Незвычайная гісторыя з Маладзечна.
Жыхар Маладзечна, ветэран вайны ў Афганістане Антон Валуевіч за 13 гадоў выпрабаваў усе спосабы змагання за паляпшэнне жыллёвых умоў: ад зваротаў да пікетаў і галадовак, але ад уладаў увесь час чуў толькі абяцанні, піша журналістка «Новага часу» Дзіяна Серадзюк.
Антон Валуевіч распавядае, што трапіў на вайну ў Афганістан 18-цігадовым хлопцам у траўні 1980-га года і прабыў там сем месяцаў. Цяпер, праз столькі гадоў, ён кажа, што не пажадае перажыць гэтага нават самаму лютаму свайму ворагу.
— Мы былі проста дзеці. Нам казалі, што мы — міратворцы, будзем ахоўваць межы. Ахова скончылася тым, што я практычна калека. І калі цела зажывае, то з сэрца ўспамінаў не выкінеш. І цяпер, атрымліваецца, што ніхто не вінаваты, а ты рабі, што хочаш, — кажа мужчына.
Падчас службы Антон Валуевіч атрымаў цяжкую кантузію. Пасля, у 35 гадоў, яго зваліў інсульт — даводзілася наноў вучыцца хадзіць, размаўляць, думаць. Але мужчына даў сабе слова, што ўстане на ногі — і зрабіў гэта.
— Тады маладзечанская МРЭК адмовілася даваць мне групу інваліднасці і адправіла на абласную камісію. Там мяне абследавалі. У мяне перабітыя ногі: у адным сцягне — куля, у другім — нож. Мне далі пажыццёвую інваліднасць. Дзе яшчэ такое бывае — каб чалавеку, які ходзіць, давалі інваліднасць бестэрмінова? Людзей без ног выклікаюць на камісію штогод! — заўважае Антон Мечыслававіч і паказвае пасведчанне аб інваліднасці.
Цяпер Антон Валуевіч жыве ў Маладзечне ў інтэрнатным пакоі. Больш за 13 гадоў ён дамагаецца ад дзяржавы паляпшэння жыллёвых умоў. У 2008 годзе ён прыязджаў у Мінск на сустрэчу з Уладзімірам Макеем, які на той час займаў пасаду кіраўніка адміністрацыі Лукашэнка. Пасля гэтага, па словах мужчыны, Макей даў указанне цягам года забяспечыць Валуевіча жыллём, а да гэтага часова пасяліць яго ў інтэрнаце. Гэтае «часова» цягнецца да сёй пары, а чыноўнікі толькі кормяць абяцанкамі. Спачатку яго ставілі на чаргу тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, потым з невядомых прычын здымалі з яе. Таксама Антон Валуевіч быў уключаны ў жыллёва-будаўнічы вытворчы кааператыў, але быў выключаны адтуль за нясплату ўнёскаў. Кажа, не мог заплаціць, бо ляжаў у бальніцы і ўсе заробленыя грошы сыходзілі на лячэнне. Справа ў тым, што з войска ён прывёз гепатыт С, які да нядаўняга часу быў невылечным. Толькі год таму ён пазбавіўся ад хваробы.
— У мяне сям’я, але мы з жонкай жывем асобна, яна не можа жыць у інтэрнаце! Цяпер яна жыве са сваёй мамай і былым мужам. А яшчэ ў мяне мама, ёй 93 гады, я хачу забраць яе да сябе, — тлумачыць Антон Валуевіч жаданне атрымаць уласнае жыллё.
Раней ветэраны вайны ў Афганістане мелі шэраг ільготаў ад дзяржавы, у тым ліку маглі прэтэндаваць на бясплатнае жыллё. Але ў 2008 годзе былі ўнесеныя змены ў закон «Аб ветэранах» і многія прывілеі, у тым ліку на жыллё, афганцам скасавалі.
