У аўтарытарнай Беларусі грошы трапілі ў зону гіпертрафіраванай увагі.
За грошы можна купіць цэлы востраў, самалёты, верталёты, яхты, дамы, аўтамашыны, шыкоўнае адзенне і абутак, але не душэўны камфорт, не адчуванне бяспекі і лёгкасці існавання ў белым свеце. Часцей на няўтульнасць жыцця скардзяцца людзі, якія маюць прывілеі і вялікае багацце, пiша Сяргей Законнікаў для sn-plus.com.
Амерыканскі пісьменнік Г. Мілер у рамане «Тропік Казерога» напісаў: «…Грошы, усюды грошы, а іх усё мала, і зноў: няма — грошай, меней — грошай, болей — грошай, але грошай, вечна грошай, і, ёсць у вас грошы або няма ў вас грошай, у разлік прымаюцца ўсё тыя ж грошы, і грошы робяць грошы, але што прымушае грошы рабіць грошы?» Закручана складана, па-філасофску! Відаць, на пытанне экстравагантнага літаратара ХХ стагоддзя не адкажа ніхто.
Не прэтэндуючы на тлумачэнне, што такое грошы і як яны ўплываюць на развіццё чалавецтва, абмяжуюся немудрагелістымі думкамі. Мне даўно ясна, што фінансавы прыбытак чалавека павінен быць такім, каб не прыніжалася яго годнасць, каб хапала на ўсе патрэбы. Працаздольнаму грамадзяніну неабходна грошы зарабіць, а дзяржаве — стварыць для гэтага ўмовы. Што тычыцца інвалідаў, старых і малых, то ўсе разам павінны паклапаціцца пра іх праз падаткі ў бюджэт.
У час вандровак па свеце мне давялося гасцяваць у нямецкіх, французскіх, італьянскіх, швейцарскіх, дацкіх, венгерскіх, сербскіх, літоўскіх, латышскіх, грузінскіх, казахскіх, узбекскіх, таджыкскіх сем’ях. А пра суседзяў — украінцаў, палякаў, рускіх — няма чаго і казаць, яны прымалі вельмі часта. Гаспадары былі з розным узроўнем дабрабыту, ад бедных дэкхан у далінах Паміра да нямецкай баранесы або айцішніка-праграміста высокага класа, але адусюль я вынес адну выснову: каб годна жыць, трэба многа і якасна працаваць.
Нават у такой заможнай краіне, як ЗША, дзе маецца найбольш мільярдэраў і мільянераў, асноўная маса людзей не купаецца ў грашах. Нягледзячы на высокія заробкі, прыкладна 78% амерыканцаў жывуць ад зарплаты да зарплаты, бо выплачваюць крэдыты.
Да мільярдаў людзей вялікія грошы не прыйдуць. Проста на ўсіх не хопіць. Яны не бяруцца з паветра, так бывае толькі ў казках. Для новых грошай, як іх ні назаві, усё роўна патрэбны матэрыяльныя рэсурсы, якія маюць межы.
У аўтарытарнай Беларусі грошы трапілі ў зону гіпертрафіраванай увагі, неразумна раздзімаецца іх культ. Такая сітуацыя дэструктыўна ўздзейнічае на баланс патрэбных прафесій, на сацыяльнае і маральнае ўладкаванне грамадства. Шмат моладзі ажыятажна папаўняе міліцыю, КДБ, іншыя спецпадраздзяленні, армію. Цывільныя спецыяльнасці набываюцца не па закліку здольнасцяў і душы, а адпаведна памерам зарплаты і магчымасці яшчэ мець «навар».
Безумоўна, дзяржава павінна мець сілавыя структуры, але ў адэкватнай колькасці, прытым не для падаўлення палітычнай і сацыяльнай актыўнасці, а для аховы межаў, парадку і бяспекі грамадзян.
Трэба мець на ўвазе, што любая дзейнасць, заснаваная на загадах, не спрыяе развіццю моладзі, выяўленню самастойнасці, ініцыятыўнасці, адказнасці. Адна справа паслухмяна выконваць каманды, не ўключаючы розум, не выбіраючы лепшы варыянт рашэння задачы, а другая — працаваць галавой, шукаць, рабіць выбар, рызыкаваць і атрымліваць задавальненне ад створанага.
Самастойнасць развівае не толькі дзелавыя магчымасці чалавека, але і садзейнічае яго палітычнаму і грамадзянскаму сталенню, бо даводзіцца трапляць у складаныя ўмовы, мець стасункі з рознымі структурамі і людзьмі.
