Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Павел Севярынец: Трэба падняць і абудзіць беларускі народ

30.01.2020 политика
Павел Севярынец: Трэба падняць і абудзіць беларускі народ

Палітык распавёў пра планы «А» і «Б».

Пра планы «А» і «Б» , якія распрацавала апазіцыя на перадвыбарчую прэзідэнцкую кампанію, пра крытыку гэтых планаў з розных бакоў, пра магчымасці Плошчы распавядае госць «Радыё Рацыя», сустршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

- Літаральна днямі Вас на паседжанні нацыянальнай Рады БХД вылучылі прэтэндэнтам ад БХД на будучыя прэзідэнцкія выбары. А праз суткі адбылася прэс-канферэнцыя пяці дэмакратыных партый і арганізацый, якія заявілі, што знайшлі паразуменне і запускаюць працэс вылучэння адзінага кандыдата.

- У нас ёсць праблема, якая заключаецца ў тым, што выбараў у нас няма. Таму нават вылучэнне ад некалькіх партый ці арганізацый адзінага кандыдата нічога не вырашае. Няма выбараў, і з гэтым трэба нешта рабіць.

Таму мы і прапаноўваем народнае галасаванне – так званы праймерыз. Народнае галасаванне – гэта цягам двух з паловай месяцаў аб’езд усёй Беларусі, больш чым 80 гарадоў. І выказванне людзей і галасаванне людзей за адзінага лідара.

Адзіны лідар дэмакратычнай апазіцыі можа стаць лідарам удзелу, лідарам пратэсту, лідарам байкоту. У залежнасці ад сітуацыі, якая складзецца. Тое што ў апазіцыі павінен быць адзіны лідар, для мяне сумненняў не выклікае.

Таму што ў выпадку абвастрэння сітуацыі ці форс-мажору, апазіцыя, якая гаворыць 7-10-цю галасамі, гэта нуль. Але калі гэты голас адзін, яго чуваць. І чуваць голас беларускага народа.

Галоўная задача кампаніі «адзінага», на мой погляд, заключаецца ў тым, каб зламаць сцэнар фальсіфікацый і зламаць сцэнар рэжыму яшчэ да таго, як кампанія набярэ хаду. Ставіць пытанне рубам – Ярмошыну ў адстаўку, Лукашэнка не мусіць удзельнічаць у гэтай кампаніі. Тады выбары маюць сэнс. Калі не, то быць падтанцоўкай не мае сэнсу.

І ў нас ёсць план «Б». У выпадку рэпрэсій, нерэгістрацыі «адзінага», закручванні гаек толькі на спектакль – байкот. І гэты байкот можа быць масавым як ніколі.

- А не падаецца Вам занадта складанай і доўгай гэтая працэдура? А раптам Лукашэнка абвесціць выбары ўжо ў траўні ці чэрвені?

- Калі гэта адбудзецца, то трэба будзе працэдуру сціскаць па часе. Абысціся буйнымі гарадамі, скараціць інтэрнэт-галасаванне некалькімі тыднямі. Але гэтую працэдуру, я перакананы, трэба правесці.

Для чаго? Каб набраць сілу. На гэты момант нават аб’яднаных магчымасцяў людзей, якія ёсць ва ўсіх гэтых пяці партыях, і тых, хто прымкне, не хапае, каб зламаць сцэнар фальсіфікацый. Трэба падняць і абудзіць беларускі народ. Я думаю, што патрэбны будуць масавыя пратэсты супраць Ярмошынай, як арганізатаркі гэтых выбараў, і супраць удзелу Лукашэнкі. Вось гэта дзве асноўныя стратэгічныя мэты, якія зараз стаяць перад апазіцыяй.

Не паспелі заявіць пра працэдуру вылучэння «адзінага» пяць дэмакратычных партый, як адразу на іх абрынулася моцная крытыка, у тым ліку негатыўна выказаўся і Зянон Пазьняк. Ён сказаў, што ў гэтых людзей «абсалютна няма сораму. Асабліва непрыемна здзівіў Севярынец, які ўзвысіўся і раптам зноўку зваліўся ў лахань вікаўскай апазіцыі, якая падтрымлівае рэжым і выбары».

- Я вельмі паважаю Зянона Пазьняка і шаную ягоную думку, але тут уся крытыка зыходзіць з таго, што мы ўжо думаем пра працэс так званага лукашэнкаўскага галасавання.

Я настойваю на тым, што асноўныя падзеі адбудуцца ў канцы вясны – у траўні месяцы, калі толькі будзе абвешчана гэта кампанія. Мы не гаворым зараз пра абыход кватэраў і збор подпісаў, пра агітацыю за адзінага кандыдата, мы не гаворым пра падтанцоўку Лукашэнку на выбарах, якія арганізоўвае Ярмошына.

Мы гаворым пра тое, што трэба ўсім разам – і Зянону Пазьняку, і Уладзіміру Мацкевічу, і лідарам партый, і БНК з’яднацца дзеля таго, каб зламаць сцэнар фальсіфікацый. Беларусы, вам патрэбныя вольныя выбары? Вы гатовыя за іх выходзіць на вуліцы, падпісваць петыцыі мільёнамі, для таго, каб зняць Ярмошыну і не дапусціць удзелу Лукашэнкі?

Падчас народнага галасавання мы набяром гэтую сілу і ў траўні, я думаю, прад’явім рахунак гэтай сістэме.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]