Цяпер, як удзельнік вайны, Антон Валуевіч мае субсідыю ад дзяржавы. А паколькі ён пражыў у інтэрнаце больш за 10 гадоў, то мае права яшчэ і на дзяржпадтрымку. Такім чынам можна было пабудаваць кватэру — але ў гэтым, па словах Валуевіча, яму адмовілі, больш за тое, напісалі, што ён адмовіўся ад прапановы будаўніцтва сам.
— Я нармальны чалавек, калі б мне прапаноўвалі будавацца за свае грошы з дзяржаўнай падтрымкай — хіба я б адмовіўся? — пярэчыць мужчына.
Адмовіўся ён хіба што ад прапановы пасяліцца ў інтэрнаце ў вёсцы Мароські Маладзечанскага раёна — кажа, там жывуць былыя зняволеныя.
Антон Мечыслававіч ужо выкарыстаў усе магчымыя формы дыялогу з уладамі: ад зваротаў і сустрэч да галадовак і пікетаў. Летась у лістападзе Антон Валуевіч выйшаў з плакатам да Маладзечанскага райвыканкама, яго затрымалі на дзень, а потым пакаралі штрафам. Пасля гэтага ў рэгіянальных СМІ сталі пісаць, нібыта Валуевічу неаднаразова прапаноўвалі жылплошчу, а ён ад усяго адмаўляўся.
Таксама, са спасылкай на старшыню маладзечанскай раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Ігара Арабея, газета піша, што Валуевіч меў званне старшага сяржанта, быў дальнамершчыкам Вайсковай палявой пошты 696 у 201 дывізіі артылерыйскага палка. Але Антон Валуевіч сцвярджае, што гэта — хлусня: ён служыў у роце спецназа ДРУ у складзе міратворчага корпуса ў трэцім гвардзейскім разведвальным батальёне і меў званне старшага лейтэнанта. У доказ сваіх словаў паказвае дакумент з цэнтральнага архіву Мінабароны Расіі.
Паведамляецца таксама, што інваліднасць Валуевіча не звязаная з баявымі дзеяннямі. На гэта спасылаюцца і чыноўнікі, выключаючы Валуевіча з асобнага спісу грамадзян, якія маюць права на сацыяльнае жыллё.
— У тыя часы мы давалі страшныя распіскі, што не дай Бог мы камусьці скажам, што былі параненыя — не будзе ні інстытута, нічога. Я спрабаваў атрымаць афіцыйнае пацверджанне, звяртаўся ў Маскву, але адтуль прыйшлі адказы, што да 1981 года вайны ў Афганістане як такой не было, — тлумачыць мужчына адсутнасць доказаў раненняў падчас баявых дзеянняў.
Ветэран перакананы, што ён мае рацыю і збіраецца змагацца за жыллё да канца. Ён згодны ўжо нават не на аднапакаёвую кватэру, а на блок у інтэрнаце, але і ў гэтм яму адмаўляюць, бо, паколькі ён пражывае адзін, жыллё большай плошчы яму прадаставіць не могуць.
«Новы Час» спрабаваў звязацца з адказнай за жыллёвую сферу намесніцай старшыні Маладзечанскага райвыканкама Святланай Валько, каб атрымаць афіцыйны каментар адносна сітуацыі Антона Валуевіча. Аднак па тэлефоне Святлана Уладзіміраўна адказваць на пытанні адмовілася, а на пісьмовы запыт мы так і не атрымалі адказу.
Чарговы спадзеў Антон Валуевіч атрымаў 4 лютага, калі прыйшоў на прыём да інспектара па Мінскай вобласці Ігара Яўсеева. Той паабяцаў ветэрану, што яго жыллёвае пытанне станоўча вырашыцца цягам 10 дзён.
25.06.2026
США впервые применили на учениях украинский морской дрон, подорвавший 10 московитских кораблей
25.06.2026
«Лукашенко с криком «Валодзя, Валодзенька, прасти старага дурака» полез с отверткой на вышку»
24.06.2026
Франция, Германия, Польша, Великобритания и Италия согласовали пять ключевых приоритетов перед саммитом НАТО