Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Калі ўстаеш на шлях супраціву дзяржаўнай машыне, прыходзіцца быць ваяром»

31.01.2020 политика
«Калі ўстаеш на шлях супраціву дзяржаўнай машыне, прыходзіцца быць ваяром»

Гісторыя актывісткі Марыны Касінеравай, якая якая свабодна выказвае свае погляды не толькі ў інтэрнэце, але і на вуліцах.

Імёны Марыны Касінеравай і яе мужа Вячаслава часцяком узгадваюцца на старонках беларускіх СМІ. Звычайна гэта навіны, звязаныя з затрыманнямі, штрафамі і судамі. Марына — анархістка, якая свабодна выказвае свае погляды не толькі ў інтэрнэце, але і на вуліцах. «Новы час» пагутарыў з ёю.

Па адукацыі Марына інжынер-будаўнік, але па прафесіі не працуе, бо праз палітычную актыўнасць сутыкаецца з пастаяннымі праблемамі з працаўладкаваннем. Разам з мужам і таварышамі з анархісцкага руху дзяўчына стварыла кампанію салідарнасці з палітычнымі асуджанымі dissidentby. У межах кампаніі збіраюць грошы на перадачкі палітвязням, на дапамогу адвакатаў, здымаюць фільмы (нядаўна выйшаў фільм пра Святаслава Барановіча), пішуць лісты.

— Як даўно ты займаешся палітычнымі вязнямі?

— На самай справе, сістэмнай дапамогай я разам з таварышамі пачала займацца ў мінулым годзе. Праз сваю актывісцкую дзейнасць і ўзаемадзеянне з існуючымі праваабарончымі арганізацыямі нам проста прыйшлося ўзяць на сябе дадатковую адказнасць. Раней мы таксама дапамагалі хлопцам у зняволенні, але гэта была кропкавая дапамога толькі для таварышаў-анархістаў. Затым мы сутыкнуліся з тым, што людзям, якія знаходзяцца пад рэпрэсіямі за палітычныя кейсы, не аказваецца ніякай падтрымкі. Гэта несправядліва, і мы вырашылі выйсці за рамкі ідэалогіі ў плане салідарнасці і ўзаемадапамогі. Чалавек, які праявіў сваю грамадзянскую пазіцыю і свядомасць, не павінен заставацца сам-насам з сістэмай. Калі грамадства імкнецца да развіцця, кожны з нас павінен стаяць гарой за рэпрэсаванага па палітычных матывах. Палітыка — гэта не размовы пра нейкія высокія матэрыі, гэта наша штодзённае жыццё, за якое адказныя мы самі.

Дарэчы, як ні дзіўна, я прыйшла да гэтага праз адукацыю. Я вучылася на інжынера, паралельна ў многіх НДА займалася валанцёрствам, хадзіла на розныя мерапрыемствы. Мне падабалася атрымліваць веды і знаёміцца з людзьмі, якія не замыкаюцца на асабістых паўсядзённых праблемах, а жадаюць якасных змен у грамадстве. Я скончыла ўнівер адной з лепшых у групе, падала дакументы ў замежную магістратуру на больш вузкі напрамак у будучай, як я тады планавала, дзейнасці (мяне цікавілі экалагічныя пытанні) і працягнула жыць у тым жа рытме. Але ў нейкі момант зразумела, што ўсім гэтым атрыманым фармальным і нефармальным ведам проста няма практычнага прымянення, хіба што з вялікімі скажэннямі. Плюс аказалася, што большасці людзей на самай справе і не трэба нешта сапраўды мяняць — яны проста знайшлі зручную і камфортную для сябе жэрдачку ў клетцы. Так, я знайшла сябе ў анархізме.

— Як гэта — быць рэпрэсаванай жанчынай у Беларусі?

— Першы раз я трапіла пад рэпрэсіі ў 2017 годзе падчас «Маршу недармаедаў» у Мінску. У лютым прайшоў першы марш, нікога пасля яго не затрымалі, планаваліся выступы ў сакавіку, мы з таварышамі рыхтаваліся. У гэты момант «лібералізацыя» скончылася і пачаліся масавыя арышты ўдзельнікаў першага маршу. Так, 14 сакавіка я сабрала перадачу на ЦІП і збіралася на працу. У мяне пад акном стаяў сіні мікрааўтобус. Я паведаміла пра гэта праваабаронцам. Мяне затрымалі на пешаходным пераходзе. Мікрааўтобус спыніўся на хаду, адкрыліся бакавыя дзверы, адтуль выбегла некалькі чалавек у форме АМАПу. Людзі вакол ніяк не рэагавалі, я не ведаю чаму. Можа, гэта мікрашок, або страх, ці проста абыякавасць. Мяне запхалі ў машыну і павезлі ў мясцовы РАУС, потым у суд. Пры мне ў РАУС проста раздрукавалі з інтэрнэта фота чалавека ў масцы, маўляў, гэта я, апісалі мае рэчы і павезлі ў суд. У зале пасяджэння была я, суддзя, сакратар і начальнік групы затрымання АМАП. Такая «расстрэльная тройка» вынесла мне рашэнне ў 12 сутак адміністрацыйнага арышту. Я да апошняга не верыла, што ўсё гэта адбываецца менавіта са мной і што з сённяшняга дня начаваць я буду не дома.