Часта чую меркаванне: «Деньги дают неограниченные возможности». Гэты лозунг узялі на ўзбраенне палітыкі, дзяржаўныя службоўцы, сілавікі, дэпутаты, бізнесоўцы. Грашыма аплачваюць крывавую «працу» кілераў, затыкаюць рот сведкам, адмазваюцца ад пакарання за злачынствы, падкупляюць выбаршчыкаў, «улагоджваюць» згаворлівых міжнародных дзеячаў, асабліва актыўна — чыноўнікаў ад спорту.
Але я літаратар, і таму не пагаджаюся з меркаваннем пра ўсемагутнасць «бабла». У людскім існаванні ёсць тэрыторыі, на якіх улада грашовых знакаў заканчваецца. Найперш— гэта сумленнасць, маральная чысціня.
Бацька забітага ў Стаўбцоўскай школе Сашы Раманава сказаў: «Прычына ў адным! Прычына ў нізкамаральнасці сем’яў, бескантрольнасці дзяцей, у абыякавасці ў школе. Нават цяпер многіх хвалюе, чаму я не запатрабаваў кампенсацыю. Штосьці тут не чыста, маўляў. Я не магу ацаніць жыццё свайго дзіцяці ніякімі грашыма. А людзей толькі грошы цікавяць.
І вось у такім грамадстве мы жывем, у такія школы і калектывы ходзяць нашы дзеці. Дзяржаве шкада грошай на ахову дзяцей. Ды і на зарплату настаўнікаў, калі там практычна адсутнічаюць мужчыны-педагогі».
Знясілены горам бацька закрануў самы балючы нерв нашага жыцця. Народныя грошы павінны служыць не злу, не сквапнаму абагачэнню начальніцкай і прадпрымальніцкай касты, а выхаванню творчых, духоўна і маральна спелых людзей, ахове іх здароўя і жыцця. Тады сапраўды будзе мацнець краіна.
Але аўтарытарная ўлада клапоціцца найбольш пра сябе — кідае сродкі на аклады дзяржаўным службоўцам, на фінансавае і тэхнічнае ўмацаванне сілавых структур, дае «смачныя кавалкі» набліжаным бізнесоўцам. Адданым служкам і лізунам — прывілеі, а астатнім мільёнам людзей каманда: «Нечага па халадзільніках поўзаць, лепш глядзіце салюты!»
Тое ж самае адбываецца і ў сацыяльным забеспячэнні. Для асноўнай масы пенсіянераў яно ператварылася ў больш несправядлівую ўраўнілаўку, чым было ў савецкі час. Раскашуюць толькі былыя чыноўнікі і сілавікі, якія служылі ў апошнія 25 гадоў канкрэтнай асобе, а яшчэ падтрыманы хранічныя лайдакі без працоўнага стажу. Нідзе ў свеце такога абсурднага разрыву ў памерах пенсій няма.
Шалёныя грошы, нажытыя незаконнымі, махлярскімі або злачыннымі спосабамі, разбураюць людзей. Яны ператвараюць майстроў у нахлебнікаў, робяць моцных духам — слабымі, нармальных — хлусамі і паклёпнікамі.
Пагоню за лёгкімі грашыма паказальна выявілі выбары ў парламент. «Ціскачы на кнопку, якія зноў захацелі атрымаць «цёплыя і хлебныя месцейкі», нападалі на апазіцыю за нібыта «спажыванне замежных фінансаў». Сабе ў заслугу яны ставяць тое, што жывуць на «родныя» (народныя!) грошы, бо «вельмі любяць Радзіму»...
Грошы — рэч эфімерная, няўлоўная. Сёння ёсць шмат, а заўтра — нуль. Да кожнага чалавека немінуча прыходзіць разуменне, што галоўнае багацце не грошы, а здароўе і час. На стыку двух стагоддзяў з душы выцеклі радкі:
Дзень, які адлятае
Васілю Быкаву
Зноўку змрок, як бяда,
Як адчай, нарастае...
Мне заўсёды шкада
Дзень, які адлятае.
Страх забраў спакваля,
І заснулі ў аблудзе
Залатая зямля
І не горшыя людзі.
Кожны дзень,
Кожны год
Клопат толькі аб шлунку.
Прападае народ,
І няма паратунку.
Столькі можна надзей
Здзейсніць
з праўдай у згодзе,
Нават толькі за дзень...
Можна, ды не выходзіць.
Я гляджу на зямлю,
Ні пра што не пытаю...
Божа, як я люблю
Дзень, які адлятае!
Пачынаючы ад пячорнага перыяду, людзям было няпроста, але цяпер для чалавецтва настаў момант ісціны. Ці зможа яно захаваць сябе на планеце? Перакананы, што ратаваць яго будуць не грошы.
У цяжкіх умовах выжывае той, хто ўнутрана свабодны і здольны на добры ўчынак, хто думае пра будучыню свайго роду і лічыць сябе адказным за яе.