Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

30 гадоў таму беларуская мова стала дзяржаўнай

26.01.2020 общество
30 гадоў таму беларуская мова стала дзяржаўнай

Як прымаўся Закон аб мовах, які апярэдзіў нашу незалежнасьць?

26 студзеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР 11-га скліканьня прыняў Закон аб мовах, які павінен быў спыніць татальную русыфікацыю Беларусі. У 2-м артыкуле закону беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай у Беларусі, расейская мова — «мовай міжнацыянальных зносін народаў Саюзу ССР», перадае «Радыё Свабода».

Розныя артыкулы закону меліся ўводзіцца ў жыцьцё паступова. Да канца 2000 году па-беларуску павінны былі запрацаваць установы адукацыі, дзяржаўны апарат і праваахоўныя органы, войска. Аднак рэфэрэндум 1995 году перакрэсьліў гэтыя пляны, вярнуўшы расейскай мове статус дзяржаўнай.

«Закон быў падрыхтаваны тэкстуальна, маральна грамадзкасьцю, падзеямі, «Талакой», «Майстроўняй»

Нічога не было б прынята, калі б не было грамадзкага настрою, ціску, моладзевых суполак, лістоў у «ЛіМ», перакананы мовазнаўца Вінцук Вячорка, які шчыльна працаваў над канцэпцыяй і напісаньнем праекту закону.

«Дакумэнты з патрабаваньнямі надаць беларускай мове статус дзяржаўнай пачалі пасьлядоўна зьяўляцца з 1987 году, з часоў, калі была „Майстроўня“, зьявілася „Талака“, праводзіліся нарады і соймы Канфэдэрацыі беларускіх суполак.

Паралельна пры Фондзе культуры была створана камісія беларускай мовы. Можа, у гэтым заслуга Івана Чыгрынава, які пагадзіўся, каб зьявілася такая камісія», — узгадвае мовазнаўца Вінцук Вячорка.

Вінцук Вячорка
Фото: «Радыё Свабода»

Грамадзкую камісію пры Фондзе культуры ўзначаліў тагачасны дацэнт Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту імя А. М. Горкага Пятро Садоўскі.

«Закон быў падрыхтаваны тэкстуальна, маральна грамадзкасьцю, падзеямі, мастакамі, маніфэстамі моладзевых суполак, „Талакой“, „Майстроўняй“, моўнай камісіяй, праграмай Народнага фронту. Ужо была ажыўлена гісторыя, што была старажытнабеларуская мова, што было ВКЛ, былі Статуты на беларускай мове.

Гэта ўсё было настолькі раскручана ў грамадзтве — такі быў час, была эпоха! Насьпела вось гэтая новая хваля адраджэньня», — кажа Пятро Садоўскі.

«Садоўскі быў адзіным з камісіі пры Вярхоўным Савеце, хто прыйшоў з гатовым дакумэнтам»

У Вярхоўным Савеце 11 скліканьня (яшчэ БССРаўскім) таксама была створана Камісія па падрыхтоўцы прапановаў аб заканадаўчым урэгуляваньні статусу беларускай, расейскай і іншых моў. Была зацьверджана працоўная група па падрыхтоўцы праекту закону, у якую ўвайшлі літаратары Ніл Гілевіч і Барыс Сачанка, міністры культуры — Яўген Вайтовіч і народнай адукацыі — Міхаіл Дзямчук, мовазнаўцы Пятро Садоўскі, Вячаслаў Рагойша, Міхаіл Яўневіч, Аляксандар Падлужны, сакратар Менскага гаркаму КПБ Пётар Краўчанка.

І менавіта камісіяй пры Фондзе культуры была створана грунтоўная канцэпцыя: беларуская мова павінна стаць адзінай дзяржаўнай.

Пятро Садоўскі
Фото: «Радыё Свабода»

«Пятро Садоўскі быў адзіным з камісіі пры Вярхоўным Савеце, хто прыйшоў з гатовым дакумэнтам пад пахай. І ўжо на падставе гэтага можна было нешта рабіць.

