Блогер Дуброўскіх расказаў, як кінуў вядро з косткамі пад ногі судзьдзі.
1 лютага віцебскі блогер Аляксандар Дуброўскіх выйшаў з ізалятару часовага ўтрыманьня, дзе адседзеў 15 сутак. На волі блогер расказаў, што «суткамі» яго пакаралі за вядро з косткамі, якое ён кінуў пад ногі судзьдзі Белавуса, паведамляе «Віцебская вясна».
14 студзеня судзьдзя Белавус аштрафаваў блогера на 810 рублёў за ўдзел у менскіх акцыях супраць інтэграцыі.
«17 студзеня мне стала цяжка на душы. І я падумаў, што трэба пайсьці ў суд і выказаць ім усё, што я пра іх думаю. Я ўзяў з сабой вядро, косткі для сабак і пайшоў. Прыйшоў да гэтага судзьдзі і сказаў, што ненавіджу яго за тое, што ён займаецца штампаваньнем гэтых прысудаў. «Гэта вам падарунак», — кажу. І кінуў гэтыя косткі яму пад ногі», — расказаў Аляксандар Дуброўскіх.
Блогер патлумачыў, што сваім учынкам хацеў выказаць пагарду «да гэтых людзей-робатаў, якія штампуюць прысуды». За «косткі для судзьдзі» суд Віцебскага раёну пакараў яго 15 суткамі адміністрацыйнага арышту, прыпісаўшы «хуліганку» і «нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы». Дуброўскіх сьцьвярджае, што ў кабінэце Белавуса не лаяўся, а «праклінаў культурна».
Пра ўтрыманьне ў ізалятары Дуброўскіх кажа, што толькі да «расчляняльнікаў трупаў можна ставіцца так бесчалавечна».
Агулам блогера аштрафавалі ўжо на 2430 рублёў. Пакуль ён адбываў 15 сутак, яго яшчэ двойчы асудзілі за акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй:
20 студзеня — на 810 рублёў за ўдзел у менскай акцыі 21 сьнежня (суд Кастрычніцкага раёну Віцебску),
29 студзеня — на 810 рублёў за ўдзел у віцебскім пікеце 29 сьнежня (суд Чыгуначнага раёну).
Цягам сьнежня і пачатку студзеня ў гарадах Беларусі ішлі суды за акцыі пратэсту. За сьнежаньскія акцыі раней 13 чалавек былі асуджаныя агулам на 375 сутак арышту, аштрафаваныя на 129 тысяч рублёў.