Як у нашай краіне распачыналася маштабная беларусізацыя.
«Закон аб мовах у Беларускай ССР», паводле якога беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай у нашай краіне, быў прыняты 30 гадоў таму. Апроч яго быў прыняты і план беларусізацыі ў выглядзе Дзяржпраграмы. Калі б гэта ажыццявілася — ужо б колькі часу паўсюль у нас гаварылі па-беларуску. А дакладней, яшчэ б у 2000 годзе.
Але з ініцыятывы Лукашэнкі прайшоў рэферэндум 1995 года, па выніках якога было ўсталяванае двухмоўе, відавочна дыскрымінацыйнае ў адносінах да мовы тытульнай нацыі. Згадаем, што пісалася ў «Законе аб мовах», якім быў план беларусізацыі, ды ўявім сабе, як усё магло б выглядаць.
Што цікава: «Закон аб мовах» 26 студзеня 1990 года прыняў Вярхоўны Савет БССР яшчэ 11 склікання, дзе амаль спрэс былі камуністы. Новы парламент, абраны ў выніку першых дэмакратычных выбараў, з Апазіцыяй БНФ у складзе, запрацаваў толькі праз некалькі месяцаў. Ацаніце і вынік галасавання: 332 дэпутаты падтрымалі моўны закон, толькі 27 прагаласавалі «супраць» і 9 — устрымаліся. Як кажуць, былі часіны ды ішлі працэсы...
«Жыве мова — жыве народ»
Старшынявала ў камісіі, якая распрацоўвала закон, тагачасная віцэ-прэм’ер Ніна Мазай. Яна рабіла і прэзентацыйны даклад на пасяджэнні Вярхоўнага Савета. Памерлая летась Мазай таксама вядомая тым, што ў 1988 годзе ўзначальвала Дзяржаўную камісію па расследаванні злачынстваў у Курапатах, а таксама працавала паслом у Канадзе і Францыі ўжо ў незалежнай Беларусі. У моўную камісію ўваходзілі: паэт і дэпутат Ніл Гілевіч, юрыст, будучы старшыня Цэнтрвыбаркаму падчас першых прэзідэнцкіх выбараў Аляксандр Абрамовіч, міністр культуры Яўген Вайтовіч, міністр адукацыі Мікалай Дзямчук, тады сакратар Мінскага гаркаму кампартыі Беларусі, а затым міністр замежных спраў Беларусі Пётр Краўчанка, мовазнаўцы — напрыклад, будучы дэпутат і пасол у Германіі Пётр Садоўскі.
«Закон аб мовах» пачынаўся пранікнёнай прэамбулай:
«Мова — не толькі сродак зносін, а і душа народа, аснова і важнейшая частка яго культуры. Жыве мова — жыве народ. Кожная мова, яе літаратурная, жывая мясцовая і гістарычная разнавіднасць — неацэнны скарб, які належыць не аднаму народу, а ўсяму чалавецтву.
Гонар і абавязак усіх — шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю і росквіту, паважліва ставіцца да моў іншых народаў.
У Беларусі здаўна жывуць людзі розных нацыянальнасцяў, гучаць розныя мовы. Аднак у апошнія гады сфера ўжывання мовы карэннага насельніцтва Беларусі, якое дало ёй імя і гістарычна складае асноўную частку жыхароў рэспублікі, значна звузілася, пад пагрозай апынулася само яе існаванне. Паўстала неабходнасць аховы беларускай мовы на дзяржаўна-этнічнай тэрыторыі. Такую сістэму аховы дазваляе стварыць толькі наданне беларускай мове статусу дзяржаўнай мовы Беларускай ССР.
Статус беларускай мовы як дзяржаўнай не закранае канстытуцыйных правоў грамадзян іншых нацыянальнасцяў карыстацца рускай ці іншымі мовамі. Усе грамадзяне Беларускай ССР, незалежна ад нацыянальнасці і роднай мовы, карыстаюцца роўнымі правамі і маюць роўныя абавязкі перад дзяржавай».
У новай рэдакцыі моўнага закона ад 1998 года ў выніку рэферэндуму–1995 гэтую прэамбулу прыбралі, а паўсюль для ўжытку моваў у розных сферах жыццядзейнасці панапісвалі фармулёўку «на беларускай і (або) рускай мове». Гэта падступнае «або» і зрабіла сваю русіфікацыйную справу. Хаця ў 1990 годзе здавалася, што «Закон аб мовах» будзе незваротным у справе Адраджэння.
У тым законе беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай мовай, пры гэтым гарантавалася забеспячэнне права «свабоднага карыстання рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін». Дзеля выканання закона Вярхоўны Савет выдаў пастанову аб парадку ўвядзення моўнага закона ў дзеянне з 1 верасня 1990 года. А незадоўга да гэтага, 27 ліпеня, была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР, якая дадала адраджэнцам натхнення і ў справе пашырэння ўжытку мовы.
