Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як беларускi школьнік заклікаў сялян да паўстаньня супраць бальшавікоў

28.01.2020 общество
Як беларускi школьнік заклікаў сялян да паўстаньня супраць бальшавікоў

Яго дагэтуль памятаюць у роднай вёсцы.

У 1937 годзе сяміклясьнік з Крычаўскага раёну Ягор Калбееў даслаў у газэту «Звязда» свой верш «Песьня мужыка», у якім заклікаў сялян «да вызваленьня шляхам барацьбы». Ворагамі народу 18-гадовы юнак назваў бальшавікоў і калгасы, за што і трапіў у ГУЛАГ. Карэспандэнт «Свабоды» пабываў у ягонай вёсцы праз 83 гады і знайшоў людзей, якія ведалі паэта-пачаткоўца.

27 лютага 1937 году школьнік Ягор Калбееў даслаў верш пра «паднявольнае становішча мужыка» ў рэдакцыю рэспубліканскай газэты «Звязда». Аўтар называў сябе сынам мужыка-калгасьніка і «выразіцелем народнай мары».

«37-ы год — год сьмерці мужыкоў, у гэтым годзе палова сялян пагіне з голаду. У гэтым вершы „Песьня мужыка“ я хачу паказаць цяжкае, паднявольнае становішча мужыка, ня толькі паказваю ўжаснае становішча, ну і прызываю да вызваленьня шляхам барацьбы», — наіўна пісаў школьнік у лісьце, прыкладзеным да верша.

Ягор Калбееў. Фатаздымак зь ягонай справы з архіву КДБ. Упершыню апублікаваны ў 2005 годзе ў газэце «Звязда»

Ён тлумачыў, што «мужык ірвецца ў бой, ён гатовы біць врагоў — па ўрагамі разумее мужык бальшавікоў». Таксама згадваў у лісьце Сталіна, які «не зварочвае ўвагі», што «мужык гіне з голаду».

5 сакавіка 1937-га ліст зь вершам пераслалі з рэдакцыі «Звязды» сакратару ЦК КП(б)Б Данілу Валковічу з пазнакай «Для ведама». Яшчэ празь месяц яго аўтара арыштавалі.

Як школьнік паказаў жыцьцё калгасьніка. Сьцісла

«У мяне адабралі зямлю, У калгас аддалі, а я з голаду мру»;

«А папросіш бульбін ці працягнеш руку — кажуць, час здыхаць жабраку-мужыку»;

«Я ўсё лета араў, малаціў і касіў, людзям сена наклаў, а сабе не прасі».

«Ты будуеш масты, І лясы ты сячэш, Сабе печ пратапіць Стару лаву сячэш»;

«Вось надыдзе вясна, Трэба ехаць араць, Няма хлеба, зярна, У рот нечага ўзяць»;

«Эх, каб сілу я меў, Увесь сьвет бы абняў, Я ўрага б раздавіў, І зямельку ўзяў»;

«Дык дакуль ты, мужык, гэтак будзеш стагнаць, Ужо прыйшла, брат, пара на ўрагоў нападаць».

«Узводзілі паклёп на савецкую рэчаіснасьць і калгасны лад»

У 2005 годзе гісторык Ірына Раманава адшукала верш Калбеева ў сакрэтным аддзеле Асобага сэктару ЦК КП(б)Б. Сёлета апублікавала яго ў сваёй кнізе «Улада і грамадзтва. БССР у 1929–1939 гадах».

У архіве КДБ гісторыку дазволілі папрацаваць з справай Ягора Калбеева. З дакумэнтаў яна даведалася, што маладога паэта арыштавалі ў Менску 31 сакавіка 1937 году і этапавалі ў Магілёў. Хлопец на сьледзтве казаў, што зьбіраўся вучыцца ў літаратурным тэхнікуме. Чытаў творы Купалы, Коласа, Чарота, Броўкі. Іхныя кнігі падчас вобшуку сьледчыя знайшлі ў бацькоўскай хаце — назвалі іх контрарэвалюцыйнай нацдэмаўскай літаратурай, зь якой юнак рабіў паметкі і выпіскі для складаньня «контррэвалюцыйных і тэрарыстычных вершаў».

