурнага таварыства Ігарам Шаховічам распавядалі пра гістарычныя карані беларускага народа.

Не забываліся на асвету і ўнутры краіны. У дзіцячых садках, школах і летніках (найперш у беларускамоўным «Грунвальдзе») ладзілі народныя гульні, песні, танцы для малечы. А маглі наўпрост паехаць, напрыклад, у Парэчча ці Станькава, каб выступіць перад школьнікамі.

«Мы паказвалі, што па-беларуску размаўляюць не толькі “батанікі”, але і сучасная моладзь, — усміхаецца Вінярскі. — Памятаю, як радаваліся настаўнікі, калі да школьнікаў прыязджалі спартовыя юнакі: яны былі дзецям бліжэй, чым “класічныя” пісьменнікі, якія падчас сустрэчы з дзятвой віталі недзе ў сваіх сусветах».

Хутка «Шыхты» зарэгістравалі навукова-вытворчую фірму «Ваўкалака», у якой начальнікам стаў Франак Швайбовіч.

«"Ваўкалака" займалася не толькі перапродажам харчовых і прамысловых тавараў, а і асветнай, выдавецкай дзейнасцю, — дадае Швайбовіч. — Праз гэтую ўстанову фінансавалі дадатковы наклад зборніка “Маўклівыя сведкі мінуўшчыны”, друк метадычных кніг для выкладчыкаў дзіцячых садкоў і нават зборнікаў народных замоў».

Падчас свайго ўзлёту «Шыхты» (і «Ваўкалака») нават мелі ў Серабранцы шапік, арандаваны ў «Саюздруку». Праз яго прадавалі літаратуру пра беларускую гісторыю, этнаграфію і культуру. Праўда, адмысловая прадукцыя, мякка кажучы, здзіўляла непадрыхтаваных мясцовых, і ў шапіку не аднойчы выбівалі шыбы.

«Выбранец павінен выконваць як мінімум дзесяць танцаў»

«Шыхты» пачыналі ладзіць маштабныя гарадскія святы ў Лошыцкім парку тады, калі ён быў амаль безгаспадарным. Да імпрэзаў з народнымі скокамі, музыкай і гульнямі далучыліся ініцыятар адраджэння айчыннага рыцарскага руху Арына Вячорка і даследчык этнічнай музычнай традыцыі Тодар Кашкурэвіч.

«Ігар Міхно быў упэўнены, што кожны выбранец павінен выконваць як мінімум дзесяць танцаў, таму нават самыя кастнаногія хлопцы ўпарта вывучалі харэаграфічныя фігуры і малюнкі, — успамінае Вінярскі. — Часцей за ўсё, збіраліся ў філіі музея Максіма Багдановіча на Рабкораўскай. У “Беларускай хатцы” рассоўвалі лавы па сценках, вызвалялі прастору для скокаў, хтосьці браўся за баян — і пачыналася. Часта да “Шыхтоў” прыходзілі дзяўчаты з “Крывічоў” — студэнцкай суполкі педагагічнага інстытута, знаёмыя з іншых суполак. Калі танцы ладзіліся на больш вялікіх пляцоўках, напрыклад, у інстытуце замежных моваў, то ў залу пускалі і публіку з вуліцы».

Новыя танцавальныя фігуры прывозілі з этнаграфічных экспедыцый. Адтуль жа бралі песні — дзяўчаты, якіх таксама было багата сярод выбранцаў, збіраліся на спеўкі. Памкненне да народнай музычнай традыцыі было характэрна для «Крывічоў», адкуль многае перанесла ў «Шыхты» будучая жонка Франка Швайбовіча Святлана. Дарэчы, тыя вечарыны аб’ядналі многіх чальцоў суполкі. Сямейнай парай сталі не толькі Франак і Святлана: сярод аднадумцаў знайшлі сабе жонак Генадзь Вінярскі, Ігар Міхно і іншыя.

