Знакамiтая актывiстка выказала сваю пазiцыю.
Вядомая актывістка Ніна Багінская распавяла "Радыё Рацыя" пра свае стасункі з міліцыяй і пастаянныя штрафы, якія ёй налічваюць.
- Я ўжо звыклася са сваім статусам пастаяннага "штрафніка". Учора, напрыклад, выклікалі ў ДАІ, бо ім не падабаецца, што ў Курапатах ля рэстарана "Поедем, поедим" я на дарозе спыняю машыны і запісваю нумары. Але ж я не затрымліваю аўтамабілі, яны затым праязджаюць. А на мяне складаюць пратаколы. Апошнім разам далі без суда 76 рублёў штрафа.
Я, праўда, міліцыянерам выказала ўсё, што думаю і пра іх працу, і пра той ганебны рэстаран, і лекцыю пра Курапаты прачытала. Можа быць, хоць нейкая карысць для людзей будзе ад сустрэчы са мной, бо грошай ад мяне не дачакаюцца. Я не збіраюся фінансаваць гэты рэжым, хаця за штрафы з мяне і вылічваюць 50 адсоткаў пенсіі.
- Колькі вам у гэтым годзе ўжо налічылі штрафаў?
- Не лічыла. Я наагул перастала іх лічыць, калі сума дасягнула 15 тысяч даляраў. Але за снежаньскія акцыі ў падтрымку незалежнасці мне пастаянна давалі штрафы па 50 базавых велічынь – гэта 1350 рублёў (больш за 600 даляраў).
Праваабаронцы спрабавалі падлічыць агульную суму штрафаў за ўвесь перыяд, але я катэгарычна забараніла іх апратэстоўваць, бо за гэта таксама ж трэба плаціць. А мая палітыка такая – гэтаму рэжыму добраахвотна ні капейкі не даваць. Які сэнс нешта абскарджваць, калі нашы суды цалкам падкантрольныя ўладам? А штрафамі яны мяне не запалохаюць.