У гэтай канцэпцыі мы прапісалі розныя сфэры, у якіх беларуская мова павінна аднавіць функцыянальнасьць. Найперш — адукацыя, дзяржаўны ўжытак, візуальная прысутнасьць, мас-мэдыя, дакумэнтацыя, у тым ліку напісаньне імёнаў і тапонімаў. Там была маса гатовых фармулёвак. Некаторыя зь іх мае, у тым ліку фармулёўка пра беларускія імёны і прозьвішчы, якія павінны адпавядаць беларускай нацыянальнай традыцыі. Яна перавандравала проста ў закон, як і многія іншыя фармулёўкі», — з гонарам кажа мовазнаўца Вінцук Вячорка.

Як расейскамоўны Расьціслаў Янкоўскі змагаўся за адзіную дзяржаўную мову — беларускую

У камісію пры Савеце міністраў Пятро Садоўскі прыйшоў з тэкстам, які ў Фондзе культуры яны стваралі разам зь Вінцуком Вячоркам, Зянонам Пазьняком, Яўгенам Куліком ды іншымі аднадумцамі.

Камісіяй кіравала намесьніца старшыні Саўміну Ніна Мазай, яе намесьнікам быў Ніл Гілевіч. У камісію ўваходзілі пісьменьнікі Іван Чыгрынаў, Барыс Сачанка, народны артыст СССР Расьціслаў Янкоўскі, партыйны функцыянэр Пятро Краўчанка. А таксама чыноўнікі з ураду, перадавыя рабочыя, дырэктары заводаў, але яны звычайна ня бралі ўдзелу ў абмеркаваньні, узгадвае Пятро Садоўскі.

Расьціслаў Янкоўскі

«Мне вельмі запомніўся ўдзел у працы камісіі Расьціслава Янкоўскага, расейскамоўнага актора Рускага драматычнага тэатру. У сваіх выступах ён падкрэсьліваў: „Я сын гвардзейскага афіцэра. Я выхаваны ў лепшых традыцыях расейскай літаратуры і культуры, але я разумею, што беларусы павінны мець сваю дзяржаўную мову, каб існаваць“. Ён заўсёды гаварыў годныя словы пра беларускую гісторыю, пра дзеячоў культуры.

Закон прымалі на пленарным паседжаньні. Прадстаўляў праект Ніл Гілевіч. Расьціслаў Янкоўскі выступіў пры абмеркаваньні, паўтарыўшы прыкладна тое, што казаў і на паседжаньнях камісіі. Пасьля яго нехта выступіў у абарону расейскай мовы. Янкоўскі выскачыў на трыбуну, парушыўшы рэглямэнт, і настолькі палка заклікаў, каб быў прыняты закон з фармулёўкай аб адзінай дзяржаўнай мове — беларускай!» — кажа Пятро Садоўскі.

Закон аб мовах падтрымалі партыйныя функцыянэры, міністры, «чырвоныя дырэктары»

332 дэпутаты падтрымалі моўны закон, 27 прагаласавалі «супраць», 9 «устрымаліся». Беларуская мова абвяшчалася дзяржаўнай, а расейская — мовай мiжнацыянальных зносiн. Гэта пры тым, што сярод дэпутатаў Вярхоўнага Савету БССР 11-га скліканьня пераважная большасьць была — партыйная намэнклятура, чальцы ўраду, дырэктары прадпрыемстваў.

«У Вярхоўным Савеце 11-га скліканьня было шмат міністраў, якія заўсёды выступалі па-беларуску, да прыкладу, міністар фінансаў Балясляў Шаціла, — узгадвае Пятро Садоўскі. — Гэта былі міністры, якія вучыліся ў беларускіх школах, яны былі немаладыя, магчыма, памяталі першае адраджэньне 1930-х гадоў. Яны падыходзілі да нас, віншавалі. Я быў тады гістарычна шчасьлівы. Гэты быў зорны час».

На думку Пятра Садоўскага, Закон быў вельмі ўзважаны, ён ня быў рэвалюцыйным, агрэсіўным, нацыяналістычным.

«Там былі „або“, „і — і“ на рускай або беларускай мовах. Гэта тое, што можна назваць „слабым месцам“, але гэта быў кампраміс, гэта быў мяккі і талерантны закон. Калі б мы былі парлямэнцкай рэспублікай і ня здарыліся прэзыдэнцкія выбары ў 1994-м, гэты закон ужо б працаваў», — перакананы Пятро Садоўскі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]