Ад дудароў да «Старога Ольсы»

Паступова суполка атрымала магчымасць займацца асветніцкай дзейнасцю праз Дом літаратара. Акрамя вечароў народных танцаў, на яго сцэне ладзіліся вечарыны памяці рэпрэсаваных паэтаў і пісьменнікаў. А яшчэ — першыя дударскія фэсты.

Ігар Міхно разам з Тодарам Кашкурэвічам занурыліся ў даследаванне аўтэнтычнага фальклору. Фэстам яны імкнуліся аб’яднаць традыцыі дудароў рэгіёну Балтыйскага мора, да якога прылічвалі і Беларусь. У межах маштабнага дзеяння праводзіліся не толькі ўласна канцэрты, але і заняткі з майстрамі, што вырабляюць дуды, рэканструкцыі народных абрадаў, міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі этнографаў і фалькларыстаў.

З гэтых фэстаў пачалося адраджэнне беларускага дударскага руху. Для некаторых жа ўдзельнікаў этнамузыка паступова ператварылася ў частку жыцця. Напрыклад, частку цяперашняга фальклорнага гурта GUDA склалі былыя выбранцы. А згаданы кіраўнік гомельскай філіі «Шыхтоў» Зміцер Сасноўскі праз пэўны час заснаваў вядомы гурт сярэднявечнай беларускай музыкі «Стары Ольса».

«Ён быў адданы справе да мозгу касцей»

Парадаксальна, аднак тое, што прынесла «Шыхтам» славу, у выніку іх і раз’яднала. Спадар Міхно ўсё больш захапляўся ідэямі Сяргея Санько і Тодара Кашкурэвіча, якія на той момант стварылі Цэнтр этнакасмалогіі «Крыўя». З 1993 года дзейнасць суполкі звузілася да фальклорных пошукаў і даследавання дахрысціянскага перыяду гісторыі. Многім выбранцам такі расклад быў ужо нецікавы.

«Ігар у сваёй справе быў сапраўдным фанатам, — дадае Вінярскі. — Ён быў гатовы ночыць у офісе — пакойчыку ў якіх-небудзь пяць “квадратаў”. Калі ж нарэшце перабраўся ў кватэру, якую мы з ім здымалі ўдваіх, дык у свой пакой яму не было калі купіць ложак. Ён быў адданы сваёй справе да мозгу касцей і хацеў, каб усе былі такімі. Але моладзь паступова заводзіла сем’і, выбранцы пачыналі шукаць занятак, што прыносіў бы сталы прыбытак».

Другая прычына да паступовага развалу самай вялікай з моладзевых арганізацый таго часу — банальная адсутнасць фінансаў. Тая ж арэнда памяшкання пад офіс каштавала грошай, няхай і невялікіх. Аднак увесь прыбытак, што атрымлівала арганізацыя ад правядзення дударскіх фэстаў ці ад «Ваўкалакі», тут жа да капейкі ўкідваліся ў новы культурніцкі праект. Вінярскі неаднойчы станавіўся трацейскім суддзёй у спрэчках паміж Міхно і Швайбовічам.

«У мяне мысленне больш эканамічнае. Каб задуму раскруціць, трэба нарошчваць абароты, а не выцягваць усе грошы, якія зарабляеш. Мы рабілі вельмі годную справу. Упэўнены, патэнцыял быў значна большым, і выйсці маглі на іншыя гарызонты, каб падыходзілі да фінансавых пытанняў больш абдумана», — тлумачыць падзеі тых дзён Швайбовіч.

Швайбовіч з’ехаў у Барысаў, дзе заняўся ўласным бізнесам. Адышоў ад спраў і Вінярскі. Адзін за адным адшчапіліся іншыя — і легендарная арганізацыя паціху развалілася. Ды так, што інфармацыі пра яе ўжо практычна няма, хаця многія былыя выбранцы ходзяць побач з намі.

Настасся Панкратава, «Новы Час»

Последние новости:
Путин лжет 23.11.2024 Путин лжет
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]