Працэдуры афармлення ў ЦІП даволі зневажальныя — цябе прымушаюць распранацца дагала ў халодным памяшканні, з табой абыходзяцца як з абсалютна бяспраўным чалавекам. Цяпер, дарэчы, я адмаўляюся распранацца і стаяць тварам да сцяны, што злуе супрацоўнікаў адміністрацыі яшчэ больш, але нічога сур'ёзнага яны зрабіць не могуць. Адзначу, што я кажу пра ізалятары для адміністрацыйных «парушальнікаў», а не для крымінальных.

Дык вось, мяне пераводзілі кожны дзень у новую камеру (магчыма, каб аказаць псіхалагічны ціск). Жанчыны ў камерах былі розныя — бяздомныя, з алкагольнай залежнасцю і тыя, якія займаліся прастытуцыяй. Некаторыя трапляліся выпадкова, а для некаторых гэта было магчымасцю банальна не застацца на вуліцы. Амаль ва ўсіх няма падтрымкі з боку сваякоў, ім ніхто не прыносіць перадачы, ім ніхто не піша, іх ніхто не чакае. Для жанчыны быць арыштаванай — ганьба ў грамадстве. Калі алкагалізм, прастытуцыя і бяздомнасць прызнаюцца грамадствам як з'ява, то жанчына ў турме — гэта за межамі ўсведамлення і «нормы». Таму жанчыны, якія трапляюць у турмы, максімальна стыгматызаваныя. Калі мужчынам-зняволеным складана сацыялізавацца пасля турмы, то для жанчыны гэта складаней у два разы. Сам інстытут пакарання такі — накіраваны на знішчэнне асобы і ніяк не «выпраўляе». Я ўвогуле супраць падобных сістэм у здаровым грамадстве.

— Займацца палітычным актывізмам ў Беларусі — гэта як?

— У Беларусі займацца небяспечна любой дзейнасцю, якая супярэчыць «лініі партыі». Паглядзіце, колькі ў нас вязняў бізнесменаў, чыноўнікаў і сілавікоў. Раней яшчэ і забівалі. А знікалі без вестак дзясяткі і сотні чалавек, проста пра іх ніхто не памятае. Цяпер, вядома, з-за эканамічных сувязяў з Еўропай крыху лепш, але рэпрэсій усё роўна шмат. Яны проста не такія тапорныя, калі вывез у лес і застрэліў. Цяпер актывіста будуць выжываць і дэсацыялізаваць любымі спосабамі. Напрыклад, Ніна Багінская і Вольга Нікалайчык усе ў штрафах і ўжо не маюць права распараджацца сваёй уласнасцю, з вадой і ацяпленнем у доме праблемы, штрафы ў дзесяць тысяч долараў яны не могуць аплаціць. З гэтага вынікае і наступная перашкода ў плане працы — немагчыма мець пастаянную працу з добрай зарплатай. Збіваюць. Могуць ціснуць на сям'ю. Так, у актывісткі з Маладзечна адпраўлялі ў інтэрнат дачку і цкавалі разнастайнымі праверкамі. Жанчыны-актывісткі падвяргаюцца карнай псіхіятрыі, іх зачыняюць ў лячэбніцы, а потым у чалавека сапраўды з'яўляюцца праблемы з галавой і яны ўжо выглядаюць як гарадскія вар'яты ў вачах грамадства.