Ірына Раманава кажа, што ў справе за верш арыштавалі Ягорава бацьку Аўхіма Калбеева, які старшыняваў у калгасе суседняга сельсавету, і дваіх аднавяскоўцаў — Нестара і Тараса Тапанавых. Паводле высноваў савецкага сьледзтва, юнак напісаў твор пад уплывам «антысавецкіх размоваў» дарослых. Бацька ж паэта настойваў, што даведаўся пра сынава захапленьне ўжо пасьля затрыманьня.

Вёска Ананічы

Усе арыштаваныя спачатку прызналі віну, але на судзе адмовіліся ад паказаньняў. Абвінаваўчы прысуд, аднак, сьцьвярджаў, што «будучы варожа настроены да існуючага савецкага ладу, у 1935–1937 гадах сярод калгасьнікаў праводзілі антысавецкую агітацыю, усхвалялі жыцьцё ў старой царскай Расеі і ў фашысцкай Нямеччыне, узводзілі паклёп на савецкую рэчаіснасьць і калгасны лад».

Ягору Калбееву прысудзілі 5 гадоў лягераў. Пакараньне адбываў ва Ўсольлагу, а таксама ў Молатаўскай вобласьці (цяпер Пермскі край). На радзіму не вярнуўся. Памёр у сакавіку 1958 году. Пра тое паведаміла бацьку Ягорава жонка. Яму было няпоўных 40 гадоў. Аўхім Калбееў і аднавяскоўцы Тапанавы атрымалі па 10 гадоў лягераў. Бацьку Ягора выслалі ў Карэлію. У родныя Ананічы ён вярнуўся ў 1947 годзе. Доўга дамагаўся рэабілітацыі. 22 сакавіка 1959 году яго рэабілітавалі.

Апошняя вяскоўка: «Ён чыстую праўду пісаў»

Родная вёска Ягора Калбеева Ананічы знаходзіцца на ўсходзе Беларусі, за 15 кілямэтраў ад Крычава. Упершыню паселішча згадваецца ў XVIII стагодзьдзі.

У допісе «Звяздзе» Ягор Калбееў не называе калгасу, які бальшавікі стварылі ў Ананічах. Паводле зьвестак з фондавага каталёгу дзяржаўных архіваў Беларусі, у вёсцы да 1941 году існавала сельскагаспадарчая арцель «Пралетарскі араты».

Цяпер у Ананічах ніхто не жыве (у 2009-м было 9 жыхароў). З паўдзясятка кінутых і разрабаваных сядзібаў зарастаюць кустоўем і бур’яном. За кілямэтар ад Ананіч у вёсцы Дуброўка яшчэ жывуць 6 чалавек (30 гадоў таму было пад 50). Найстарэйшая 91-гадовая Соф'я Садомава называе сябе апошняй жыхаркай Ананічаў. У 1930-я гады дом яе бацькоў стаяў насупраць сядзібы Аўхіма і Праскоўі Калбеевых.

Соф'я Садомава

Кабета кажа, што Ягор быў найстарэйшым зь дзяцей у сям’і Калбеевых. Паводле яе, у хлопца былі дзьве сястры і брат. Прося ў вайну была падпольшчыцай і загінула. Ганну забілі нацысты ў лягеры для палонных, які базаваўся на тэрыторыі Крычаўскага цэмэнтнага заводу. Лёс Мікоды суразмоўцы невядомы. Паводле вайсковых архіваў, ён зьнік бяз зьвестак у 1943 годзе. Бацькі Аўхім і Праскоўя памерлі ў роднай вёсцы і пахаваныя на мясцовых могілках.

Пра тое, што Ягор пісаў вершы, Соф'я Садомава чула, але іх не чытала. Іншыя жыхары Дуброўкі кажуць, што пра творчасьць Калбеева часьцяком успамінаюць, калі на Радаўніцу зьбіраюцца на могілках. Але і яны зь ягонымі творамі не знаёмыя.

«Чыстая праўда напісана, — рэагуе Соф'я Садомава на верш „Песьня мужыка“. — Але тады за такія словы ўмомант забіралі, і ніхто ня змог дазнацца, куды чалавек прапаў. Людзі маўчалі, бо ў страху жылі».

Вёска Ананічы. Адна з кінутых і разрабаваных хат

Жанчына кажа, што ў той час селянін быў абкладзены падаткамі і «апошняе аддаваў, каб расплаціцца зь дзяржаваю». У 1930-х гадах ейныя бацькі мелі карову, курэй, сьвіней. За іх трэба было аддаць дзяржаве за год 360 літраў малака, 40 кіляграмаў мяса і 75 яек. За 50 сотак зямлі бацькі плацілі гатоўкай. І гэта меўшы дзевяць дзяцей.