10 гадоў на беларусізацыю
Былі вызначаныя розныя тэрміны для паступовага ўкаранення палажэнняў «Закона аб мовах» ва ўсіх сферах грамадскага жыцця — працягласцю для выканання ад 3 да 10 гадоў. Падрабязна план быў распісаны ў пастанове Савета міністраў ад 20 верасня 1990 года за подпісам Вячаслава Кебіча «Аб Дзяржаўнай праграме развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР». Была свая ўзнёсла-трывожная прэамбула і ў гэтым дакуменце:
«Адна з галоўнейшых задач у развіцці беларускай культуры — клопат пра беларускую мову, якая павінна заняць сваё дастойнае месца ў жыцці беларускага народа. Рэзкае звужэнне сфер функцыянавання беларускай мовы прывяло да страты ў значнай часткі насельніцтва пачуцця каштоўнасці нацыянальнай культурнай спадчыны, да дэфармацыі нацыянальнай самасвядомасці. Сёння ж роля беларускай мовы ў культурнай, грамадска-палітычнай, гаспадарчай сферах неправамерна зніжана, што выклікае занепакоенасць грамадзян Беларускай ССР».
Самы працяглы час — да 2000 года — вызначаўся на ажыццяўленне беларусізацыі ў некаторых прафесійных сферах і ў маштабных справах. Напрыклад, судаводства павінна было весціся па-беларуску або на нацыянальнай мове большасці насельніцтва пэўнай мясцовасці. Пры гэтым агаворваўся такі нюанс: «Пры разглядзе ў судах крымінальных і грамадзянскіх спраў асобам, якія прымаюць удзел у справе і не валодаюць мовай судаводства, забяспечваецца права азнаямлення з адпаведнымі матэрыяламі, удзел у судовых дзеяннях праз перакладчыка, права выступаць у судзе на роднай мове».
Да 2000 года трэба было «колькасць вучняў, якія навучаюцца на беларускай або іншай мове, прывесці ў адпаведнасць з нацыянальным складам насельніцтва рэспублікі». На беларускую мову ў гэты тэрмін павінна было перайсці навучанне ў ПТВ і ВНУ. А вось «большасць дашкольных устаноў у гарадской і сельскай мясцовасці на беларускую мову выхавання і навучання» лагічна меркавалася перавесці раней — да 1995 года. Цягам 1990–1995 гадоў планавалася «штогод перападрыхтоўваць і павышаць кваліфікацыю па беларускай мове не менш чым 40 тысяч настаўнікаў, выкладчыкаў прафтэхвучылішч, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, а таксама работнікаў дашкольных і пазашкольных устаноў».
План на тэрмін 3–5 гадоў тычыўся ўстанаўлення практыкі прыняцця і публікацыі на беларускай мове актаў міністэрстваў і ведамстваў, а таксама выканання на ёй тэкстаў на пячатках, штампах, штэмпелях, афіцыйных бланках дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый і прадпрыемстваў. А кіраўнікі павінны былі авалодаць беларускай і рускай мовай у аб’ёме, неабходным для выканання службовых абавязкаў. Прычым, ужо ў 1990 годзе рыхтавалі «пералік пасад, для заняцця якіх патрабуецца веданне беларускай мовы». Для вывучэння ці ўдасканальвання ведаў па беларускай мове арганізоўваліся спецыяльныя курсы для розных катэгорый работнікаў.
У першыя ж гады планавалася «забяспечыць афармленне тапанімічных назваў (населеных пунктаў, адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, вуліц, плошчаў, рэк і да т.п.), назваў устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама выданняў інфармацыйнага і рэкламнага характару на беларускай мове, а пры неабходнасці — на беларускай і рускай мовах». Апрача таго, таварныя знакі, сродкі маркіроўкі тавараў, этыкеткі, інструкцыі аб карыстанні таварамі павінны былі афармляцца на беларускай мове, а для тавараў, прызначаных на вываз за межы Беларускай ССР, — на беларускай, рускай мове або мове заказчыка. Міністэрству культуры БССР сумесна з Дзяржаўным камітэтам БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, Саюзам кінематаграфістаў БССР давялі з 1991 года «забяспечыць стварэнне, дубляванне і паказ мастацкіх і навукова-дакументальных фільмаў на беларускай мове».
Давайце без «або»
Глядзіце самі, паступовым ці радыкальным быў план па беларусізацыі 1990 года. Аўтар гэтых радкоў у пачатку 1990-х гадоў быў падлеткам, але выдатна памятае, як бацька прыходзіў з працы ў Міністэрстве рэсурсаў (было такое) і распавядаў аб вядзенні дакументацыі і планёрках па-беларуску: «Некаторым — так, складана. Пацеюць, але стараюцца. І цікава, і нешта прачынаецца на генным узроўні. Ніхто не ные!»
А то некаторыя, як кіраўнік краіны, любяць паўтараць «страшылку», што ў пачатку 1990-х гадоў у Беларусі верхаводзілі нацыяналісты, якія «рускіх пасадзілі на чамаданы». І незабыўнае ад Лукашэнкі: «Людзі, якія размаўляюць на беларускай мове, не могуць нічога рабіць, апрача як размаўляць на ёй, таму што па-беларуску нельга выказаць нічога вялікага. Беларуская мова — бедная мова. У свеце існуюць толькі дзве вялікія мовы — руская і англійская». Канешне, казаў Лукашэнка і добрае пра беларускую мову, але ў любым разе лепей было б не гаварыць пра яе, а гаварыць на ёй, падаючы асабісты прыклад. Тым болей, маючы такі файны артыкуляцыйны апарат. Аднак яго публічныя выступы па-беларуску — вялікая рэдкасць, дый яны з паперкі.
На заканадаўчым узроўні беларусізацыю можна пачаць з прыбірання ў моўным законе дыскрымінацыйнага на практыцы «або», каб сапраўды, калі ўжо маем білінгвізм, беларуская і руская мова мелі аднолькавыя правы і ўмовы ўжытку.
Кірыла Пазняк, «Новы час»