Яго ўсталявалі на будынку гімназіі, дзе вучыўся знакаміты паэт.
У Наваградку на будынку былой дамініканскай гімназіі, дзе вучыўся вялікі паэт Адам Міцкевіч, урачыста адкрылі яго барэльеф. Урачыстае адкрыццё адбылося 8 лютага на тэрыторыі касцёла Святога Архангела Міхаіла, перадае «Радыё Рацыя».
Барэльеф Адама Міцкевіча мог пайсці на металалом, але яго адшукалі наваградчане мінулай восенню і перадалі касцёлу, дзе яго аднавілі і ўстанавілі на будынку былой дамініканскай гімназіі. Аўтар барэльефа – невядомы, а быў зроблены ён напачатку ХХ стагоддзя.
Падчас адкрыцця барэльефа Адаму Міцкевічу консул Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні Яраслаў Ксенжак сказаў, што адкрыццё памятнага знаку Адаму Міцкевіча – важная падзея для нашай агульнай гісторыі.Спадчына Адама Міцкевіча належыць усяму свету, але пачалося ўсё менавіта тут, у Наваградку.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел жыхары Наваградчыны, а таксама госці з іншых рэгіёнаў Беларусі і Польшчы. А таксама епіскап Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч і епіскап Пінскай епархіі Антоній Дзям’яненка.