«Мы, малыя, працавалі нараўне з дарослымі, а нам хацелася паспаць і пагуляць», — успамінае старая.

У кінутай хаце забыты абраз

«Калі сялянам пачалі даваць пашпарты, яны сталі зьяжджаць зь вёскі»

Па словах жыхароў Дуброўкі, неўзабаве пасьля вайны Ананічы сталі цэнтральнай сядзібай калгасу «Іскра».

85-гадовы Іван Фядосенка кар’еру трактарыста пачаў у новастворанай гаспадарцы. Ён кажа, што хацеў зьехаць зь вёскі ў горад, але яму не давалі пашпарта. Калі ў 1956 годзе прыйшла позва ў войска, то калгас ня меў сродкаў зь ім разьлічыцца. Пасьля службы вымушаны быў вярнуцца ў вёску. Пазьней дастаў даведку, якая дазволіла атрымаць пашпарт і перабрацца ў горад.

Іван Фядосенка

У вёсцы тады было 75 двароў і пад 300 чалавек насельніцтва.

«У калгасах шмат было людзей, — згадвае ён. — Ніхто ж ня мог выехаць зь вёскі. На завод не ўладкуесься, бо калгасьнікаў ня бралі. Рознымі спосабамі даставалі даведкі, каб уцячы з калгасаў».

Іван Фядосенка, як і Соф’я Садомава, кажа, што пасьля вайны даводзілася зьбіраць мерзлую бульбу, зь якой пасьля пяклі бліны. З маленства даводзілася працаваць.

«Са школы прыходжу, а мне кажуць, ідзі гной вазіць, — прыгадвае ён. — А як ня хочаш, то пагражалі абрэзаць агарод».

Паводле Івана Фядосенкі, вясковае жыцьцё стала лепшаць у 1960-х гадах. Тады ў калгасах зьявіліся трактары, меней стала ручной працы. Сялянам пачалі выдаваць і пашпарты. Вёску паволі сталі пакідаць людзі. Пасьля развалу Савецкага Саюзу тутэйшыя паселішчы сталі пусьцець хутчэй. Цяпер землі калгасу «Іскра» ўрабляе сельгаспрадпрыемства «Бель», якое ад Дуброўкі за 5 кілямэтраў.

У Ананічах

«Сьмерці прашу...»

Соф’я Садомава 20 гадоў адрабіла даяркай. Тры разы на дзень даіла па 18 кароў. Сябе яна называе «вечнай калгасьніцай». У савецкі час ёй налічылі пэнсіі 77 рублёў (прыкладна 100 даляраў). Цяпер атрымлівае 603 рублі (300 даляраў). Кажа, што цяперашнія грошы «як вада».

«Пойдзеш у краму, аддасі 100 рублёў, а торба худая, — зазначае яна. — Усё дорага, але ў краме ўсё ёсьць, абы толькі грошы. Як хто не лянуецца працаваць, дык нармальна жыве».

У Дуброўку аўтобусы з Крычава ня ходзяць. Калі трэба даехаць да райцэнтру, то спачатку вяскоўцы адольваюць пехатою чатыры кілямэтры да чыгуначнага прыпынку «Бель». Ад яго дызелем да Крычава. Два разы на тыдзень у вёску прыяжджае аўтакрама.

Разбураны кароўнік — усё, што засталося з калгаснага мінулага Ананічаў

Соф’я Садомава лічыць сябе забытай.

«Да мяне ж павінны прыяжджаць нейкія сацыяльныя работнікі, але не было ні разу іх, — жаліцца яна. — Лекары прыяжджаюць, як выклікаеш. Як маладыя былі, дык патрэбу ў нас мелі, а цяпер старыя нікому не патрэбны».

Жанчына аўдавела трыццаць гадоў таму. У яе тры сыны, ёсьць ужо і праўнукі. У гаспадарцы пяць курэй і столькі ж гусей.

«Мне ўжо хочацца памерці, — нечакана прызнаецца яна. — Мае сёстры і браты паўміралі, а я жыву і сьмерці прашу».

«Калі б вярнуць маладосьць, хаця б гадоў да 60, ды каб здароўе было, жыцьцё нармальнае, і каб грошы былі. Тады б пажыла яшчэ», — дадае вяскоўка.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]