Калі займаешся актывізмам, у плане сяброўскіх і сваяцкіх сувязяў усё вельмі проста. Альбо людзі цябе падтрымліваюць, альбо — не. Добра, калі проста адмаўляюцца ад камунікацыі з табой, горш калі пачынаюць наўмысна ставіць палкі ў колы. Былі выпадкі ў маіх таварышаў, калі бацькі выганялі з хаты ці ўвогуле забіралі кватэру, пакуль чалавек быў у турме і паведамлялі ў лісце радкамі «выйдзеш — вырашай, дзе табе жыць». Вельмі злуе, калі табе пачынаюць твае ж бацькі пагражаць міліцыяй. Вельмі рэдка, на жаль, калі бацькі падтрымліваюць — і гэта па-свойму, вядома, каштоўна. Мы рады, калі мама Ігара Аліневіча піша лісты палітвязням, калі мы ходзім у госці да мамы Іллі Валавіка. Гэтыя жанчыны не адвярнуліся ад сваіх дзяцей і прынялі нас, як сваіх. Мы адчуваем іх матчыну падтрымку, і гэта сагравае.

— Што наконт выгарання? Ці здаралася з табой?

— Не ведаю, ці можна назваць гэта выгараннем, але часам накрывае. Асабліва, калі шмат укладвалі ў рух і таварышаў, а людзі ў адказныя моманты падводзяць. Тут бывае задумваешся пра тое, чаму ты гэта робіш, калі вакол усё так кепска. Потым сама сябе абсякаеш ад такіх думак, бо побач са мной ёсць надзейныя і верныя таварышы, а ў свеце шмат людзей, якія працягваюць змагацца, нягледзячы ні на што. Самае галоўнае, што я не змагу інакш, не змагу заплюшчыць вочы на несправядлівасць і жыць «мірным жыццём». Шчырасць з сабой і са сваімі прынцыпамі ўсё-ткі мацней «выгарання».

— Якімі якасцямі павінна валодаць каманда, каб актывісцкая кампанія працавала?

— Людзі, аб'яднаныя ідэяй, у якіх падобныя каштоўнасці і прынцыпы, — гэта вышэй за ўсё. Астатнія цяжкасці пры гэтых умовах будзе лягчэй пераадолець, выхад заўсёды знойдзецца. Наша кампанія салідарнасці dissidentby такая. У нас няма фінансавання, мы не сядзім на заробках, нас саміх рэпрэсуюць рэгулярна, але ў нас ёсць агульная ідэя аб узаемадапамозе. Мы ладзім мерапрыемствы і канцэрты, ходзім на акцыі і мітынгі са скрынкай, каб збіраць рэсурсы на палітвязняў. У нас ёсць палітычны капітал, як у актывістаў, таму многія нас ведаюць і давяраюць.

— Ці часта бываюць здрады з боку аднадумцаў?

— Гледзячы што называць здрадай. Калі чалавек быў актывістам доўгі час, а потым раптам сышоў у «нармальнае» жыццё, то ці можна гэта назваць здрадай? Напрыклад, вас аб'ядноўвала барацьба за экалогію, вы былі супраць карпарацый, супраць дзяржаўных інстытутаў прыгнёту і міліцыі, а потым чалавек сыходзіць працаваць у Нестле, бярэ крэдыт на кватэру і звяртаецца па любым выпадку ў органы — гэта здрада ідэй і прынцыпаў, ці не так?

Калі ты пра больш прыземленыя рэчы, то, вядома, бывае, калі страх аказваецца мацнейшым. Адна справа — чытаць у кніжках пра выдатных рэвалюцыянераў і іх барацьбу, а іншая справа самому быць у цэнтры падзей. Заўсёды здаецца, што самыя жорсткія рэчы могуць здарыцца з кімсьці іншым, а не з табой. Якім бы ты стромкім і класным не быў у плане сваёй бяспекі — гэта цябе не зберагае на сто адсоткаў. Таму, на жаль, некаторых таварышаў рух губляе пасля рэпрэсій. Я згодная, што бывае вельмі складана вытрымаць фізічны гвалт, як гэта было з антыфашыстамі з «Справа сеткі», але хлопцы ўсё роўна знайшлі ў сабе сілы адмовіцца ад паказанняў і агучыць катаванні. У Беларусі пакуль такога не адбываецца, але людзей ламае псіхалагічны ціск, пагрозы блізкім і пагрозы пазбаўлення волі. Тут ніхто не можа паўплываць ні на што. Альбо ў чалавека ёсць унутраны кодэкс гонару, сіла волі і духу, альбо няма. Калі ўстаеш на шлях супрацьстаяння дзяржаўнай машыне, то прыходзіцца быць ваяром, дзе не павінна быць месца слабасцям. Інакш — прайграеш.

Штораз даводзіцца пераадольваць страх. Ты думаеш, я не баюся? Усе баяцца. Пытанне ў тым, што ты з гэтым страхам будзеш рабіць. Важна імкнуцца захаваць свой розум у любых сітуацыях. Гэта вялікая ўнутраная праца над сабой і гэтаму нельга навучыць, на жаль ці на шчасце.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]